У інтэрв’ю журналістам недзяржаўных СМІ Лукашэнка колькі слоў прысвяціў Алегу Трусаву. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што хацеў бы бачыць старшыню ТБМ кандыдатам ў прэзідэнты.

Прапануем некалькі малавядомых фактаў з мінулага Алега Трусава, якія нельга знайсці ў «Вікіпедыі» ці ўвогуле ў Сеціве.

У Нацыянальным архіўным фондзе маецца асабісты архіў Алега Трусава

Фонд знаходзіцца пад нумарам 576 і атрымлівае матэрыял як асабістага (навата студэнцкі білет), так і грамадска-палітычнага характару. Акрамя таго, менавіта ў гэтым фондзе знаходзяцца каштоўныя дакументы, прысвечаныя гісторыі БСДГ, БНФ і ягонай парламенцкай апазіцыі ў Вярхоўным Савеце XII склікання, а таксама першым прэздэнцкім выбарам на Беларусі ў 1994 г.

Акрамя Трусава, толькі Станіслаў Шушкевіч можа ганарыцца асабістым фондам (№599) у Нацыянальным архіве.

У Вярхоўны Савет Трусаў трапіў па Мірашнічэнкаўскай акрузе №33

На дэпутацкі мандат прэтэндавалі 6 чалавек. Сярод іх трое былі даволі моцнымі супернікамі: намеснік міністра ўнутраных спраў, прарэктар Мінскага радыётэхнічнага інстытута (цяперашні БДУІР) і сакратар райкама партыі Савецкага раёна.

Першы тур выбараў адбыўся 4 сакавіка 1990 г.

З 21695 выбарцаў акругі ўдзел у выбарах узялі 16330 чалавек. Алег Трусаў набраў найбольшую — 3725 — колькасць галасоў і ў другі тур выйшаў разам з намеснікам міністра Віктарам Кавалёвым (2721 голас).

У другім туры 17 сакавіка 1990 г. на выбары прыйшлі 13717 жыхароў акругі. У выніку Алег Трусаў здабыў запаветны мандат: за яго прагаласавалі 6876 выбаршчыкаў.

Трусаў мог і не стаць народным выбраннікам, але перамагла настойлівасць

22 студзеня 1990 г. Трусаў быў вылучаны кандыдатам у народныя дэпутаты радай ТБМ сталічнага Савецкага раёна. Але 25 студзеня 1990 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдаў пастанову, паводле якой акруговыя камісіі мелі права дапускаць да ўдзелу ў выбарах кандыдатаў у дэпутаты ад Таварыства спажыўцоў, Беларускага экалагічнага саюза і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны толькі ў тым рэгіёне ці раёне, дзе гэтыя аб’яднанні ў вызначаным парадку былі зарэгістраваны.

Пастанова яўна парушала закон аб выбарах, у якім не было гаворкі пра падобную рэгістрацыю. Тым не менш акруговая выбарчая камісія Мірашнічэнкаўскай выбарчай акругі № 33 г. Мінска ў рэгістрацыі А. Трусаву адмовіла, бо ў Савецкім раёне г. Мінска аддзяленне ТБМ не мела рэгістрацыі.

31 студзеня 1990 г. А. Трусаў накіраваў пратэст у Цэнтральную камісію па выбарах народных дэпутатаў, у якім даказваў незаконнасць рашэння. У выніку ўлады вымушаны былі зарэгістраваць А. Трусава кандыдатам у дэпутаты.

Быў актыўным дэпутатам

У чэрвені 1990 г. Трусаў вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні камісіі па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных зносінах, але не атрымаў належнай колькасці галасоў. Цікавы факцік — сярод іншага, у сваёй уступнай прамове Трусаў прапанаваў разгледзіць пытанне аб адкрыцці на Беларусі асобных цыганскіх школаў.

Тым не менш, Алег Трусаў усё ж такі ўзначальваў парламенцкія камісіі.

У афіцыйнай біяграфіі падаецца, што з 1990 па 1995 г. Трусаў быў намеснікам старшыні (Ніл Гілевіч) пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. З кастрычніка 1990 г. па верасень 1991 г. ён займаў гэтую пасаду на грамадскіх пачатках, то бок не атрымліваў грошы.

4 кастрычніка 1991 г. Алег Трусаў узначаліў камісію па выпрацоўцы эталона Дзяржаўнага Герба Рэспублікі Беларусь і палажэння аб гербе, узораў пячатак Вярхоўнага Савета, яго Прэзідыума і нагруднага знака народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь.

19 чэрвеня 1992 г. Трусаў быў прызначаны старшынёй камісіі па забеспячэнні адзінай палітыкі выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Намеснікам Трусава стаў вядомы Віктар Шэйман.

Некаторыя рашэнні камісіі вельмі цікавыя. Так, 23 лістапада 1992 г. на пасяджэнні камісіі не была падтрымана ініцыятыва міністэрства ўнутраных спраў аб выкарыстанні пяціканцовай зоркі для знакаў адрознення афіцэрскага складу.

23 чэрвеня 1993 г. камісія прыняла прынцыповае рашэнне аб тым, каб не ламаць герб БССР, што на Доме урада. Было вырашана накрыць стары герб большай «Пагоняй», што і здарылася 27 ліпеня 1994 г.

Галадоўка дэпутатаў у знак пратэсту супраць рэферэндуму 1995 года. 

Галадоўка дэпутатаў у знак пратэсту супраць рэферэндуму 1995 года. 

У адным з нумароў «Вечернего Минска» за 1991 г. у рубрыцы «Партыйны тэлетайп» была надрукавана ананімка ад імя «жыхароў Савецкага раёна сталіцы (ЖЭС №77)» аб тым, што дэпутат Алег Трусаў быццам бы не праводзіць сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі. А. Трусаў напісаў ліст на імя тагачаснага Старшыні ВС Мікалая Дземянцея, у якім абвергнуў гэтыя чуткі.

30 лістапада 1993 г. пры абмеркаванні праекта Асноўнага Закона Алег Трусаў прапанаваў унесці ў будучую Канстытуцыю такую норму, каб забараніць адпаведным органам разглядаць «ананімкі». Але гэтая прапанова не атрымала падтрымкі дэпутацкай большасці.

У Трусава былі сутычкі з Лукашэнкам

Напрыклад, у красавіку 1992 г. Трусаў выказаў абурэнне наконт таго, што Лукашэнка вельмі часта выкрастоўвае тэрмін «мая гаспадарка» ў адносінах да школаўскага саўгаса «Гарадзец», дзе раней старшыняваў апошні. У адказ Лукашэнка параіў Трусаву самому з’ехаць у саўгас і «положить там молодость и здоровье».

Парламенцкая апазіцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Злева направа — Зянон Пазняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі.

Парламенцкая апазіцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Злева направа — Зянон Пазняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі.

Трусаў быў адным з трох дэпутатаў, які разам з Пазняком і Нятылькіным выступілі на інаўгурацыі Лукашэнкі

У сваім выступе А. Трусаў фактычна прадказаў тую сітуацыю, балючыя наступствы якой адбіліся праз два дзясяткі гадоў: «Непрымальнай з’яўляецца залежнасць Беларусі ад аднаго пастаўшчыка нафты і газу. Практычна ва ўсіх краінах свету ёсць некалькі крыніц энерганосьбітаў. Ліквідацыя манаполіі пастаўшчыкоў, пра якую толькі казаў, але нічога не рабіў урад Кебіча, застаецца найважнейшай задачай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?