Пасля аб’яднання Германіі Берлін ператварыўся ў адну з культурных сталіц Еўропы. Хоць маштабныя будаўнічыя працы ва ўсходняй яго частцы — сталіцы былой ГДР — працягваюцца і сёння, праз 25 гадоў пасля падзення Берлінскага муру. Часам гэта выклікае нават дыскамфорт.

Асаблівым ударам для нашых пурыстаў ад рэстаўрацыі стане выгляд бетоннай спаруды Берлінскага замка, які адбудоўваецца літаральна на вачах. Зімовая рэзідэнцыя прускіх каралёў і германскіх імператараў, моцна пашкоджаная падчас Другой cусветнай вайны, была канчаткова разабраная ў 1950 г. паводле загаду Вальтэра Ульбрыхта.

Гэтае аголенае шэрае цела, якое на старым месцы мусіць у сваіх прапорцыях паўтарыць даўні будынак з узнаўленнем гістарычных фасадаў, выглядае не менш, а можа і больш шакуючым за віленскі Ніжні замак падчас таксама бетоннай адбудовы.

   Berliner Stadtschloss). Адбудова.

 Berliner Stadtschloss). Адбудова.

Што яўна пагоршылася ад гэдээраўскіх часоў, дык гэтаАляксандар-пляц —

некалі публічнае сэрца ўсходненямецкай сталіцы. Сёння гэта прастора апанаваная разнамаснай прыезжай публікай, якая не саромеецца смеціць, а паветра плошчы залітае гарэлым пахам таннага фастфуду. Але, магчыма, гэта ўсё кідаецца ў вочы для падарожніка з Мінска — горада са стэрылізаваным цэнтрам.

Усё ж Берлін — горад фантастычных музеяў.

На Музейнай выспе (Museumsinsel) пасярод ракі Шпрэе працягваюцца маштабныя рэканструкцыі ўсяго комплекса музеяў сусветных скарбаў — Пергамон-музея, Старога музея, Музея Бадэ, Старой Нацыянальнай галерэі… Усе гэтыя асобныя будынкі ХІХ ст. будуць злучаны крытымі, у тым ліку падземнымі, пераходамі і па адным квітку можна будзе цэлы дзень вандраваць у гэтым сузор’і культурнай спадчыны чалавецтва.

Але ў нашыя дні ў Берліне адбываецца адна вельмі адметная выстава, якая нараджае думкі ўвогуле пра рэпрэзентацыю гісторыі ў сучаснай Еўропе.

Гаворка пойдзе пра маштабную выставу «Нямецкая гісторыя ў карцінах і сведчаннях» («Deutsche Geschichte in Bildern und Zeugnissen») у Нямецкім гістарычным музеі ў будынку Цэйггаўза (арсеналу), на Унтэр дэн Ліндэн, якраз насупраць Музейнай выспы.

Адметнасць канцэпцыі выставы ў тым, што кожную эпоху ілюструюць творы мастацтва ці прадметы, якія паходзяць менавіта з тых часоў, а не артэфакты, створаныя ў пазнейшыя перыяды.

З іншага боку, гэта безумоўна вельмі амбітная і рызыкоўная задача — у рамках адной выставы, няхай і вялікай, паказаць двухтысячагадовую гісторыю народа, землі якога сапраўды знаходзяцца ў сэрцы Еўропы.

Размяшчэнне артэфактаў на выставе зроблена паводле схемы перыядызацыі нямецкай гісторыі: ад Сярэднявечча да Рэфармацыі; ад Рэфармацыі да Французскай рэвалюцыі; ад Германскай Імперыі да Першай сусветнай вайны; пасля Веймарская рэспубліка, нацысцкі рэжым і Другая сусветная вайна; падзеленая Германія і новае Уз’яднанне.

Берлінская выстава дае магчымасць пабачыць артэфакты, якія раней маглі падавацца вынаходніцтвам легендаў ці фільмаў жахаў.

Напрыклад, маска «чумнога лекара» з характэрнай дзюбай.

У сярэднявечнай і рэнесанснай культуры Еўропы выпрацаваўся вобраз лекара, асноўным абавязкам якога было лекаванне хворых на бубонную чуму, ці «чорную смерць» падчас эпідэмій-пошасцяў. Пры тагачасным узроўні медыцыны гэта не магло быць лекаваннем, хутчэй спробаю прафілактыкі пашырэння захворвання. Асаблівасцю «чумных лекараў» быў ахоўны касцюм з «насатай» маскай, якая нагадвала птушыную дзюбу. Праўда, у закончаным выглядзе касцюм з’яўвіўся досыць позна — у 1619 г., і сканструяваў яго французскі медык Шарль дэ Лорм. Апроч маскі, касцюм уключаў у сябе даўгі плашч, вузкія штаны, пальчаткі, боты і капялюх. Усе гэтыя элементы былі зробленыя з навошчанай скуры.

На берлінскай выставе можна пабачыць арыгінальную маску «чумнога лекара» ХVII ст.

Але ў чым палягала функцыя дзюбы? У той час яшчэ лічылася, што хвароба перадаецца праз паветра. Дзюба мусіла абараніць лекара ад заразы — яе кончык быў запоўнены пахучымі лекавымі зёлкамі.

Толькі ў канцы ХІХ ст. былі выяўлены бактэрыі чумной палачкі — узбуджальнікі хваробы, пераносчыкамі якой выступаюць блохі розных відаў. А ўзбуджальнікамі інфекцыі з’яўляюцца грызуны. Такім чынам,

чума перадаецца кантактным шляхам, а не праз паветра.

Усяго гэтага ў Сярэднявеччы людзі не ведалі, таму так абвострана рэагавалі на смурод, які ўтвараўся падчас развіцця хваробы. Зрэшты, сваю пазітыўную функцыю «птушыныя» дзюбы фантасмагарычных масак выконвалі — яны палягчалі дыханне лекара, падмяняючы пах хваробы кісла-саладжавым водарам зёлак.

Праз спецыфічны знешні выгляд і містычны арэол вобраз «чумнога лекара» заўважна паўплываў на еўрапейскую культуру: маска з дзюбай стала прататыпам знакамітай маскі венецыянскага карнавала.

   Маска «чумнога лекара».

 Маска «чумнога лекара».

Выявы і артэфакты берлінскай выставы даюць нам магчымасць перагледзець нашыя стэрэатыпы і пра поры году. Адкрыццём можа стаць творчасць нямецкага мастака Дунайскай школы першай паловы XVI ст. Ёрга Бройя Старэйшага (1475/80—1537). У ягоным Аўгсбргскім месяцовым цыкле, які складаецца з чатырох палотнаў вялікага маштабу, такія

звыклыя нам сезоны маюць зусім іншую канфігурацыю: вясна — гэта студзень, люты, сакавік; лета, адпаведна, гэта красавік, май, чэрвень; восень — ліпень, жнівень, верасень; зіма ж — кастрычнік, лістапад, снежань.

Такім чынам, мы бачым падзел году на перыяды цалкам паводле аграрных цыклаў, сінхранізаваных з сонечным календаром — днямі сонцастаяння і раўнадзенства.

  Ёрган Брой Старэйшы. Зіма (Кастрычнік – Лістапад – Снежань). Фрагмент.

Ёрган Брой Старэйшы. Зіма (Кастрычнік – Лістапад – Снежань). Фрагмент.

Увогуле, XVI ст. было найважнейшым у вырашэнні далейшага лёсу Германіі. У гэтую эпоху Рэфармацыі адбываецца фармаванне канцэпцыі нямецкай еднасці.

Баварскі гістарыёграф і філолаг Ёган Авенцін (1477—1534) быў заняты пошукам месца Germania ў сусветнай гісторыі і абгрунтавання яе асобнай місіі. Germania Авенціна ўзнікла як нешта жывое і пульсуючае ў процілегласць застыламу рымскаму свету. Канцэпцыя еднасці Германіі фармавалася, такім чынам, у процістаўленні Антычнасці і тысячагадовай лацінамоўнай традыцыі, нямецкі свет «адштурхоўваўся» ад рымскага.

Можна нават сцвярджаць, што Германія мае няшчасную гісторыю. У адрозненні ад французскага рыцарства, нямецкія ваенна-служылае саслоў не было ў поўным сэнсе незалежным, а толькі ваеннымі слугамі сваіх сеньёраў. Магчыма, у гэтым і быў закладзены сацыяльны код далейшых катаклізмаў нямецкай гісторыі.

Таму берлінская выстава можа здзівіць нейтральнасцю падачы гісторыі ХХ ст. А таксама татальнай адсутнасцю Усходняй Еўропы.

У экспазіцыі, прысвечанай Першай сусветнай вайне, практычна не прадстаўлены падзеі на Усходнім фронце, хіба што толькі здымак з заключэння Брэст-Літоўскага міру.

Няма ні знішчанай Смаргоні, ні кіламетраў нямецкіх акопаў і грунтоўных бетонных бліндажоў, якія і сёння застаюцца часткаю ландшафту Заходняй Беларусі.

Затое ў залах вельмі добра прадстаўленая французская і амерыканская амуніцыя.

Яшчэ большую насцярожанасць выклікае рэпрэзентацыя нацысцкага перыяду. На суседніх стэндах можна праслухаць прамовы лідараў нямецкай сацыял-дэмакратыі, знішчаных у канцлагерах, і выступ Адольфа Гітлера.

Калі не мець базавага разуменняў, да чаго прывёў нацысцкі таталітарызм Германію і Еўропу, можа скласціся ўражанне, што 1930-я гады пададзены на берлінскай выставе звышнейтральна. Таксама і перыяд Другой сусветнай багата праілюстраваны плакатамі і артэфактамі. Ёсць такі цікавы экспанат, як рухавік першай у свеце балістычнай ракеты дальняга дзеяння Фау-2, якая ў 1944 г. здзейсніла першы ў гісторыі субарбітальны касмічны палёт, дасягнуўшы вышыні 188 км. Гэта, безумоўна, быў тэхнічны прарыў. Але поруч з ім вельмі слаба прадстаўленыя разбурэнні Лондана менавіта гэтымі ракетамі — «зброяй адплаты».

Такі паліткарэктны падыход арганізатараў выставы да адлюстравання траўмаў ХХ ст. мяне азадачыў.

Тлумачэнне абранай візуальнай канцэпцыі я магу знайсці толькі ў тым, што ў нямецкіх школах выкладанне чорных перыдаў нямецкай гісторыі наладжана вельмі добра.

Можа, таму стваральнікі выставы імкнуліся адысці ад залішняй дыдактычнасці, разумеючы, што ацэначныя суджэнні нямецкае грамадства ўжо мае. Перад намі разгортваецца толькі візуальны шэраг гісторыі, а не спробы яе інтэрпрэтацыі.

«Гітлер – мёртвы». Спецвыпуск амерыканскай вайсковай газеты «The Stars and Stripes», 2 мая 1945.

«Гітлер – мёртвы». Спецвыпуск амерыканскай вайсковай газеты «The Stars and Stripes», 2 мая 1945.

Але такі падыход правакуе пытанні адносна перспектываў школьнага выкладання гісторыі ў Еўропе ў найбліжэйшай будучыні. Адзін вядомы брытанскі беларусіст скардзіўся мне, што ў класе ягонай дачкі ўжо няма такога школьнага прадмету, як гісторыя. Існуюць тэматычныя блокі па асобных праблемах. Дачка нашага знаёмага два разы праслухала курс па нямецкім таталітарызме, але cістэмнага выкладання англійскай гісторыі ў школах Брытаніі няма. Чаму? А як выкладаць гісторыю асобнай невялікай выспы ў класе, дзе англічане знаходзяцца ў меншасці, а большасць навучэнцаў складаюць дзеці мігрантаў. Таму брытанскія школьнікі не ведаюць імёнаў англійскіх каралёў, хоць сёлетняя цырымонія перапахавання парэшткаў караля Рычарда ІІІ паказала, што англічане цікавяцца нацыянальнай гісторыяй. Ад прадметнага выкладання ў школах да 2020 г. адмовіцца і Фінляндыя, дзе адбудзецца пераход да выкладання паводле тэмаў.

Размыванне гістарычнай свядомасці на Захадзе кантрастуе з пашырэннем гістарычнага наратыву і спробай выбудовы метанаратыву — універсальнай сістэмы аповяду пра гісторыю, — на ўсходзе кантынента: у Расіі, Украіне, Беларусі, Літве.

Германія ж з яе траўматычным мінулым яшчэ не можа адмовіцца ад сістэмнага выкладання гісторыі ў школе. І на берлінскай выставе таксама заўважна шмат старшакласнікаў, якія прыходзяць самастойна, без арганізаваных груп. Самыя цікавыя тэмы для іх — Сярэднявечча і ГДР. Так, ГДР паступова робіцца папулярнай тэмай. Рэаліі ўсходненямецкай дзяржавы знікаюць, але культурныя знакі яе застаюцца.

Тэма падзеленай Германіі прадстаўленая на выставе досыць кантрастна і эфектна — практычна

насупраць адзін аднаго стаяць два народныя малалітражныя аўтамабілі дзвюх Германій — «Жук» (Фальсваген) і «Трабі» (Трабант). Тэхналагічнае першынство навідавоку.

Але ўся сімволіка DDR, плакаты і сінія гальшьтукі FDJ (Freie Deutsche Jugend — усходне-нямецкі камсамол) прыцягваюць нямецкую моладзь сваёй новай экзатычнасцю. Ужо пазней я прачытаў, што цэлыя класы у сучасных нямецкіх школах гуляюць у ролевыя гульні — «адзін дзень у FDJ», «летнія вакацыі ў лагеры FDJ» і г.д. Найбольш папулярныя такія гульні якраз у заходняй частцы Германіі.

У гэтым факце, можа, трохі спекулятыўна бачыцца сімвал таго, што новая аб’ядананя Германія яшчэ знаходзіцца на раздарожжы, у пошуку стратэгічнай лініі свайго развіцця і асэнсавання гісторыі.

Ад Германіі так шмат залежыць у сучаснай Еўропе, але многія ментальныя супярэчнасці нямецкай свядомасці так і не знятыя. Цікавая і супярэчлівая выстава «Нямецкая гісторыя ў карцінах і сведчаннях» ўяўляецца добрай ілюстрацыяй гэтых працэсаў.

 

Карысная інфармацыя

Нямецкі гістарычны музей, Цэйггауз (Deutsches Historisches Museum, Zeughaus), Unter den Linden, 2.

 

Працуе штодзённа з 10 да 18 гадзін.

Кошт квітка: 8 еўра (трохі даражэй за ўваход ў Нясвіжскі замак — 100.000 бел. руб.)

Інтэрнэт-старонка выставы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0