Кейт Уінслет у «Тытаніку» была голай па-сапраўднаму. Напэўна. Дакладна ведаюць толькі яна, ДыКапрыё ды здымачная каманда

Кейт Уінслет у «Тытаніку» была голай па-сапраўднаму. Напэўна. Дакладна ведаюць толькі яна, ДыКапрыё ды здымачная каманда

У хуткім часе мы наўрад ці пабачым сапраўдных голых акцёраў у фільмах, мяркуе The Verge. Ад галізны іх «уратуюць» як дублёры, так і камп’ютарная графіка. Падобна, што за апошнія пяць год гэта стала ўваходзіць у моду ў Галівудзе.

Спецэфекты, што робяць людзей «голымі», усё яшчэ даражэй, чым «натуральная» галізна акцёраў. Але яны дазваляюць абысці пункты кантрактаў, што з нейкіх прычын забараняюць распранаць зорак, самім зоркам даюць магчымасць не асабліва сачыць за фігурай, а рэжысёрам — зрабіць здымкі больш камфортнымі для акцёраў.

The Verge мяркуе, што «камп’ютарная галізна» застанецца з намі надоўга.

Падобна, што трэнд задаў фільм «Мачэтэ» 2010 года, хаця «камп’ютарная галізна» была ў кіно і да яго. У «Мачэтэ» Джэсіка Альба здымалася ў сцэне ў дýшы ў ніжняй бялізне, у фільме жа яна з’явілася голай. «Правак» ніхто не заўважыў, пакуль Альба сама не заявіла пра тое, што ніколі не здымалася голай.

Джэсіка Альба ў фільме «Мачэтэ» да і пасля пост-апрацоўкі

Джэсіка Альба ў фільме «Мачэтэ» да і пасля пост-апрацоўкі

Ключавой прычынай выкарыстання камп’ютарнай графікі The Verge лічыць камфорт акцёраў: некаторым цяжка працаваць голымі перад натоўпам здымачнай каманды. У прыватнасці, пра гэта казала Лена Хідзі, якая выконвае ролю Сэрсіі Ланістэр у «Гульні тронаў».

У апошнім на сёння пятым сезоне «Гульні тронаў» была сцэна, дзе Сэрсія Ланістэр у пакаранне павінна была прайсці голай па горадзе. Хідзі, на той момант цяжарная, казала, што хацела сканцэнтравацца на эмоцыях гераіні, а не на ўласным эмацыйным і фізічным дыскамфорце ад «голага параду» перад не толькі здымачнай камандай, але і вялізнай масоўкай.

Ці то Лена Хідзі, ці то яе дублёр у «Гульні тронаў»

Ці то Лена Хідзі, ці то яе дублёр у «Гульні тронаў»

Хаця Хідзі раней не раз здымалася голай, у той сцэне яна распранулася толькі часткова для буйных планаў, у агульных планах яе падмяніла 27-гадовая Рэбэка Ван Кліў, на цела якой «наклалі» галаву Хідзі. Фанаты разглядзелі, што грудзі дзяўчыны ў той сцэне занадта вялікія для нават цяжарнай Хідзі, ды вельмі абразіліся, калі іх падазроны пацвердзіліся афіцыйна.

Першая галізна ў кіно з’явілася праз восем год пасля першага кіно: у фільме «За мячом» 1897 года. Практыка «голых дублёраў» дакладна зафіксаваная ў фільме «Тарзан і яго сяброўка» 1934 года: акцёрку Марын О’Саліван падчас сцэны падводнага плавання голай замяніла алімпійская плыўчыха Джазэфін МакКім.

Праблема не ў тым, што гледачы хочуць, ды не могуць пабачыць голых акцёраў.

Колькі сёння выкарыстоўваецца «голых дублёраў» і «камп’ютарнай галізны», дакладна невядома — акцёры могуць прасіць не раскрываць таго факту, што голае цела ў кадры належыць не ім. З аднога боку, нічога страшнага для гледача ў гэтым пакуль няма: выканаўца ролі Гары Потэра таксама ж не праходзіў праз сцяну да платформы 9 3/4, усё камп’ютарная графіка. Ды праблемы могуць з’явіцца ў будучыні, калі кіно, як цяпер «нафаташопленыя» глянцавыя часопісы, пачне ўкараняць нерэалістычныя стандарты прыгажосці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?