8 жніўня пад мурамі Мірскага замка ужо другі год запар праходзіў фестываль пад адкрытым небам з прыгожай назвай Mirum Music Festival.

Намётавае мястэчка фестывалю.

Намётавае мястэчка фестывалю.

Прызнацца, мы ехалі на гэты фестываль з прыемным прадчуваннем, бо лайн-ап фестывалю быў сапраўды чароўным. Тут вам і фантастычная ўкраінская Onuka, і чарадзейная Руся з Shuma, і шалёнай энергетыкі Ніно Катамадзе з бэндам Insight, і шмат іншых маладых, перспектыўных і выдатных.

Грузінская спявачка Ніно Катамадзэ ў Міры.

Грузінская спявачка Ніно Катамадзэ ў Міры.

Shuma ў Міры.

Shuma ў Міры.

Onuka ў Міры.

Onuka ў Міры.

І трэба адзначыць, прадчуванне спраўдзілася. Шмат прыгожых інтэлігентных твараў гледачоў, дзявочых усмешак і дзіцячага смеху (бо спецыяльна ад «Ў нескладовага» была зроблена невялічкая пляцоўка, дзе малыя маглі памаляваць ды ўвогуле пабавіць час).

І, як часцяком гэта адбываецца ў нашых абшарах, уся гэтая багадаць была разбаўленая некалькімі, так бы мовіць нацыянальнымі лыжкамі дзёгцю, якія сталі, здаецца, ужо традыцыйнымі.

Не хочацца як заўжды ныць ды наракаць на ўсё беларускае, але папраўдзе гэты самы беларускі каларыт тут быў бачны ва ўсім. І размова ідзе не пра вышыванкі, пшанічныя вусы, арнамент і дранікі. Размова ідзе пра міліцыю, АМАП, чэргі і адчуванне такога татальнага піянерскага лагера, дзе ты ўвогуле як бы і адпачываеш, а ў той жа час паспрабуй толькі зрабіць крок не ў тым кірунку — адразу будзеш мець размову з піянерважатай. Ці яшчэ горш — з піянерважатым.

Адкрыццё фестывалю па плане павінна было адбыцца ў 15 гадзін. Але па факце запускаць людзей пачалі толькі бліжэй да 18 гадзіны. Было толькі два КПП на прыкладна тысячы дзве наведнікаў, у сувязі з чым утварыліся дзве агромністыя чаргі.

Рэчы правяралі супрацоўнікі АМАПа, людзі з каменнымі тварамі.

Шчыра кажучы, увогуле не вельмі зразумела, навошта ў нас абавязкова ставіць на КПП супрацоўнікаў АМАПа.

На еўрапейскіх фестывалях звычайна на КПП і ў ахове людзей наймаюць, у тым сэнсе, што незразумела, хто яны — былыя спецназаўцы, супрацоўнікі нейкай ахоўнай фірмы ці проста здаровыя мужыкі з вуліцы. І гэта, здаецца, моцны псіхалагічны фактар. Бо калі ты бачыш не чалавека ў цішотцы з надпісам «ОМОН», а проста чалавека, якога нанялі, то і ставішся да яго, як да чалавека, які аказвае паслугу па забеспячэнні тваёй бяспекі за твае грошы. А ў нашых жа супрацоўнікаў адчуванне такое, што паслугу яны аказваюць табе ўжо толькі тым, што не месяць цябе дубінкамі і не пакуюць ў аўтазак. 

Што можна правяраць, гартаючы кнігу ці зазіраючы пад накрыўку фотааб’ектыва? Здаецца, вядома толькі самім супрацоўнікам.

Піва. Канечне, ставіцца можна да гэтага па-рознаму. І хтосьці ехаў, проста каб паслухаць добрую музыку, і камусьці хапала квасу, кавы ды асвяжальных кактэйляў. Але дзе вы бачылі оўпэн эйр без піва? І тое, што перад самой сцэнай піва ўжываць нельга — гэта нармальная і даволі зразумелая практыка. Але ўвогуле

поўная забарона продажу піва на усёй тэрыторыі і нават у кавярні за тэрыторыяй фэста — гэта няправільна.

Ужо а палове на 15-ю ў кафэ ля фестывалю з’явіліся інфармацыйныя лісточкі з паведамленнем аб тым, што з 15 гадзін піва не прадаецца ў сувязі з правядзеннем масавых мерапрыемстваў (!). Такая фантасмагорыя магла б канчаткова засмуціць аматараў пеністага напою, каб не прадаўцы і прадавачкі ў гэтых самых кафэ, якія ці то на свой страх і рызыку, ці то па распараджэнні сваіх кіраўнікоў усё-ткі прадавалі піва з-пад палы. Такі стары добры дух саветчыны з дэфіцытам, сухім законам і патрулямі. Дарэчы,

патруль з двух супрацоўнікаў міліцыі хадзіў увесь час з аднаго кафэ да другога, рабіў заўвагі наведнікам, калі тыя рабілі хаця б крок за тэрыторыю кафэ з бакалам у руках, і ўсялякім чынам даваў зразумець прадаўцам, што апошнія будуць мець праблемы ў выпадку чаго.

Хадзілі нават чуткі пра два пратаколы за нелегальны продаж піва адной з палатак.

Фантасмагорыі дадало і з’яўленне адной з кандыдатак на будучых прэзідэнцкіх выбарах — Таццяны Караткевіч, якая прыехала сюды збіраць подпісы.

З аднаго боку амапаўцы гадзінамі шукаюць бел-чырвона-белыя сцягі пад накрыўкамі фотааб'ектываў, з другога — стаіць кандыдат у прэзідэнты пад БЧБ-сцягам.

На пытанне, чаму яна прыехала менавіта сюды, спадарыня Караткевіч адказала немудрагеліста і шчыра: таму што лета, моладзь.

Таццяна з задавальненнем фатаграфавалася з ахвотнымі, распавядала маладзёнам пра Балонскі працэс, а таксама распавяла, што ўжо сабрала каля 75 тысяч подпісаў і плануе агульным лікам сабраць не менш за 120 тысячаў. Але асаблівага ажыятажу і людзей з пашпартамі побач заўважана не было.

Яшчэ адной праблемай фестывалю стала малая колькасць туалетаў. Намі было заўважана толькі шэсць на амаль дзве тысячы народу, прычым тры з іх былі зачыненыя.

Таксама не вельмі прыемнай акалічнасцю стала адсутнасць у іх туалетнай паперы і немагчымасць памыць рукі. Дарэчы, вялікі платны туалет, што знаходзіўся праз дарогу ля самога замку, зачыніўся недзе а 19-й. Таксама незаўважна пад агульны шумок была вымкнута падсвятленне замка. Рашэнне, якое выклікае здзіўленне, калі ўлічваць жаданне прывабліваць турыстаў.

Невялічкае возера, якое знаходзілася тут жа, было абстаўленае па перыметры шыльдамі з засцярогай аб забароне і небяспечнасці купання. І тое праяснілася, калі да нас падышоў прыгожы чалавек ў чорных акулярах і ружовай кашулі, які прадставіўся начальнікам мясцовага таварыства ратавання на водах. Змоўніцкім паўшэптам ён паведаміў, што калі вяліся рэканструкцыйныя працы ў Мірскім замку, то рабочыя ўсё будаўнічае смецце і ўсю арматуру скідвалі проста ў возера. У сувязі з гэтым тут кожны год тоне па пару чалавек. Потым паказаў рукой на спіртавы заводзік побач, успомніў, што такі ж прыемны хлебны пах стаяў у хаце, калі яго маці пякла хлеб, развітаўся і пайшоў весці інфармацыйную гутарку з другой кампаніяй.

Канечне, фестываль адназначна больш атрымаўся, чым не. Усё ж вопыту правядзення оўпэн-эйраў у Беларусі пакуль не так шмат, як у Заходняй Еўропе, і параўноўваць ёсць з чым. Але радуе, што такія фарматы маленькімі, але даволі ўпэўненымі крокамі з’яўляюцца ў нас. Таму што такія анахранізмы як той жа «Славянскі базар» з яго кананічнымі амфітэатрамі, месцамі для сядзення і сумнай расейскай эстрадай — гэта такі ж перажытак часу, як і забарона піва на масавых мерапрыемствах (і як гэта людзі ў суседніх з Беларуссю краінах жывуць недзе без АМАПа і металашукальнікаў і яшчэ пры гэтым не пазабівалі адзін аднаго на масавых мерапрыемствах). Але жывучы ў Сінявокай, да гэтага непрыкметна й прызвычайваешся, і заўважаеш толькі калі ёсць з чым параўнаць.

Таму застаецца толькі спадзявацца, што арганізатары такіх мерапрыемстваў не будуць заставацца ў «мінусе» і будуць надалей рабіць гэтую працу, якую часам так цяжка рабіць у нашай краіне з тысячамі дазволаў, рэзалюцый і ўзгадненняў. Бо самае вялікае дасягненне такіх фэстаў — гэта зіхоткія твары маладых (і не вельмі) беларусаў, што сустракаюцца, камунікуюць, слухаюць выдатную музыку і адчуваюць сябе свабоднымі нягледзячы ні на што. Бо музыка — гэта свабода. Музыка — гэта космас і Бог у адным флаконе. Музыка — гэта тое, што нельга ні забараніць, ні абмежаваць, ні паставіць у нейкія рамкі. І так было, і так будзе заўжды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?