Праўную ацэнку Закону аб правілах беларускай артаграфіі дадуць, спадзяюся, юрысты. Адзначу толькі, што ў рэзалюцыі «круглага стала», ладжанага ТБМ летась у верасьні, адзначалася: законапраект мае дыскрымінацыйны характар, бо патрабуе захаваньня нормаў ад карыстальнікаў беларускае мовы, не вымагаючы таго ж ад карыстальнікаў расейскай.

Але тут хацелася б зьвярнуць увагу на іншыя бакі дакумэнту.

Прамоўтараў законапраекту пытаюць: «Ці ёсьць прэцэдэнты замацаваньня артаграфічных правілаў у форме закону?» — «Ёсьць, — адказваюць тыя. — Напрыклад, у Францыі караюць за ўжываньне амэрыканізмаў». Такі адказ разьлічаны на тых, хто не адрозьнівае артаграфіі ад лексыкі: судзіць не за словы, а за велічыню літары (прыкладам у слове Герб) — гэта, несумненна, нашае мясцовае know how (от парадуюцца геральдысты!).

Калі ўжо беларускія заканадаўцы — ідучы за прыкладам сваіх францускіх калегаў — сапраўды дбалі б пра чысьціню роднае мовы, то забаранялі б не дэрусіфікаваны клясычны правапіс, а — русізмы, якімі стракацяць афіцыйныя выданьні.

«І ўсё ж такі, — не суцішваюцца некаторыя, — ці патрабуюць такія спэцыфічныя пытаньні, як напісаньне той ці іншай літары, рэгуляваньня ажно на ўзроўні закону?» Ужо больш мэтазгодным выглядаў бы Закон «Аб унясеньні зьменаў у працу сэмафораў Беларускае чыгункі» — хоць спрыяў бы бясьпецы руху.

Аўтары законапраекту спрабуюць знайсьці ў такім салідным фармаце рэгуляваньня артаграфіі ды пунктуацыі, як закон, хоць нейкі сэнс: маўляў, чым больш унармаванаю будзе мова, тым шырэй яна будзе выкарыстоўвацца. Але ж насамрэч унармаванасьць ніяк не ўплывае на ўжывальнасьць, інакш найбуйнейшыя мовы сьвету: ангельская, гішпанская, арабская — ня мелі б шанцаў на выжываньне. Норма й распаўсюджанасьць знаходзяцца ў прынцыпова іншай залежнасьці: чым большае пашырэньне атрымлівае мова, тым у большай колькасьці і разнастайнасьці рэгіянальных і — што асабліва істотна — сацыяльных варыянтаў яна існуе.

Прасякнуўшыся аптымізмам законатворцаў, паспрабуем уявіць сабе той прасьветлы дзень 1.09.2010, калі Закон «уступіць у сілу»: колькасьць беларускіх школаў вырастае ўдвая; АНТ «вяшчае» выключна на роднай мове; амапаўцы, футбалісты, дзяўчаты са «стомэтроўкі», Гарант — усе ў адзіным парываньні пачынаюць карыстацца крынічнаю матчынай моваю! Фанфары! Заслона.

А што засталося за кадрам? Санкцыі супраць тых, хто не падпарадкаваўся Закону. Вось тут узьнікае, скажам так, «працэсуальны» аспэкт: паводле чаго, паводле якіх кодэксаў будзе вызначацца правільнасьць—няправільнасьць канкрэтнага моўнага акту?

Яшчэ ў 1987 г. акадэмік Бірыла ў прадмове да «Слоўніка беларускай мовы» — галоўнага артаграфічнага даведніка «наркамаўкі» — прызнаваў, што для далейшага ўнармаваньня беларускае літаратурнае мовы мала выдаць артаграфічны слоўнік — трэба скласьці таксама артаэпічны (вымова) і акцэнтуацыйны (націск). За дваццаць гадоў гэтыя выданьні так і не зьявіліся. Выглядае неімаверным, каб да запаветнай даты 1.09.2010 такую тытанічную працу ўдалося ажыцьцявіць. Ня кажучы ўжо пра тое, што з азначанага моманту нават той жа «Слоўнік беларускай мовы» ператворыцца ў макулятуру.

Ды што артаграфія з артаэпіяй ды акцэнтуацыяй! Гэта — у параўнаньні з граматыкаю, лексыкаю, сынтаксісам — нязначны сэгмэнт мовы, як міні‑бікіні на целе таўстушкі. Па чым, па якім Законе будуць судзіць за астатняе — за «ня той» склон, «ня тое» слоўца? Па акадэмічных «Беларускай граматыцы» (1985—86) ды «Руска‑беларускім слоўніку»? Тады на лаву падсудных трапляе ўся беларуская літаратурная клясыка! У страшных снох не маглі сабе стрызьніць Марцінкевіч з Багушэвічам, што ў нейкі далёкі дзень прыйдзе судовы выканаўца ды давай мераць іхную спадчыну лінейкаю моўнае правільнасьці, зацьверджанай людзьмі, якія не адрозьніваюць Купалы ад Коласа.

Але ж і ў саміх «кодэксах» — граматыках ды слоўніках — няма адзінства, супярэчнасьць на супярэчнасьці. Кожны нелянівы шкаляр ведае з падручніка: слова Мекка — выключэньне, пішацца з дзьвюма к. Памыляецца падручнік! Аказваецца, паводле апошніх выданьняў «Руска‑беларускага слоўніка» Мека ўжо пішацца праз адно к.. Як там у нас слова manager мусіць выглядаць? У РБС — менеджэр, а ў «Беларуска‑рускім» (выд. 3, 2003) — менэджэр. А off‑shore? Ды няма там такога слова! То, значыць, і не ўжываць? Апошняя надзея — «Слоўнік іншамоўных слоў» (1999, у 2 т.). У 1‑м томе знаходзім аф‑шор, а ў 2‑м — оф‑шор. А ў БРС‑2003 — і панель, і панэль. Якая шырыня лінвістычных поглядаў!

Кінуць судзьдзі чытаць свае кодэксы — засядуць за лексыкаграфічную літаратуру, а Вярхоўны Суд будзе прыводзіць адмысловыя паседжаньні, вызначаючы, які слоўнік правільнейшы, якая граматыка дакладней адлюстроўвае норму!

Але ж ня будзе 1.09.2010 ні адмысловага паседжаньня Вярхоўнага Суду, ні фанфараў адраджэньня беларускага слова, а чарговая інкарнацыя матроса Жалязьняка ў абліччы чыноўніка закрые «няправільныя» выданьні, адправіць пад нож «няправільныя» кнігі. «За што?» — «А вы по‑белорусски с ошибками пишете».

P.S. Пашанцавала аўтару інтэрвію з дэпутатам Здановічам С.Каралевічу. Напісаў бы ён інтэрнет пасьля 1.09.2010 — мо штрафам і не адбыў бы (паводле БРС‑2003 трэба інтэрнэт, у іншых акадэмічных выданьнях гэтага слова няма).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?