Бабры ізноў
не ў цане

Апошнiм часам тэма баброў перыядычна «ўсплывае» на старонках i ў эфiры сродкаў масавай iнфармацыi. Прыгадаць хоць бы нядаўнi выпадак, калi бабры перагарадзiлi запрудай раку Котра ў Шчучынскiм раёне. Яна была збудавана крыху нiжэй вярхоўя ракi, дзе заканчваецца беларускi заказнiк i пачынаецца лiтоўскi запаведнiк.

Прыгадваць часцей бабра сталi таму, што за апошнi час у краiне яго колькасць значна павялiчылася. Напрыклад, у 2006 годзе ў паляўнiчых угоддзях было ўлiчана 52,4 тысячы асобiн, у той час як здабыта за ўвесь год было толькi 413 рачных баброў.

Мы ўжо пiсалi раней, што, паводле звестак з месцаў, бабры наносяць значны ўрон сельскай i лясной гаспадарцы: мелiярацыйныя каналы, заселеныя iмi, не забяспечваюць нарматыўнага скiдвання вады з асушаных сельскагаспадарчых зямель, што вядзе да iх забалочвання i, як вынiк, знiжэння ўраджайнасцi цi нават поўнага вываду зямель з абароту. Істотны ўрон наносiцца i ўчасткам ляснога фонду ў сувязi з засяленнем бабрамi лесамелiярацыйнай сеткi. У сувязi з такой сiтуацыяй, што склалася, той жа Мiнлясгас палiчыў неабходным iстотна павялiчыць аб’ёмы здабычы бабра ў лесапаляўнiчых гаспадарках лясгасаў, галоўным чынам у тых месцах, дзе жывёламi можа быць нанесены або ўжо наносiцца ўрон сельскай i лясной гаспадарцы. Былi распрацаваны планы па здабычы рачнога бабра ў паляўнiчых гаспадарках краiны. Аднак па шэрагу аб’ектыўных i суб’ектыўных прычын распачатая справа аказалася не такой ужо i лёгкай.

— Цяпер распрацоўваюцца рэкамендацыi для асобных аб’ектаў, дзе ўрон ад дзейнасцi баброў найбольш значны. У прыватнасцi, ёсць планы дазволiць разбураць iх плацiны ў надзеi на тое, што пасля гэтага жывёлiны пакiнуць пэўнае месца, — гаворыць намеснiк начальнiка ўпраўлення паляўнiчай гаспадаркi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi Вiктар Карогвiч. — На працягу года плануем таксама даслаць карыстальнiкам рэкамендацыi, што выкарыстоўваюцца ў заходнiх краiнах. Калi коратка, iх сутнасць у наступным: у плацiну ўстаўляюцца спецыяльныя выгнутыя трубы з мяккага матэрыялу, яны будуць знаходзiцца на вызначанай вышынi. I колькi б потым бабры нi нарошчвалi яе, плацiну, вада не будзе ўзнiмацца вышэй за нейкую крытычную для наваколля адзнаку, а будзе пералiвацца на другi бок плацiны. Не збiраемся адмаўляцца i ад здабычы баброў. Паколькi планы вялiкiя, трэба, каб паляўнiчыя прайшлi атэстацыю, здалi экзамены: як здабываць, як ставiць пасткі. Зараз здабыча вядзецца на падставе разавых дазволаў, але, каб адлавiць бабра, паляўнiчага павiнен абавязкова суправаджаць егер, iнакш паляванне будзе лiчыцца незаконным. Гэта не вельмi зручна i, магчыма, не заўсёды апраўдана. Таму ў наступным годзе, верагодна, будзем спрабаваць уносiць змяненнi, дапаўненнi ў Правiлы вядзення паляўнiчай гаспадаркi i палявання.

Нагадаем, што ўвосень мiнулага года зацiкаўленасць у здабычы баброў у Беларусi выказала РУП «Белмедпрэпараты». Яно вырабляе прэпарат «Касалiн» з сухога бабрынага струменю. На айчынным рынку няма пастаўшчыкоў гэтага вiду сыравiны i яе даводзiцца закупляць у Расiйскай Федэрацыi. Гадавая патрэба вытворчасцi ў бабрыным струменi складае 360 кiлаграмаў агульным коштам 90 тысяч долараў ЗША.

— Зацiкаўленасць нашай прапановай выказалi практычна з усiх раёнаў — ад простых паляўнiчых да лясгасаў, — паведамiлi рэдакцыi ў РУП «Белмедпрэпараты». — Мы прапанавалi цану ў 250 долараў за адзiн кiлаграм сухога бабрынага струменю, разаслалi методыкi па яго зборы i сушцы. Нейкiх канкрэтных вынiкаў пакуль няма. Па‑першае, лiцэнзiя на здабычу бабра каштуе грошай, а каб атрымаць той самы кiлаграм струменю, трэба здабыць каля 20 баброў. Выходзiць, паляўнiчаму гэта нявыгадна. Да таго ж працэс здачы трэба зрабiць цэнтралiзаваным як мiнiмум на ўзроўнi раёна, паколькi працаваць з кожным асобна ўзятым паляўнiчым нерэальна (ды i шэраг абавязковых дакументаў з яго боку патрабуецца). З iншага боку, сушыцца бабрыны струмень на працягу года i пах у яго даволi спецыфiчны, у кватэры гэта рабiць наўрад цi будзеш. А вось у паляўнiчых гаспадарках, не выключана, зацiкавiўшыся нашымi прапановамi, маглi i распачаць збор i сушку. Але пра нейкiя вынiкi мы даведаемся толькi прыкладна праз год.

Паводле: Сяргей Расолька, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0