Даследчыкі Масачусэцкага тэхналагічнага інстытута прадставілі дыстанцыйна кіраванага робата, які можа праламваць сцены і захоўваць пры гэтым раўнавагу, стоячы на нагах.

Аператар дакладна кіруе рухамі робата праз касцюм, падобны да экзашкілета, робат паўтарае яго рухі. Рукамі кантралююцца «робарукі», а «пальцы» робата кантралююцца кнопкамі. Чалавек бачыць тое, што «бачыць» камера на «галаве» робата.

Такім чынам можна «змясціць» чалавека ў тыя асяроддзі, якія яго цела не вытрывае. Напрыклад, робат можа ратаваць людзей на пажарах. Там яму якраз спатрэбіцца здольнасць рабіць моцныя ўдары альбо падбіраць аб’екты складанай формы. Робат можа выкарыстоўваць чалавечыя інструменты — і нават наліць каву з тэрмаса, не праліўшы ні кроплі.

Іншую карысную здольнасць робатам далі японскія навукоўцы. Яны навучылі побатаў-кансультантаў, што ўжо працуюць у японскіх гандлёвых цэнтрах, ацэньваць патэнцыйную пагрозу ад людзей.

Робата навучылі ацэньваць рост чалавека — калі рост падобны да дзіцячага (менш за 140 см), то робат пачне загадзя трымацца далей ад патэнцыйна больш небяспечнай перашкоды. Калі ж нізкіх перашкод мноства, робат паспрабуе ўцекчы бліжэй да дарослых.

Звычайна калі Robovie 2 бачыць перад сабой перашкоду ў выглядзе чалавека, ён спачатку просіць яе адысці, затым, калі не было рэакцыі, спрабуе яе аб’ехаць.

Але калі такой перашкодай становяцца дзеці, яны гуляюцца з робатам і не даюць яму дарогі. Робат можа нашкодзіць сам сабе ў спробах пераадолець непераадольнае, а можа і выпадкова параніць дзяцей. Да таго ж, дзеці могуць штурхаць робата — і ў выніку зламаць.

Агрэсіўнае стаўленне да робатаў праяўляецца і ў дарослых. 

Кароткаметражны жудзік «Эйб» выдатна паказвае адну з фобій чалавецтва, звязаных з робатамі

Не так даўно невядомыя ў ЗША адарвалі галаву робату-аўтаспыншчыку. Робаты цяпер становяцца ахвярамі бытавой дыскрымінацыі: іх адмаўляюцца абслугоўваць у фаст-фудах.

Магчыма, страх перад робатамі звязаны з пагрозай чалавечым прафесіям: робаты выконваюць некаторую работу лепш за людзей. Яны могуць забраць у людзей амаль палову прафесій — не толькі небяспечныя, як у выпадку робатаў-ратаўнікоў, але і рутынныя ды нават даволі камфортныя офісныя.

Іншая пагроза ад робатаў добра апісаная ў фантастычных баевіках: узброеныя машыны могуць паўстаць. Пакуль людзям пагражаюць толькі няўзброеныя робаты і (хутчэй за ўсё) толькі пры неасцярожным выкарыстанні. Ды Стывен Хокінг, Стыў Возняк, Элан Маск і іншыя геніі чалавецтва заклікалі не даваць робатам зброю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?