Вярхоўны суд (ВС) Беларусі адказаў на зварот грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) наконт пераследу журналістаў-фрылансераў. 

Зварот БАЖ у Вярхоўны суд, Генпракуратуру, МУС і КДБ быў накіраваны 9 ліпеня. У ім уздымалася праблема масавага адміністрацыйнага пераследу журналістаў-фрылансераў, якіх улады абвінавачваюць у парушэнні парадку вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ (арт. 22.9 КоАП), а менавіта: у тым, што падрыхтаваныя імі матэрыялы з'яўляюцца ў замежных СМІ. 

БАЖ лічыць, што падобны пераслед журналістаў неабгрунтаваны і супярэчыць заканадаўству. У сваім звароце журналісцкае аб'яднанне настойвала на публічным абмеркаванні гэтай праблемы з удзелам прадстаўнікоў дзяржорганаў, БАЖ і ўсіх зацікаўленых асоб.

У афіцыйным адказе за подпісам намесніка старшыні ВС Руслана Аніскевіча гаворыцца, што ўзнятыя ў звароце пытанні «не могуць быць вырашаны» ў адпаведнасці з законам аб зваротах грамадзян. «Узнятыя ў вашым звароце пытанні адносяцца да сферы прымянення заканадаўства, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, і не могуць быць вырашаны ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян», — цытуе Аніскевіча прэс-служба БАЖ. 

Намеснік старшыні ВС таксама адзначае, што журналісты, пакараныя штрафамі за незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ, могуць абскардзіць рашэнні судоў.

Раней падобныя адказы БАЖ атрымала ад МУС і Генпракуратуры. 

Між тым гэту праблему паабяцаў разгледзець кіраўнік дзяржавы. Падчас інтэрв'ю, якое Аляксандр Лукашэнка даў 4 жніўня «Еўрарадыё», «Радыё Свабода» і парталу tut.by, яго праінфармавалі, што толькі ў 2015 годзе адбылося 26 судоў над журналістамі-фрылансерамі; агульная ж сума штрафаў, выпісаных ім за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі, склала прыкладна 137 млн. рублёў. 

Лукашэнка заявіў, што так адносіцца да журналістаў — «гэта глупства», бо «ўсё роўна напішуць неяк дзесьці аб праблемах».

«Забараняць — гэта не мой прынцып. Я вывучу гэту праблему. Што да гэтых штрафаў — таксама вывучым, людзі ж не багатыя, я разумею. Я вам абяцаю, што я разгледжу гэта пытанне, таму што, мабыць, вы тут маеце рацыю», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?