Апавяданьне Аляксея Бацюкова.

Доктар, які выдаліць ваш зуб мэтадам выпілоўваньня і выдзяўбаньня, зьдзівіцца, як хутка вы пачнеце есьці.

Вы зьдзівіцеся, што вам нельга было есьці.

Доктар скажа — раз пацягнула на ежу, значыць, усё цяпер будзе нармальна.

Кладучыся праз два тыдні ў аддзяленьне сківічна‑тваравай хірургіі, вы падумаеце — бальніца як бальніца, нармальная бальніца.

У аддзяленьні сківічна‑тваравай хірургіі чыста і прыгожа.

У аддзяленьні сківічна‑тваравай хірургіі шмат людзей.

У сталоўцы насупраць вас будзе сядзець чалавек з амаль выбітым вокам, а каля яго — чалавек, з носам і шчакой, разарванымі ўдарам сякеры.

Калі вы паступілі сёньня, на вячэру ўсім дадуць пюрэ з рыбай, а вам адно пюрэ.

Калі вы паясьцё і захочаце выпіць гарбаты, не сьпяшайцеся, бо зараз па сталах крок за крокам пройдзе сястрычка з каструлькай і будзе сыпаць кожнаму ў кубачак лыжку цукру.

У аддзяленьні сківічна‑тваравай хірургіі няма каго пацалаваць.

Ад суседа па палаце Андрэя вы даведаецеся пра фантастычнае бырла «Бэрнштайн». Яно рабілася зь піўнога соладу, мела 18 градусаў, было смачнае, з прысмакам піва і нібы газаванае, праўда, мела тэрмін прыдатнасьці ўсяго 15 дзён.

Ад суседа па палаце Сяргея з Хоцімску вы даведаецеся, што іхны вінзавод банкрут. Вінзавод!

Хлопчыка Стасіка, гадоў сямі, што ляжаў на вашым ложку, перавядуць у дзіцячы пакой. А ён усё роўна будзе цэлы дзень сядзець на вашым ложку, гуляць з мабільнікам і кожную хвіліну званіць бацькам.

А вам ніхто ня будзе званіць тады, калі вы гэтага хочаце, а будуць званіць тады, калі вы трымаеце рукой штаны, агаляючы попу.

«Наколи мне купола», — скажа сястрычцы хлопец з двума сінякамі пад вачыма, заходзячы ў працэдурны кабінэт пасьля вас.

У адзіным на ўсю бальніцу шапіку, які называецца «Лавка жизни», вы знойдзеце прэзэрватывы, мінэралку, пячэньне і кнігу Джона Рыда «Дзесяць дзён, якія скаланулі сьвет».

У аддзяленьні сківічна‑тваравай хірургіі сонечныя промні, што падаюць на падлогу праз вакно, матэрыяльныя. Вы зможаце класьці на іх мокрыя шкарпэткі, каб яны хутка высахлі, але — што вы — ніхто так ня робіць.

Калі ў ваш пакой — а гэта будзе пасьля абеду на трэці дзень — закоціцца вялізны лілёвы пухір, вы будзеце ляжаць на сваім ложку і чытаць кнігу. Усе ў пакоі азірнуцца на яго, а калі ён лопне і сваімі пырскамі абдасьць ваш твар і скроні, разам з усімі вы засьмеяцеся і пачняце расказваць сьмешныя гісторыі.

Сяргей каля вакна раскажа пра чачэнца, які краў кароваў.

Расказ пра чачэнца, які краў кароваў

Адзін чачэнец меў машыну «волга» з высокім задам. Ён езьдзіў на ёй па вёсках і пільнаваў адзінокіх кароваў. Сустрэўшы такую карову, ён адкрываў заднія дзьверцы, браў абцугамі карову за язык і цягнуў за сабой. Ён пралазіў праз заднія дзьверцы ў машыну, а карова за ім. Яго злавілі даішнікі, якія спынілі праверыць дакумэнты, і бачаць: сядзіць чачэнец, а зь ім карова на кукішках.

Валера з Горак раскажа пра свайго суседа па дачы.

Расказ пра суседа па дачы

Сусед па дачы пабіў жонку і сеў у турму.

Сусед па дачы выйшаў з турмы, ажаніўся, пабіў жонку, жонка памерла, ён сеў у турму.

Сусед па дачы выйшаў з турмы, купіў сабе каня і кабылу, кабылу скралі.

Сусед па дачы сеў на каня, паехаў за кабылай, дагнаў яе праз сорак кілямэтраў і стаў біць хлопца‑рабаўніка. Ён бы яго забіў, але міма ехала міліцыя і ўзяла хлопца ў турму. Хлопец аказаўся ягоным сынам ад першай жонкі.

Соплі.

Мяса.

У вас будуць соплі.

У вас будзе жонка.

У вас будуць дзьве жонкі!

Вашая цяперашняя жонка прынясе вам мяса.

Вашая мінулая жонка прынясе вам торт.

Ваш сын ад цяперашняй жонкі ўдарыць вас па калене. Вы яго пацалуеце.

Вашыя дзеці ад мінулай жонкі будуць бегчы да вас па лёдзе, паваляцца і разьдзяруць рукі. Вы іх пацалуеце.

Вам пашчасьціць, што ваш сусед па палаце Андрэй працуе ў гэтай самай бальніцы ліфтавым майстрам, таму вы ў любы час будзеце мець закуток выпіць гарэлку ці пакурыць… Стоп. Вы ня курыце. Вы кінулі два гады таму. Ці год. А, чорт, курыце. І п’яце.

Вы перакуліцеся цераз галаву.

У вас будзе вялікі нос.

Прыйдзе доктар.

Доктар спытае, што баліць.

Вы скажаце, што душа.

Доктар ударыць вас па галаве.

Вы падумаеце: «Я веру ў беларускую літаратуру, але мала на што спадзяюся і яшчэ менш люблю».

Хто гэтая жанчына ў чырвоных макасінах? — падумаеце вы.

Магчыма, яна ня вашая жонка.

Але.

У аддзяленьні сківічна‑тваравай хірургіі няма каго пацалаваць.

Але.

У адзіным на ўсю бальніцу шапіку, які называецца «Лавка жизни», вы знойдзеце прэзэрватывы.

Прыйдзе старэнькі доктар.

Старэнькі доктар спытае Васю (а вашага дзядзю таксама завуць Вася!) з апошняга ложка, як ён. Яму ў першы дзень рабілі апэрацыю. Рабіў сам старэнькі доктар. Але, муха, патэлефанаваў тэлефон і доктар адышоў ад апэрацыі. Затое побач стаяла практыкантка. Яна выдрала зуб. Спыталася Васю, як ён. Ультракаін робіць Васю добрым. Падышоў старэнькі доктар і выдраў той зуб, які быў дрэнны. Вася кажа цяпер — баліць. А, муха, усё роўна баліць. Жанчына з круглым халатам на целе скажа пра сваё падазрэньне на непралезлы восьмы (а ў вашага дзядзі таксама восем!) зуб. Старэнькі доктар забярэ Васю з апошняга ложка да сябе ў кабінэт, раскрые яму рот, паставіць у рот (а ў вашага дзядзі…!) долата, возьме ў руку малаток, аддасьць гэты малаток у руку маленькаму і моцнаму практыканту, практыкант будзе адводзіць сваю руку за сьпіну і раптам біць малатком па долаце, і так ня стане ў Васі зуба.

А Валеру з Горак таксама ставілі долата ў рот, і цяпер у яго юлёвая пляма ад ніжняй губы да ключыцы.

Юлёвая, як той пухір, які закаціўся ў ваш пакой, калі вы ляжалі на сваім ложку і чыталі кнігу. Усе ў па¬коі азірнуліся на яго, а калі ён лопнуў і сваімі пырскамі абдаў ваш твар і скроні, разам з усімі вы засьмяяліся і сталі расказваць сьмешныя гісторыі.

Прыйдзе маленькі і моцны практыкант, ударыць вас па галаве, а пра хлопчыка Сяргея, які ляжыць вам у ногі галавой, ён скажа — а што, а што зь ім? А сястрычка з дзьвюма рукамі скажа, што, вось такое. А маленькі і моцны практыкант будзе шаптаць: а давайце зробім яму апэрацыю. А сястрычка з дзьвюма рукамі скажа, што ня трэба, ёй напісалі ў жоўтую паперку, што ня трэба.

Вам уткнуць у нос мэталічную вострую голку зь дзіркай, лягуць на яе ўсім целам, і вы адчуеце гэта сваім чэрапам. Муха, які моцны чэрап, скажуць вам і лягуць зноў. Вы ўзгадаеце, што ў адзіным на ўсю бальніцу шапіку, які называецца «Лавка жизни», прадаюцца прэзэрватывы.

У гэтыя дні выпусьцяць Артура Фінькевіча.

У гэтыя дні на сустрэчу з геніяльным беларускім паэтам Андрэем Хадановічам прыйдзе пяцьсот чалавек.

Вы падумаеце, што ў Андрэя Хадановіча, калі ён сьпявае, бязьлітасны твар, але будзеце памыляцца.

У гэтыя дні вы будзеце багата есьці, каб менш думаць пра Андрэя Хадановіча.

У гэтыя дні вашая мама, якая жыве цяпер у вашай сястры каля гораду Томску, нічога ня будзе ведаць (ваш дзядзя таксама) пра вашую хваробу, бо вы не захочаце яе хваляваць.

Па‑расейску «медведь» а па‑беларуску «кіт»! — крыкне вам ваш сын па тэлефоне.

У вас будзе чырвоны тэлефон з чорным корпусам.

Вы падумаеце, што жэжэ прыніжае вашую самаацэнку.

Жэжэ, інтэрнэт і жывыя людзі.

Вы будзеце баяцца фізычнага болю, але, госпадзе, якая гэта асалода перамагаць яго.

Жанчына з круглым халатам на целе скажа вам, каб вы надзьмулі шчокі. Вы надзьмяце. Вам стане так дрэнна, што вы пераменіце нагу. Жанчына з круглым халатам на целе скажа вам больш так не рабіць.

Калі вы будзеце засынаць, у вас будуць вялікія пальцы на нагах і маленькая галава.

Вас выпішуць.

Аляксей Бацюкоў, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0