Бобі і Бэбі. Фота: s13.ru

Бобі і Бэбі. Фота: s13.ru

Ветэрынары Гродзенскага заапарка тры дні біліся за жыццё зебры Бобі, але ўвечары 6 жніўня яго сэрца спынілася, піша TUT.BY. Жывёла памерла ад удушша, выкліканага «чуласцю» наведнікаў, якія ўвесь час падкормлівалі жывёлу.

Для наведнікаў, якія кормяць жывёл, прапануецца нават увесці штрафы. Інфармацыйныя таблічкі не дапамагаюць — людзі кормяць жывёл такой ежай і ў такіх аб’ёмах, што кожны месяц здараецца пара выпадкаў, калі ветэрынарам даводзіцца ратаваць гадаванцаў ад смерці. Атрымліваецца не заўсёды.

Пасля выходных ў зебры надзьмуўся жывот, ад чаго прыціснуліся сэрца і лёгкія. У жываце ад няправільнага харчавання пачалося браджэнне.

Арганізм зебраў нават менш прыстасаваны да абы-якой ежы, чым у коней. Фрукты, хлеб ці цукеркі для іх катэгарычна проціпаказаныя. Звычайна зебраў кормяць сенам, свежаскошанай травой, зерневай сумессю з дадаткам гародніны. Прычым строга глядзяць за збалансаванасцю.

Самец Бобі жыў у вальеры з самкай Бэбі. Апошнія дні яны праводзілі разам. Бэбі, як і Бобі, апошнімі днямі не выводзілі на прагулкі, яна сядзела на дыеце.

Супрацоўнікі заапаркаў прапануюць увесці штрафы за кармленне жывёл, ды кажуць, што гэта трэба рабіць на заканадаўчым узроўні. Яны мараць пра відэаназіранне, каб можна было ў выпадку хваробы жывёлы паказаць твары тых, праз каго жывёла пакутуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?