Белстат апублікаваў статыстычны зборнік, прысвечаны дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне за 2014 год. «Наша Ніва» знайшла цікавыя факты пра беларускія сем’і.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна.

Няроўныя шлюбы

Паводле статыстыкі, мужчыны першы раз ідуць у ЗАГС у 27,4 года, жанчыны — у 25,3 года. Аднак бываюць і рэдкія гісторыі.

Летась быў зарэгістраваны шлюб паміж нявестай студэнцкага веку (20—24 гады) і пенсіянерам. Была і адваротная сітуацыя: муж-студэнт (20—24 гады) і жонка-пенсіянерка (55—59 гадоў).

Што рухала гэтымі парамі, каханне ці размеркаванне?

Разведзеныя непаўналетнія

Вялікая колькасць шлюбаў рана ці позна заканчваюцца разводамі. Праз 12—13 гадоў сямейнага жыцця людзі знаходзяць сабе іншыя пары.

Здараецца, што раннія шлюбы працягваецца зусім мала часу. Летась скасавалі свой першы шлюб 15 непаўналетніх дзяўчат (да 18 гадоў).

Многія адразу ж ідуць у ЗАГС з новым партнёрам. Было зафіксавана 30 зусім маладых нявест (18—19 гадоў), якія ўжо мелі жыццёвы досвед у выглядзе няўдалага сямейнага жыцця. Такіх самых маладых жаніхоў было ўсяго трое.

Нараджаюць усё пазней

Беларусы не спяшаюцца заводзіць дзяцей. З кожным годам узрост сярэднестатыстычнай маці павялічваецца.

Першае дзіця цяпер нараджаюць у 25,7 года (праз некалькі месяцаў пасля першага шлюбу).

Для параўнання, у 1990-ыя нараджалі ў 23 гады.

Змяніўся і ўзрост уступлення ў шлюб. У 1985 годзе ён быў 22 гады для мужчын, 20 — для жанчын. За 30 гадоў ён вырас на 5 гадоў.

Пяцёра дзяцей у дваццацігадовай маці-адзіночкі

Дзяржава заахвочвае маладых беларусаў ствараць вялікія сем’і, не спыняючыся на адным дзіцяці.

Адна дзяўчына, маладзейшая за 20 гадоў, ужо мае пяцярых дзяцей! Гэтая маладая мінчанка - маці-адзіночка.

Яе выпадак — першы ў Беларусі ад пачатку стагоддзя. У такім узросце такой колькасці дзяцей яшчэ не было.

Пазашлюбныя дзеці

Агулам у Беларусі кожнае сёмае дзіця (15%) нараджаецца па-за шлюбам.

Прычым розніца паміж заходнімі і ўсходнімі абласцямі велізарная. На Брэстчыне і Гродзеншчыне доля такіх дзяцей - каля 11%. Столькі ж у Мінску.

А вось на Гомельшчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне маці-адзіночкі сустракаюцца часцей — 18-19% ад усіх родаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?