Следчыя разбіраюцца, хто вінаваты ў наездзе на міліцыянера пасярод мінскай кальцавой. ДАІ тлумачыць, ці парушаў інструкцыі іх супрацоўнік.

Фота onliner.by

Фота onliner.by

Рэзананснае ДТЗ здарылася на 37-м кіламетры мінскай кальцавой у панядзелак 3-га жніўня. Кіроўца «Опеля Вектра» здзяйсняў перастраенне з трэцяй паласы ў другую і ў гэты момант збіў супрацоўніка ДАІ. Паводле версіі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі, вінаваты кіроўца «Опеля», бо не прыняў мер для зніжэння хуткасці ў той момант, калі іншыя аўтамабілісты гэта зрабілі. А супрацоўнік ДАІ выскачыў на дарогу, бо спыняў правапарушальніка.

Прычым дагэтуль невядома, каго менавіта спрабаваў спыніць міліцыянер, які карыстаўся радарам даволі старога ўзору без фота- і відэафіксацыі. Сёння патлумачыць, што здарылася, пацярпелы супрацоўнік не можа. Ён выжыў, але атрымаў цяжкія траўмы, у тым ліку пералом чэрапа.

«Напэўна, ён выбягаў на дарогу, каб спыніць «лётчыка». Бег хутка, кажуць, што з’явіўся з-за трактара», — адзін з аўтамабілістаў перадае Еўрарадыё інфармацыю, якую па рацыі пачуў ад дальнабойшчыкаў.

Аднак непасрэдныя сведкі здарэння з журналістамі пакуль не размаўлялі. Любая інфармацыя пакуль выглядае здагадкай.

На форумах у байнэце аўтамабілісты дзеляцца ўласным досведам таго, як бянтэжыліся падчас нечаканага з’яўлення супрацоўніка ДАІ на дарозе. Таму звяртаемся у Дзяржаўтаінспекцыю Мінгарвыканкама з пытаннем, ці можа інспектар, паводле інструкцый, выбягаць з жазлом пасярод хуткаснай магістралі?

«Супрацоўнік ДАІ, калі спыняе правапарушальніка, не парушае інструкцыі. Наадварот ён абавязаны прыпыніць правапарушэнне. Звычайна ў такіх сітуацыях спачатку спыняюцца машыны, якія рухаюцца ў бліжніх да інспектара палосах. Пасля магчыма спыніць парушальніка, які мчыцца, напрыклад, па левай крайняй паласе», — тлумачыць інспектар агітацыі і прапаганды ДАІ Мінска Арцём Цыбулька.

У Дзяржаўтаінспекцыі пакуль не ведаюць усіх дэталяў здарэння, аднак канстатуюць, што звычайна кіроўца, які не парушае правілы, не даводзіць справу да ДТЗ. Трагедыі ж здараюцца, калі аўтааматар альбо губляе ўвагу, альбо перавышае хуткасць.

«У правілах дарожнага руху сказана, што кіроўца павінен рухацца з той хуткасцю, якая дазволіла б яму спыніць транспартны сродак у выпадку ўзнікнення перашкоды на яго шляху. Калі вы не будзеце адцягваць увагу, напрыклад, на радыё і будзеце рухацца з хуткасцю 90 км/г, то ў кожным разе заўважыце супрацоўніка ДАІ. Тым больш, калі гэта адбываецца на роўнай дарозе МКАД у сонечны летні дзень. Калі ж кіроўца рухаецца з перавышэннем хуткасці, то фізічнай магчымасці спыніцца можа і не быць. Вышэйшая хуткасць — большы тармазны шлях», — адзначае Арцём Цыбулька.

Еўрарадыё: На мінскай кальцавой — безліч камер фотафіксацыі. Чаму там стаяць з радарамі яшчэ і супрацоўнікі ДАІ?

Арцём Цыбулька: «Дзе на МКАД стаяць камеры — гэта не сакрэт. Яны пазначаныя на сайце «Цэнтра фіксацыі правапарушэнняў». Існуюць і мабільныя дадаткі, якія апавяшчаюць кіроўцаў аб набліжэнні да камераў. Некаторыя вадзіцелі, праязджаючы іх, зноўку перавышаюць хуткасць. Таму на ўчастках, дзе няма камер, працуюць інспектары і кантралююць хуткасць. Парушэнне хуткаснага рэжыму — на другім месцы сярод прычынаў ДТЗ. На першым — парушэнне правілаў праезду пешаходных пераходаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?