Адвакат сваякоў ахвяр Эльмар Гімула лічыць высокімі шанцы на разгляд справы ў Злучаных Штатах.

Сваякі ахвяраў катастрофы самалёта Germanwings ў французскіх Альпах плануюць падаць пазоў супраць Lufthansa, якая з'яўляецца мацярынскай кампаніяй Germanwings, у суд у ЗША. Пра гэта адвакат сваякоў ахвяр Эльмар Гімула заявіў у інтэрв'ю газеце Bild am Sonntag, апублікаваным у нядзелю, 9 жніўня.

Адвакат, які прадстаўляе інтарэсы 39 сем'яў загінулых, лічыць, што ёсць вялікі шанец на разгляд гэтай справы ў ЗША. Паводле яго слоў, пазоў у ЗША мае на мэце ўсталяваць з дапамогай мясцовай сістэмы пазасудовай праверкі доказаў, «чаму наогул стала магчымым, каб другі пілот з пацверджанымі псіхічнымі праблемамі і адпаведным анамнезам, меў дазвол на палёт».

Як паведамляе выданне, кампенсацыя ў выпадках авіяцыйных катастроф у ЗША, як правіла, у 10 разоў вышэй, чым у Германіі. Зрэшты, пакуль незразумела, на якой прававой падставе адвакат плануе дамагчыся разгляду справы супраць нямецкай авіякампаніі ў судзе ў Злучаных Штатах.

Lufthansa ўжо cплаціла 50 000 еўра за кожную ахвяру і пагадзілася аплаціць яшчэ 25 000 еўра ў якасці кампенсацыі кожнай сям'і за страту блізкага чалавека. Акрамя таго, 10 000 еўра атрымае кожны блізкі сваяк ахвяры, адзначаецца ў паведамленні агенцтва AFP.

Нагадаем, пасажырскі самалёт Germanwings, які ляцеў рэйсам Барселона — Дзюсельдорф, разбіўся ў французскіх Альпах 24 сакавіка. Усе 150 пасажыраў і члены экіпажа загінулі. Паводле дадзеных расследавання, да катастрофы прывялі наўмысныя дзеянні другога пілота, які, скарыстаўшыся часовай адсутнасцю ў кабіне камандзіра экіпажа, скіраваў самалёт на скалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?