Паўсюдна аказваць падтрымку прадпрыемствам дзяржава не мае намеру, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, адказваючы на пытанні БелаПАН на прэс-канферэнцыі 4 жніўня ў Мінску. 

«Дзяржава павінна аказваць падтрымку ў апошнім выпадку, і то выбарачна», — падкрэсліў Калаур. 

У той жа час, канстатаваў ён, суб'екты гаспадарання сфарміравалі чаканні, што дзяржава іх падтрымае. «Многія прадпрыемствы чакаюць, што атрымаюць падтрымку дзяржавы. Але мы разумеем, што магчымасці дзяржавы абмежаваныя, з іншага боку, неабходна заахвочваць прадпрыемствы самастойна шукаць выйсце з сітуацыі, што склалася», — сказаў Калаур. 

На яго думку, магчымасці паляпшэння эканамічнага становішча ў рэальным сектары існуюць. «Магчымасці прадпрыемстваў, у прыватнасці, звязаныя з іх рэструктурызацыяй у частцы зніжэння выдаткаў і аптымізацыі бізнес-працэсаў», — растлумачыў галоўны банкір. 

У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Лапко паведаміў, што сітуацыя ў рэальным сектары пастаянна разглядаецца ў межах так званага Клуба крэдытораў, у які ўваходзяць прадстаўнікі прадпрыемстваў, банкаў і органаў дзяржкіравання. 

«Дзейнасць Клуба крэдытораў скіраваная на зніжэнне рызыкаў для крэдытораў і пазычальнікаў. Першапачаткова ў межах клуба разглядалася сітуацыя на 106 прадпрыемствах, якія выступаюць буйнымі пазычальнікамі. Пасля іх колькасць была пашыраная. Клуб працягвае сваю працу, і пры неабходнасці праводзяцца пасяджэнні, калі трэба разгледзець сітуацыю ў рэальным сектары», — сказаў Лапко. 

Нагадаем, у канцы чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прыняў шэраг указаў з мэтай рэфінансавання завінавачанасці буйных прадпрыемстваў машынабудавання перад банкамі. Дзяржава дала гарантыі банкам у частцы пагашэння завінавачанасці суб'ектаў гаспадарання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?