Тое, што карціць і аб чым мушу сказаць, і, можа, і не зьяўляецца надта важным. Асабліва на фоне нашых няпростых грамадзкіх актуалій. Але, пэўна, і маўчаць пра гэта не выпадае, паколькі яно мае самае непасрэднае дачыненьне да беларускай літаратурнай мовы, паточнай моўнай практыкі сучаснасьці. Папраўдзе, проста бянтэжаць паасобна самадзейныя ўвядзеньні, так бы мовіць, украпленьні ў сучаную літаратурную мову. Зразумела, значны прыток замежнай лексыкі, зьвязаныя з тэхнічным прарывам, глябалізацыяй: «дайджэст», «маркетынг», «мэнэджэр» і да т.п. Што тут парадзіш?..

Але ніякавата, калі бачыш лёгка падхопленае, бясконца тыражаванае слова «выбітны». Ні ў народных гаворках, ні ў старабеларускай мове ані знаку нейкіх яго асноў, вытокаў, парасткаў. Відаць, лексычны рэсурс, сынаніміка беларуская гэтага жыўцом узятага з польскай мовы слова — не багатыя.

Але ж маем «славуты», «знакаміты». Дарэчы, ёсьць не зусім адэкватнае «выбітнаму» паводле сэнсу, але набліжанае да яго слова «знаны». Дарэчы, некалькі прызабытае. А тым часам, як хораша гучала яно ў клясыка:

    У старыну беларус непадданы
    Гаспадарыў, быў сам над сабою.
    І далёка ў сьвеце быў знаны
    За літоўскай і ляскай зямлёю.
    Але час прамінуў, і нядоля
    На народ, як бы камень, звалілась,
    Беларуская слава і воля
    Адышла, адцвіла, закацілась.

…………………

    Хто хацеў, той і сьмеў рабаваці,
    Без прыпросу зьяжджаліся госьці, —
    Абдзіраць, аб’ядаць, апіваці
    І крышыць гаспадарчыя косьці…
    Можа б, ты і памёр, і загінуў,
    Каб ня вешчая мова Баяна.
    Хто ж быў добры — яе хоць пакінуў?
    Як жа так, што яна не забраная?..
    Нагадаю, верш складзены ў 20‑м годзе мінулага стагодзьдзя.

Зусім дзікі чужаслоў «выбітны» не адзінкавы, узяты сёньня без патрэбы ў нашу мову. Мільгаюць час ад часу «даробак» і «унёсак». Апошняе стала ўжывацца зусім часта. Зноў жа суздром узяты, пабудаваны паводле фанэтычнай мадэлі польскай мовы, дзе ёсьць адпаведныя «darobek», «wniosek». Чым так спракудзіліся аматарам чужасловаў беларускія «ўклад» замест «унёсак», «здабытак» («здабыткі»), калі гутарка ідзе пра духоўны плён, творчыя дасягненьні?

І яшчэ пашыраецца апошнім часам выраз «на тле». Ёсьць у нашай мове «тло», здаецца, агульнаславянскае, пазначанае прадуктыўнасьцю формаў «тлець», «сатлелы». Але ў гэтым кантэксьце, мабыць, лепей гучала б па‑беларуску «на грунце». Мае згоднае з агульным ладам мовы, яе танальнасьцю эпічнае гучаньне.

Зусім глумнае чытаю «заранёў» замест літаратурнага «загадзя».

Ну, і ці так пільна патрэбная нам лексема «стасункі»? Можа, і надаелі «адносіны». Але ж ёсьць у нашай мове аналяг, сынонім ім — «дачыненьні». Здаецца, зь лепшым фанэтычна згарманізаваным гукавым радам. Мабыць, і «ўзаемадачыненьні» і проста «ўзаемны» ня горш гучыць, чым «узаемастасункі». Хоць, што да слова «стасункі», то не сказаць, што яно ў нашай мове ня мае ніякіх каранёў. І ў народнай, і ў літаратурнай мове ёсьць «прыстасавацца», «прыстасаванец». І ў мове, і ў жыцьці таму шмат пацьвярджэньняў. Гэта іншы выпадак, ня тое, што са словам «выбітны».

Зразумелая прычына шараханьня: цісьне асыміляцыя, якая ў незалежнай Беларусі набыла, здаецца, мэтанакіраваны характар. Хочацца адштурхнуцца ад дамінантнага ў родным доме слова вялікай суседкі. Дык ці такім, з дазволу сказаць, спосабам — пазычаньнем з другой мовы — захінеш, абароніш сувэрэннасьць беларускай мовы? Яна, наша мова, цудоўна распрацаваная цягам стагодзьдзяў і зусім самадастатковая, каб не псаваць яе аўтэнтычнасьць, карэннасьць саманадзейным уліваньнем. Арганічна ж, як і ўсякая фундамэнтальная зьява, яна можа прыняць, увабраць у сябе толькі тое, што згодна зь яе ўнутранымі граматычнымі і фанэтычнымі законамі.

Нельга забываць, што ў мове ўвасоблены сьветапогляд народу, яго мэнтальнасьць. Яна — гарант будучыні.

Простыя ісьціны, але як яны часам забываюцца.

І яшчэ некалькі словаў пра сумны факт розначытаньня ў неафіцыйным друку некаторых тапанімічных назваў, перш‑наперш «Гародня» і «Горадня». У заходнебеларускай пэрыёдыцы 20‑30‑х гадоў, уключаючы выданьні, што выходзілі ў самым Гродне, пасьлядоўна ўжывалася «Горадня», у «Горадні». Карэспандэнты адыходзілі ад афіцыйнага «Гродна», навязанага польскай моўнай традыцыяй і перанятай пасьля інкарпарацыі Беларусі ў склад Расійскай імпэрыі расейскім чынавенствам формы напісаньня назвы гораду. Інтэлігенцыя 20‑х гадоў мінулага стагодзьдзя ў падачы назвы Гродна арыентавалася на беларускую народную традыцыю і гістарычныя крыніцы.

А паэт‑гарадзенчук Макар Краўцоў у сваёй творчасьці скарыстоўваў старажытную летапісную норму напісаньня імя гораду:

    Ізноў я тут, цябе вітаю,
    Мой родны Горадзень стары…

Сягоньня ж рэдакцыі «Нашай Нівы» і «Нашага Слова» пры напісаньні назвы слаўнага гораду над Нёманам трымаюцца формы «Горадня». Аднак самі гарадненчукі ў большасьці аддаюць перавагу «Гародні». Падобна, што такая форма назвы гораду прышчэпленая моладзі ў 70‑я гады нашым незабыўным, знакавым творцам Уладзімірам Караткевічам, яго раманам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Мне ж, прабачце, здаецца, што «Горадня» вымаўляць лягчэй. Прынамсі, ня тоўпяцца так літары разам, хоць іх і аднолькавы лік. Ці не цяжэй гучыць і «гарадзенцы», чым «горадзенцы»?

Цікава было б пачуць думку прафэсійных мовазнаўцаў пра намі тут згаданае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?