Не стала Януша Корбеля. Ён быў адным з тых маральна-этычных волатаў, на якіх трымаецца белы свет. Чалавек, які быў адкрыты гэтаму свету, нёс лепшую ягоную частку ў сабе і шчодра дзяліўся гэтым з іншымі. Чалавек цэльны, маштабны і адначасова просты. Цяжка патлумачыць веліч гэтай прастаты тым, хто не сутыкаўся з Янушам асабіста. Гэта тая шляхетная прастата, якая адрознівае позу ад сутнасці, думку ад рыторыкі, а дзеянне ад імітацыі.

Януш меў сяброў па ўсёй планеце, ад Аўстраліі да Грэнландыі, ад культавых постацяў у сусветных экалагічных рухах, да нікому не вядомых актывістаў з малазнаных краінаў, а сам жыў у Белавежы, па польскім баку пушчы, ў старым драўляным доме, дзверы якога былі адчыненыя для сяброў і іхніх сяброў, а нават, для сяброў апошніх.

Я пазнаёміўся з Янушам менавіта такім чынам, з перасадкамі і прыгодамі даехаўшы вечарам 31-га снежня да ягонага дома на ўскрайку Белавежы. У госці да Януша мяне запрасіў Зміцер Вайцюшкевіч, святкаваць Новы год разам. Я тады перапытваў Змітра, ці гэтак можна, ці зручна, бо ён мяне зусім не ведае. Зміцер адказваў станоўча. І сапраўды, да Януша можна было «проста так» - прыехаць, завітаць, заночыць. І потым, пацягваючы хатнюю наліўку, ці што там яшчэ, слухаць і размаўляць. Януш умеў слухаць. І яго хацелася слухаць.

Януш умеў спакойна і аргументавана выкладаць свае ідэі і натхняць імі іншых, умеў не паніжаць «градус» размовы, не апускацца да ўзроўню побытавых праблемаў, да асабістых амбіцый і крыўдаў. Ўсё тое, пра што казаў Януш, было аднолькава важным і ёмістым, складаючыся ў адну цэльную і гарманічную карціну сусвету, дзе людзі, іх культуры і мовы, жытло і рэчы, перапляталіся ў адной прасторы з прыродай, дрэвамі і ўсімі жывымі істотамі.

Януш быў свядомым будыстам і паслядоўным актывістам філасофіі Глыбокай экалогіі. Гэта была не поза, ён так жыў. Людзі, з іх культурным даробкам гэта безумоўная і галоўна вартасць, казаў Януш, але толькі адна з вартасцяў біяразнастайнага жыцця на планеце, ў сучасных варунках мы адказныя за захаванне гэтай разнастайнасці, незалежна ад таго, «выгадна» гэта нам ці не, ў стане мы зразумець усе сувязі і ўзаемазалежнасці гэтага свету, ці гэтага нам не дадзена.

Мысліць глабальна, дзейнічаць лакальна – гэта пра яго. У свой час, ён запачаткаваў рух у абарону ваўкоў, які выліўся ў сусветную кампанію падтрымкі і завершыўся перамогай. Апроч гэтага былі іншыя кампаніі і ініцыятывы, была шматгадовая і плённая праца грамадскага назіральніка ў Навуковай Радзе Белавежскага Нацыянальнага парка, выкладчыцкая і публіцыстычная дзейнасць, некалькі кніжак, тэлесерыял пра Белавежскую пушчу, супраца з цэнтральнай і рэгіянальнай прэсай, у тым ліку беларускай.

Апошнімі гадамі, Януш, архітэктар і урбаніст па адукацыі, быў захоплены канцэпцыяй экакультурнага краявіда, які ён разглядаў як самастойную каштоўнасць, як маркер тоеснасці і важны элемент непарыўнасці культурнай традыцыі. Заснаванае ім «Таварыства Абароны Краявіда» мае на мэце задачу комплекснага захавання традыцыйнага кравіда Падляшша, ўключна з аховай мясцовай архітэктурнай традыцыяй і яе элементамі, наданнем ахоўнага статуса адметным зонам, ландшафтам і нават паасобным дрэвам.

Каштоўнасць культурнай разнастайнасці была для Януша настолькі ж відавочнай і натуральнай, як і разнастайнасці прыроднай. Ён добра ведаў і цаніў беларускую культуру, быў выдатна абазнаны ў культуры польскай і сусьветнай. Увогуле, мне падаецца, што Януш не заўважаў цяперашніх, шмат у чым штучных межаў – яго аднолькава цікавіла і тое, што адбывалася па ягоны бок мяжы і тое, што дзеялася на нашым.

У доме Януша неўпрыкмет узнікала адчуванне таго, што тут адзін з цэнтраў сусвету. Там заўсёды быў парадак. Кожная рэч на сваім месцы і кожная дэталь невыпадковая. І нічога залішняга. Старая, цяслярскай працы мэбля, фіранкі на вокнах, грубка, душ з халоднай вадой, вялікі стол з ільняным абрусам ручное работы, дзве веранды – адна, зашклёная, ў бок вуліцы, дзе чорныя мальвы і шыпшыны, другая, адкрытая, ў бок парослай лугавым разнатраўем дзялкі, якая цягнецца ажно да берага ракі Нарэўкі.

За Нарэўкай, сярод старых дрэваў, цагляныя будынкі палацавага комплекса, за імі Царскі парк, за паркам – пушча. Януш жыў пушчай і яе ваколіцамі, ведаў кожны яе закуток па польскім баку, кожнае старое дрэва, ведаў іх вышыню, абхват і век. І шмат чаго яшчэ. Не думаю, што нехта ведаў пушчу лепей за яго, не думаю, што нехта прабыў-пражыў у пушчы (у самых яе нетрах) болей часу, чым ён. Улетку, увосень, узімку. Януш не толькі ведаў, ён разумеў лес і ахвотна тлумачыў яго іншым. Рабіў гэта проста і даходліва.

Як тады, у закрытым для турыстаў «сціслым рэзерваце» пушчы, куды ён вадзіў навучэнцаў Коласаўскага ліцэя. Дрэвы павінны паміраць, казаў ён. Некаторыя паміраюць доўга, іншыя, найчасцей асілкі-дубы, рынуцца долу ўвадначассе, гучна ўдараючы ў зямлю сваім каласальным цяжарам. У вызвалены прасвет трапляе сонечнае святло, побач паваленага дрэва прабіваюцца маладыя парасткі – толькі так, пад бокам памерлага волата, яны маюць шанец вырасці да жыццяздольных памераў. Мёртвае дрэва яшчэ цягам некалькіх гадоў прыкрывае іх сваім целам, паступова пераўтвараючыся ў труху і ўтвараючы на паверхні тонкую праслойку ўрадлівай глебы. Смерць гэта пачатак новага жыцця, казаў Януш.

Сціплы і шчуплы Януш быў, насамрэч, волатам. Сябры гэта ведалі яшчэ пры ягоным жыцці. І сыйшоў ён як волат, увадначассе. Так трэба. Каб даць шанец новаму. Я гэта разумею, але ад гэтага не лягчэй. Нам так моцна будзе цябе не хапаць, Януш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?