Абарані слабых, калі адчуваеш сябе моцным.

Карл і Розачка

Ужо даўно нібы сам сабой склаўся міт пра дваістасьць беларускага жыцьця. Два календары — грыгарыянскі ды юліянскі, дзьве Беларусі — заходняя і ўсходняя, дзьве душы…У наш час зьявіліся дзьве канстытуцыі, два парлямэнты і нават два адзіныя кандыдаты ад апазыцыі.

Тым ня менш, пры больш уважлівым падыходзе, выяўляецца, што гэтая зьява мае зусім не беларускія карані. Дакладней — ня толькі беларускія. Шмат што трывала ўвайшло ў наш побыт і грамадзка‑палітычную міталёгію за савецкім часам. Ды так і загразла ў сьвядомасьці.

Зразумела, мы памятаем — як не памятаць, што марксісцка‑ленінская філязофія (і тут два ў адным!) мае тры крыніцы і тры складовыя часткі. Аднак, масавая сьвядомасьць, асабліва, калі гэта сьвядомасьць масы масаў, паводле сваёй схемы нагадвае кампутар, у аснове працы якога ляжыць прынцып дваістай сыстэмы зьлічэньня:1 — 0, так — не. Можна працягнуць: за — супраць, свой — чужы… І той, хто хоча маніпуляваць падобнай сыстэмай, ахвотна карыстаецца гэтым прынцыпам. Прычым, як у адносінах да «сваіх», гэтак і «чужых». (Ад перастаноўкі гэтых паняткаў месцамі сума не зьмяняецца.) Так, на зьмену Марксу і Энгельсу прыйшлі Ленін і Сталін. Але ж і ворагі звычайна хадзілі парамі: Зіноўеў і Каменеў, Бухарын і Рыкаў, вэйсманісты‑марганісты. Толькі Троцкі стаяў як бы адасоблена — бо яму адводзілася роля антаганіста вялікага правадыра Сталіна. За што яму і раскроілі напалам чэрап ледарубам.

Ну, а потым лік ворагаў пайшоў ужо на тузіны.

І заўсёды ў першых шэрагах заставаліся марксісты‑ленінцы. Як казаў стары менскі кравец з успамінаў майго бацькі: «Марксісты‑ленінцы… Адны — марксісты, другія — ленінцы…» Нават вычварэнскае «партыя і Ленін — блізьняты‑браты» (!) успрымаліся народам як цалкам нармальная мэтафара.

У савецкіх назвах вуліцаў у кожным горадзе прысутнічаюць ня толькі аднолькавыя прозьвішчы бальшавікоў, тры К — Калінін, Кіраў, Куйбышаў. Ёсьць яшчэ абавязковая пара вуліцаў, знаёмая кожнаму зь дзяцінства: Карла Лібкнехта і Розы Люксэмбург. Свайго роду камуністычны варыянт Рамэа і Джульеты. І нікому ўжо даўно няма справы да абставінаў трагічнай гібелі гэтых дзеячаў нямецкай сацыял‑дэмакратыі, асабістае жыцьцё якіх ніяк не перасякалася. Ніводзін карэнны менчук ня зьдзівіцца, пачуўшы словы: я еду на «розачку», ці я жыву на «карлачкі». А каго зьдзіўляюць назвы кшталту завод «Серп і Молат», ці алоўкі «Сака і Ванцэці»?

«Мы красные кавалеристы…»

Сваё ганаровае месца ў гэтай галерэі дваістых адлюстраваньняў (як неабходнай часткі дурной бясконцасьці) займаюць вясновыя сьвяты 23 Лютага і 8 Сакавіка. Успомніць пра Дзень абаронцы Айчыны і Ўзброеных Сілаў Беларусі (бачыце, зноў два суб’екты ў адным сьвяце) з новай сілай прымусіла сьвяткаваньне 90‑годзьдзя тых Узброеных Сілаў. Іх гісторыя афіцыйна атаясамліваецца з гісторыяй Савецкай Арміі. Да «юбілею» быў прымеркаваны адмысловы дакумэнтальны фільм «Салдаты Радзімы», які выйшаў на канале СТВ. У стварэньні яго ў якасьці кансультантаў бралі ўдзел беларускія навукоўцы‑гісторыкі. Іхныя прозьвішчы і навуковыя ступені пазначаныя ў тытрах пры канцы фільму.

Але ж пытаньне — якое дачыненьне Ўзброеныя Сілы сучаснай Беларусі маюць да Савецкай альбо Чырвонай Арміі, і прычым тут 23 лютага — так і застаецца без адказу.

Цікавы аналіз паходжаньня гэтай даты падаў у расейскай праграме радыё «Свабода» Ўладзімер Тольц. Выяўляецца, што няма за ёй, па‑сутнасьці, ніякай гісторыі. 28 студзеня 1918 году выйшаў дэкрэт за подпісам старшыні Саўнаркаму Леніна аб стварэньні рэгулярнага войска. Здавалася б — чаму б бальшавікам ня ўзяць гэтую дату і не адзначаць яе? Але адбыўся бюракратычны збой. Адзін з бальшавіцкіх правадыроў Каменеў на нейкай нарадзе прапануе разгледзець пытаньне пра сьвяткаваньне дня Чырвонай Арміі на паседжаньні 17 лютага, потым гэтае пытаньне пераносіцца на 23‑га… Ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў так і не прызначана. Не да таго, відаць, было. Акурат у тыя дні немцы пад Псковам моцна б’юць насьпех сфрамаваныя часці РККА. А ўжо 5 сакавіка вядомы бальшавіцкі камісар Дыбенка ўцякае з фронту пад Нарвай і ледзь не трапляе пад вайсковы трыбунал.

Пра ўсё гэта пісалася раней, і не аднойчы. Але тут варта згадаць, што падзеі зімы—вясны 1918‑га году падчас Першай усясьветнай вайны мелі сапраўды гістарычнае значэньне. І ня толькі для Расеі, але, у першую чаргу, для Беларусі. На самым канцы сьнежня 17‑га бальшавікі разганяюць Першы ўсебеларускі зьезд. А ўжо 21‑га лютага 18‑га зьяўляецца Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі, фармуецца першы беларускі ўрад. Неўзабаве Трэцяя Ўстаўная грамата абвесьціць стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта стане магчымым не ў апошнюю чаргу ў выніку наступу нямецкіх войскаў.

Але пачатак беларускай дзяржаўнасьці, 90‑годзьдзе БНР сучасную афіцыйную прапаганду не цікавіць. Дарэчы, не цікавіць яе, насамрач, і гісторыя РККА, якую стварыў і праславіў Леў Троцкі. (Менавіта яму прыпісваюць, між іншага, ідэю выбраць эмблемай войска пяціканцовую чырвоную зорку, перагорнутю канцом уніз.)

Дзяржаўная прапаганда прысьвячае фільм «салдатам радзімы». Быццам размова вядзецца пра нейкую абстрактную радзіму, а не пра Беларусь. У фільме гаворыцца і пра нейкага «абстрактнага ворага», які пагражае ёй з Захаду і якому ў кожную хвіліну можа даць адпор войска, «трэцяе паводле сілы ў СНД».

Простая баба

Калі ж вяртацца да тэмы даты 23 лютага, дык яна мела і мае роўна столькі сэнсу, колькі дзень 8 сакавіка. Дарэмна шукаць сэнс гэтага бальшавіцкага сьвята ў нейкіх старажытна‑рымскіх сатурналіях альбо ў асобе Клары Цэткін. (Але як жа на яе забудзесься — акрамя «розачкі» і «карлачкі» ёсьць жа ў нас і «кларачка».) Яны, гэтыя сьвяты, маюць значэньне менавіта ў сваім тандэме. Рабочы і калгасьніца, серп і молат, Дзень Савецкай Арміі і Дзень міжнароднай салідарнасьці жанчынаў — ім наканавана было заўсёды стаяць побач і сымбалізаваць сабой адзінства. Адзінства чаго і каго? Ну, ясна — партыі і народу. Непарушны блёк камуністаў і беспартыйных.

«І вось стаю я перад вамі, простая расейская баба…» Гэтыя словы гераіні фільма «Член ураду» былі, можна сказаць, квінтэсэнцыяй савецкай жанчыны. І таго сьвята, якое савецкія жанчыны, а разам зь імі і савецкія мужчыны, мусілі сьвяткаваць.

Вядома, зь цягам часу акцэнт у сьвяткаваньні перасунуўся з «міжнароднай салідарнасьці» (што, дарэчы, зусім неблагая зьява сама па сабе) на жанчынаў. Але ўсё адно на ім заставалася кляйно афіцыёзу, чагосьці саладжава‑казённага, як шакаляд «Алёнка» ці парфума «Красная Москва». Характэрны жарт позьнесавецкага часу: выпусьцілі партыю новай жаночай парфумы «Вось салдаты ідуць». Чым не ідэальнае спалучэньне 23 лютага і 8 сакавіка?

Нягледзячы на ўсе спробы начальства ачалавечыць «жаночае сьвята», на ім заставаўся налёт нейкай штучнасьці. Вось дзень шахтара, вось дзень чыгуначніка, вось дзень работніка гандлю. А вось і прафэсійнае жаночае сьвята. Сьвята ткачых і домработніц, даярак і камсамольскіх важатых, кладаўшчыц і парадзіх. Усім ім трэба дарыць кветкі й казаць харошыя словы. За іх можна й трэба выпіваць. І вось ужо жанчыны самі не адстаюць ад мужчынаў ва ўменьні «нарэзацца» да непрыстойнага стану ў гонар сацыяльна‑полавага сьвята.

Ва ўсім гэтым віны жанчынаў, вядома, няма. Ёсьць віна мужыкоў, якія перасталі адчуваць сябе мужчынамі. Яны адчуваюць сябе адно толькі падначаленымі альбо начальнікамі (зноў той самы «дуалізм» сьвядомасьці: ты начальнік — я дурак, і наадварот). Альбо, можа, абаронцамі айчыны, альбо «часткай агульнай справы», альбо яшчэ чымсьці… Але толькі не людзьмі, не індывідуальнасьцямі, якія могуць і павінныя несьці адказнасьць у дачыненьні да іншых. Найперш —да маці, да каханай жанчыны. Ніхто не забараняе цалаваць любімых і дарыць ім кветкі 8 сакавіка. Як і ў кожны іншы дзень усё жыцьцё.

Але для гэтага спачатку трэба адчуць сябе чалавекам, а ня проста «карысным членам грамадзтва» ці «абаронцам узброеных сілаў». Ад чаго іх абараняць?

Абарані слабых, калі адчуваеш сябе моцным. Для гэтага ня трэба чакаць ніякіх датаў і сьвятаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?