Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў патрабуе распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да ўладальніка аўтамабіля, на шкле якога напісана «Севастопаль Данецк Луганск Адэса» і наклеена шырокая георгіеўская стужка. 

«Г.зн. атрымліваецца, узялі Севастопаль, узялі Луганск, узялі Данецк, цяпер збіраюцца ўзяць Адэсу. Гэта надпіс супраць Украіны. Гэта экстрэмізм», — заявіў Шанцаў. Паводле яго слоў, 4 жніўня ён паведаміў у міліцыю пра аўтамабіль «Пежо-308» з дзяржнумарам 7739 ЕМ-6, на якім убачыў наклейкі, што выклікалі негатыўную рэакцыю. Аднак у міліцыі спачатку не паставіліся сур'ёзна да слоў грамадскага актывіста. «Раней нас тармазілі за наклейку «Стоп падатак!» і ўсіх штрафавалі. Тут жа палова шкла закрытая наклейкамі, хоць паводле правілаў дарожнага руху гэта забаронена, і ніякай рэакцыі», — адзначыў Шанцаў. 

Згодна са словамі актывіста, вечарам таго ж дня ён усё ж быў выкліканы да ўчастковага, які паведаміў, што па яго звароце быў апытаны ўладальнік аўтамабіля, які прыцягнуў увагу. «Участковы паведаміў, што ў міліцыі да гэтага грамадзяніна прэтэнзій няма», — сказаў Шанцаў. Пасля гэтага ён вырашыў напісаць заяву з патрабаваннем распачаць крымінальную справу аб распальванні міжнацыянальнай варожасці. 

Як паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, у дачыненні да ўладальніка аўтамабіля, які размясціў наклейкі на шкле свайго транспартнага сродку, распачата праверка адносна магчымага парушэння ім Правіл дарожнага руху. 

Паводле артыкула 194.13 Правілаў дарожнага руху забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку са знешне бачнымі наклейкамі (малюнкамі), акрамя тых апазнавальных знакаў транспартных сродкаў, што размяшчаюцца ва ўстаноўленым парадку, дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, рэкламы, інфармацыі аб прыналежнасці транспартнага сродку адпаведнай арганізацыі (індывідуальнаму прадпрымальніку).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?