Гарбатая гара (Brokeback Mountain)

ЗША, 2005, каляровы, 134 хв.

Жанр: Мэлядрама паводле апавяданьня Эні Прулкс

Адзнака: 5,5 (з 10)

Пад небам штату Ваёмінг сустракаюцца два каўбоі, якія пасьвяць авечкі на Гарбатай гары. Адылі высьвятляецца, што героі ня здольныя жыць адзін без аднаго...

Скандальна-маркотная карціна Энга Лі паліткарэктна прыстасаваная да масавай аўдыторыі. Для геяў – любоўная гісторыя, для мужчынаў-гетэрасэксуалаў – сяброўства й цяжкасьці сямейнага жыцьця, для жанчынаў – дамскі раман, акуратна прычасаны да аднаполых жарсьцяў. Згодна зь іхнім канонам, адзін з герояў імкнецца да сумеснага жыцьця, другі – да гэтага не гатовы. Адзін гіне – другі плача ад болю.

Хаця героі – каўбоі, карціна ня вэстэрн, а папарасьцягнутая эпічная мэлядрама. У гэтай мэлядраме няшмат гавораць, стрыманыя жэсты й позіркі, а прырода Гарбатай гары зачароўвае.

Героі карціны – прыгажуны Гіт Лэджэр (таксама вядомы, як герой «Казановы») і Джэйк Джыленхал (новая зорка).

Амэрыканскі фільм пра нестандартных каўбоеў здаецца для нас далёкім. Але пазалачоная гісторыя («Залаты леў», «Залаты глёбус», «Оскар» за музыку) – падазрона нагадвае сацрэалістычны канон з «пралетарска-блакітнымі» інтанацыямі. Нават жонкі герояў выглядаюць «клясава чужымі» пэрсанажамі (фільм ужо абвінавацілі ў «нэамарксісцкай гомасэксуальнай прапагандзе»).

«Сацрэалістычная» «Гарбатая гара» – карціна нуднаватая, карэктна-трагічная і з акуратным стылёвым фальшам, што ня выпрастае і магіла.

Сэансы:

Менскі кінатэатар «Перамога» 24-25 красавіка а 20.30;

26-30 красавіка – 16.10, 18.50.

Ільготны сэанс – 30 красавіка 16.10.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0