У чэрвені адбылося адкрыццё помніка на месцы лагера смерці Малы Трасцянец, чацвёртага ў Еўропе па колькасці загіблых – каля 206,5 тысяч чалавек.

З іх 150 тысяч расстраляныя, закапаныя, а падчас нямецкага адступлення ў 1944 годзе – спаленыя (так нацысты хавалі сляды злачынстваў)– не на тэрыторыі лагера, а побач, на паўднёвы ўсход ад лагера, за Магілёўскай шашой, ва ўрочышчы Благаўшчына.

Каб трапіць туды ад мемарыялу «Малы Трасцянец», неабходна перайсці рачулку, прайсці па вясковай вуліцы Малы Трасцянец і аднайменным завулку да Смалявіцкага тракту, затым перайсці пад шашой і рухацца перпендыкулярна дарозе, пакінуўшы з левага боку велізарную гару былога гарадскога сметніка, куды дагэтуль – ужо несанкцыявана – час ад часу вывозяць будаўнічыя адкіды.

Да Благаўшчыны можна даехаць аўтобусамі 110 і 161 (да прыпынка «14-ы кіламетр»).

Да Благаўшчыны можна даехаць аўтобусамі 110 і 161 (да прыпынка «14-ы кіламетр»).

Паварот да ўрочышча.

Паварот да ўрочышча.

Сюды, на землі колішняга фальварку дваран Благавых, нацысты прывозілі яўрэяў і беларусаў, з далёкіх краін і з мінскіх прыгарадаў, дарослых і малых.

Іх прыбыццё афармлялі, апісвалі багаж, каштоўнасці – людзі думалі, што прыехалі сюды працаваць – пасля чаго расстрэльвалі і закопвалі. Тут жа пахаваныя і дзясяткі тысяч беларусаў, імёны якіх яшчэ патрэбна адкрыць. Пакуль вядома (і ўшанавана) усяго некалькі, сярод іх нацыянальны дзеяч ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

На месцы гіпермаркета «Прастор» на Партызанскім праспекце быў размеркавальны пункт, расказвае знаўца ваеннай гісторыі Сяргей Новікаў.

Маладых і дужых адпраўлялі на работы ў Трасцянец. Жанчын, малых, пажылых – у «душагубках» у Благаўшчыну. Еўрапейскіх яўрэяў у Благаўшчыну дастаўлялі з чыгуначнай станцыі Мінск-Таварны, пазней – з Калодзішчаў.

У 1943 годзе ямы ў Благаўшчыне былі запоўненыя, і трупы забітых сталі спальваць ва ўрочышчы Шашкоўка, на поўдзень ад мемарыяльнага парка, пры цяперашняй вуліцы Сяліцкага.

Сярод 50 тысяч забітых там пахаваныя легендарны доктар Клумаў і яго жонка.

Каля Шашкоўкі ўсталяваная памятная табліца і дарожны ўказальнік. Аднак

Благаўшчына – месца самых масавых забойстваў – пакуль ніякімі ўказальнікамі, акрамя памянёнай гары смецця, не адзначаная.

Шлях да яго перагароджвае двухметровы насып, праезд у якім экскаватарам робяць толькі раз на год – у дзень памяці Халакосту, калі да помніка прыязджаюць паслы і іншыя афіцыйныя асобы. На наступны дзень праезд ізноў засыпаюць – «каб не завозілі смецце». Грандыёзны праект мемарыялу архітэктара Левіна: чырвоная дарога, бронзавыя вагоны, на якіх напісаныя імёны загіблых, шэраг перавернутых аб’ектаў – дамы, дрэвы, іконы – што сімвалізуюць страшэнны абсурд ваенных падзей – застаецца без рэалізацыі.

Сёлета ў Благаўшчыне з'явіліся «чорныя капальнікі».

Сёлета ў Благаўшчыне з'явіліся «чорныя капальнікі».

Усё, што нагадвае пра падзеі – помнік-камень, усталяваны ў 2002 годзе.

Аднак нашчадкі забітых тут аўстрыйскіх яўрэяў здзяйсняюць у Благаўшчыне праект, аналагаў якому пакуль няма ў Беларусі. Штогод вясной і летам прадстаўнікі арганізацыі IM-MER – сваякі забітых у час Халакосту, святары розных веравызнанняў, школьныя настаўнікі, проста неабыякавыя – наведваюць Благаўшчыну і Малы Трасцянец, праводзяць міжканфесійную памінальную службу, распавядаюць пра загіблых, прывозяць і прывязваюць на дрэвы новыя таблічкі з прозвішчамі продкаў. Гэта прыклад сапраўднага месца памяці – не навязанага, але ўласнага, прачутага.

Кожны мае права на сваё імя і дату смерці, кажа заснавальніца фонда «IM-MER» Вальтруда Бартан. Яна назвала арганізацыю ў памяць першай жонкі свайго дзядулі, яўрэйкі Мальвіны.

Яе існаванне было сямейнай таямніцай, і ўжо ў дарослым веку Вальтруда даведалася пра Мальвіну і пра тое, што лёс яе невядомы. Вальтруда Бартан пачала даследаванне пра першую дзядулеву жонку, у ходзе якога выясніла, што афіцыйна дзед разышоўся з першай жонкай у 1938 годзе, а з’ехала яна з сямейнага дома яшчэ ў 1934-м. Мальвіна жыла ў яўрэйскім доме для бедных, адкуль ва ўзросце 64 гадоў была дэпартаваная ў Мінск. Вальтруда вырашыла, што на свой юбілей павінна паехаць і памаліцца ў месца, дзе загінула Мальвіна. Там жа ў жніўні 2009 года яна прывязала на дрэва першую картку з іменем і пасадзіла пад дрэвам кветкі. Цяпер новыя карткі прывязваюць на тутэйшыя хвоі штогод. Пакуль з’явілася толькі адна беларуская картка – у памяць чатырох сем'яў з вёскі Малы Трасцянец.

Бартан заснавала арганізацыю ў 2010 годзе, 8 сакавіка – наўмысна, у памяць вялікай колькасці замардаваных у Малым Трасцянцы адзінокіх пажылых яўрэек. Назва аб’яднання IM-MER расшыфроўваецца як «Initiative Malvine – Maly Trostinec erinnern» – «Ініцыятыва памяці Мальвіны – Памятаючы Малы Трасцянец». Дарэчы, менавіта Вальтруда Бартан ініцыявала ўсталяванне памятнага каменя аўстрыйскім яўрэям «на жаль, (пакуль) не ў Малым Трасцянцы», а на тэрыторыі мінскага гета, на месцы яўрэйскіх могілак – а цяпер сквера – на вуліцы Сухой.

З аўстрыйскага пункту гледжання, Беларусь – гэта край Еўропы, белая пляма, кажа Бартан. Аднак мала хто ведае, што ў 1941–1942 гады нідзе не было забіта столькі аўстрыйскіх яўрэяў, як на Беларусі.

13,5 тысяч з іх былі расстраляныя ва ўрочышчы Благаўшчына. 17 чалавек выжылі падчас гэтых страшных падзей, адна жанчына жывая да гэтага часу.

Цяпер арганізацыя імкнецца ўвекавечыць імёны кожнага з 13,5 тысяч аўстрыйскіх яўрэяў, забітых у Благаўшчыне.

Штогод з 2010-га яны здзяйсняюць «мемарыяльныя падарожжы» ў Беларусь. Гэта – новы від турызму, з’яўленне якога выклікана жахлівымі падзеямі ХХ стагоддзя. Аднак такі турызм жыццёва неабходны кожнай супольнасці. Падобныя паездкі дапамагаюць спасцігнуць і суцішыць асабісты, сямейны і нацыянальны боль. Толькі адужанне гістарычнай траўмы, траўмы страху і бяспамяцтва дазваляе нацыі стаць здаровай і паспяхова развівацца.

З’яўленне кожнага лакальнага месца памяці: крыж, усталяваны мясцовымі актывістамі, экскурсія, конкурс малюнкаў ці сачыненняў-лістоў продкам, арганізацыя генеалагічных школьных гурткоў – набліжае нас да вяртання чалавечай годнасці, без якой немагчымае паспяховае, спакойнае, гарманічнае жыццё ні на асабістым, ні на дзяржаўным узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?