Перадвыбарныя тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты пройдуць 3 кастрычніка, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 6 жніўня на пасяджэнні ЦВК. 

Сёння Цэнтральная камісія прыняла пастанову аб выкарыстанні сродкаў масавай інфармацыі падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта.

Тэледэбаты пачнуцца 3 кастрычніка ў 17.00. Калі кандыдатаў будзе больш за пяць, то на дэбаты будзе выдзелена паўтары гадзіны, калі менш — гадзіна. Парадак правядзення дэбатаў будзе вызначаць Белтэлерадыёкампанія.

Кандыдат у прэзідэнты таксама зможа бясплатна выступіць па тэлебачанні і радыё. Выступленні па тэлебачанні будуць праходзіць з 14 па 25 верасня з 19.00 да 20.00 на канале «Беларусь 1», кандыдаты змогуць выступіць двойчы. Па радыё выступленні кандыдатаў будуць арганізаваныя з 21 верасня па 2 кастрычніка з 6.10 да 7.10. 

Для выступлення на тэлебачанні і радыё кандыдат у прэзідэнты павінен прыйсці сам, на дэбаты ён можа прыслаць давераную асобу.

Як зазначыла Ярмошына, пры падрыхтоўцы дакумента аб выкарыстанні СМІ работнікі ЦВК кіраваліся тым, каб умовы для кандыдатаў былі не горшыя, чым у 2010 годзе. У сувязі з гэтым, дадала яна, былі захаваныя многія ліберальныя папраўкі, прынятыя пяць гадоў таму. У прыватнасці, кандыдатам будзе дадзеная магчымасць выступіць у прамым эфіры, але пры жаданні яны змогуць папрасіць даць магчымасць зрабіць запіс выступлення загадзя.

Кандыдаты таксама маюць права на бясплатнае апублікаванне перадвыбарнай праграмы ў газеце.

Апрача таго, кандыдаты могуць за свае сродкі набываць месца ў СМІ для публікавання праграмы або выступлення ў эфіры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?