У 1994 годзе падчас выбарчай кампаніі аўтара гэтых радкоў паклікалі на тэлепраграму БТ, дзе задалі пытаньне, ці прыйдуць выбарнікі на выбары. Я адказаў, што, безумоўна, прыйдуць, паколькі на прэзыдэнцкіх выбарах беларусы абіраюць ня нейкіх ня вельмі зразумелых ім дэпутатаў, а бацьку. 

Сказаў трошкі жартам. Але неўзабаве пасьля гэтага, ужо пасьля выбараў, новасьпечаны тады кіраўнік дзяржавы заявіў у інтэрвію Андрэю Каравулаву: «Я для беларусаў не прэзыдэнт, я для беларусаў бацька».

Потым гэта вызначэньне цытавалі незьлічоную колькасьць разоў — як з плюсам, гэтак і з іроніяй і зьдзекам. Але яно і на самай справе даволі дакладна перадае стаўленьне беларусаў да вярхоўнай улады.

Прычым, не асабіста да Аляксандра Лукашэнкі, а да вярхоўнай улады як такой. 

Гэта, у прыватнасьці, выяўляецца ў больш высокай яўцы менавіта на прэзыдэнцкія выбары, што фіксуецца і афіцыйнымі дадзенымі ЦВК, і вынікамі сацыялягічных апытаньняў.

І матывы ўдзелу ў выбарах у гэтай непалітызаванай большасьці могуць быць вельмі своеасаблівыя. Для некага выбары, якога б характару яны ні былі, гэта альтэрнатыва безуладзьдзю, хаосу, вайне ўсіх супраць усіх. Для іншых гэта своеасаблівая прысяга на ляяльнасьць ня столькі дзейнаму кіраўніку дзяржавы, колькі сваёй дзяржаве як такой, нароўні з выплатай падаткаў і службай у арміі. Для трэціх — абавязак і магчымасьць раз у 5 гадоў паўдзельнічаць сваім голасам у кіраваньні дзяржавай, у «агульнай справе» (па латыні res publica), выказаць свае адносіны да таго, як ідуць справы ў дзяржаве. Гэтая магчымасьць для многіх ўяўляе каштоўнасьць не таму, што, на іх думку, гэтая магчымасьць уплыву на хаду дзяржаўных справаў рэальная, а таму што іншыя ўяўляюцца менш прымальнымі.


У тым жа чэрвеньскім апытаньні НІСЭПД на пытаньне, які варыянт пераменаў у Беларусі ўяўляецца пажаданым, 10% назвалі вулічныя пратэсты, 28% — рэфэрэндум, а 49% (амаль кожны другі) — выбары. Ну дык вось на выбары людзі і гатовыя ісьці.



Згодна з ужо цытаваным чэрвеньскім апытаньнем НІСЭПД, падчас яго правядзеньня за Аляксандру Лукашэнку былі гатовыя галасаваць 39% апытаных (закрытае пытаньне), за пяцёрку яго апанэнтаў (Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Сяргей Калякін, Тацьцяна Караткевіч, Анатоль Лябедзька) у суме — 24%. Амаль кожны чацьвёрты выбарнік — гэта меншасьць, але досыць вялікая. Дарэчы, паводле апытаньняў к верасьні 2010 году (за 3 месяцы да выбараў) за 14 апанэнтаў А. Лукашэнкі (сярод якіх былі як тыя, што ўзялі ўдзел у выбарах, гэтак і тыя, што не ўзялі) былі гатовыя галасаваць 27% рэспандэнтаў. Гэта ня вельмі адрозьніваецца ад сытуацыі гэтага году таксама за 3 месяцы да галасаваньня і сьведчыць хутчэй пра стабільнасьць электаральнага ляндшафту — альтэрнатыву выбірае прыкладна чвэрць беларусаў.


Уяўляе цікавасьць аналіз таго, хто які выбар робіць. 



Табліца чытаецца па гарызанталі, дадзеныя прыводзяцца ў працэнтах, апазыцыйная альтэрнатыва — сумарны электарат С. Калякіна, Т. Караткевіч, А. Лябедзькі, У. Някляева і М. СтаткевічаТабліца чытаецца па гарызанталі, дадзеныя прыводзяцца ў працэнтах, апазыцыйная альтэрнатыва — сумарны электарат С. Калякіна, Т. Караткевіч, А. Лябедзькі, У. Някляева і М. Статкевіча



Дзейны прэзыдэнт мае пераканаўчую перавагу сярод «слабых» сацыяльна-дэмаграфічных групаў — асобаў сталага ўзросту, зь нізкай адукацыяй, жыхароў вёскі. 

Кантрастнымі фактарамі аказваюцца геапалітычны выбар і адчуваньне абароненасьці / неабароненасьці ад свавольства дзяржструктураў: сярод тых, хто робіць выбар на карысьць Расеі і ня скардзіцца на чынавенскае свавольства, А. Лукашэнка пераўзыходзіць апанэнтаў у разы, сярод праэўрапейцаў і тых, хто свавольства ўлады заўважае, кіраўнік дзяржавы прыкметна саступае аб’яднанай альтэрнатыве.


Насуперак распаўсюджанаму ўяўленьню пра ўплыў на палітычны выбар эканамічных умоваў, з прыведзеных дадзеных відаць, што большы ўплыў аказваюць каштоўнасьці, у прыватнасьці, ўяўленьні аб справядлівасьці дзяржавы і правільнасьці абранага геапалітычнага курсу. Эканамічнае становішча, зразумела, таксама ўплывае, але і крызіс не пазбаўляе надзеі на тое, што зь ім справіцца і дзейная ўлада. А вось адчуваньне несправядлівасьці, няправільнасьці ва ўнутранай і зьнешняй палітыкі спараджае гатоўнасьць аддаць перавагу альтэрнатыве.


Прэзыдэнцкія выбары ў любой краіне — не самы спрыяльны спосаб для таго, каб голас меншасьці быў пачуты. І ў дэмакратычных і ў ня вельмі дэмакратычных краінах прынцып гэтых выбараў — пераможца атрымлівае ўсё. Аднак гэта момант, калі меркаваньне меншасьці можа быць выразна агучанае і пачутае прынамсі ўсім грамадзтвам. І пераможцам на выбарах таксама.

Бінарны набор «перамога-параза» не вычэрпвае вынікі палітычнага працэсу.

Як сьпяваў Уладзімір Высоцкі ў сваёй «Алісе ў краіне цудаў»: «Что остается от сказки потом, после того, как ее рассказали?» Што застанецца ад «казкі» беларускіх выбараў-2015?

Бінарны набор «перамога-параза» не вычэрпвае вынікі палітычнага працэсу. Гісторыя ведае выпадкі, калі меншасьць не перамагала, але прымушала з сабой лічыцца, зьмяняла стаўленьне, меркаваньне большасьці і ўлады. На выбарах 2015 гэта было б, мабыць, аптымальным і пры гэтым у прынцыпе дасягальным вынікам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?