Каб дасягнуць незвычайнага гучаньня, яны пераробліваюць звыклыя схемы ў гітарных дэвайсах і карыстаюцца рарытэтным абсталяваньнем. Індзі-рок гурт Teleport прадстаўляе на Tuzin.fm свой дэбютны альбом.

Гурт Teleport хоць і базуецца ў Менску, але ніводнага менчука ў камандзе няма – музыкі паходзяць з Бегомлю, Горадні, Бярозаўкі і Бераставіцы. Каманду заснавалі Яўген «Талаш» Цярэнцьеў і Максім Мацэвіч, а пазьней да іх далучыўся бубнач Мікалай Пахомчык і басіст Віктар Гуц.

Праца над дэбютнай кружэлкай пачалася яшчэ ўлетку 2013. Агулам на яе пайшло каля паўтара гады. «Пачалося з таго, што мы зьехалі ў Бегомль, дзе ў пастаральнай атмасфэры на лоне прыроды запісалі партыі бубнаў. Пасьля запіс праходзіў у менскім гаражы і на кватэрах, на рэпетыцыйных кропках і на лечішчы пад Горадняй», – распавядае Яўген Цярэнцьеў. Частку матэрыялу музыкі на студыі «Vintagemixing». Скарысталіся таксама архіўнымі аматарскімі гукасэсіямі 30 гадовай даўніны – ва ўступе кампазыцыі «Сьветлавы год» гучыць фрагмэнт запісу гурта, у якім граў бацька Яўгена Цярэнцьева, здабыты з магнітнай стужкі савецкіх часоў. Зводзілі песьні для дыску музыкі сваімі сіламі, а мастэрынгам займаўся брытанскі гукарэжысэр Стыў Кітч, які колісьці працаваў над альбомам літоўскай сьпявачкі Аліны Арловай «Mutabor».

«Мы правялі безьліч часу з паяльнікам у руках, каб перайначыць вядомыя схемы гітарных дэвайсаў пад свае патрэбы і не саромеліся выкарыстоўваць абсталяваньне, якое лічыцца састарэлым, бо шукалі незвычайнае і не падобнае да іншых гучаньне», – апавядае вакаліст Teleport.

Канпэпцыя альбому выяўляецца ў складаных па пабудове і працяглых беларускамоўных кампазыцыях «Maukliva» і «Bely Šum». «Maukliva» раскрывае прадстаўленьні пра канец сьвета і расчыненьне ўласнага «Я». «Bely Šum» распавядае пра жыцьцё ў выдуманым ідэальным сьвеце, дзе з кожным відам істоты набываюць новую форму, пражываюць дзень у новым вобразе і пра тое, што ўцёкі ад рэальнасьці здзейсьніць прасьцей, чым падаецца. Кампазыцыя «Leta» была выдадзена асобна самотнікам і атрымала добрыя водгукі ад слухачоў. «Мы ў ёй хацелі перадаць адчуваньне нейкай запоўненасьці прасторы і распавесьці пра лягічную структуру дзіўных супадзеньняў, якія адбываюцца ў нашым жыцьці штодня, ды пра гармонію ў Сусьвеце», – прадстаўляюць гэты твор музыкі і характаразуюць сваю працу, як «альбом станаў і настрояў», якія перажывае кожны.

Музыкі кажуць, што на іх паўплывалі галоўным чынам альбомы «Sgt. Pepper's Lonely Hearts Club Band» The Beatles, «Pandemonium Shadow Show» Гары Нілсана, «A Night At The Opera» Queen і шэдэўр поп-псыхадэліі «Pet Sounds» The Beach Boys. Усе песьні гурта – аўтарскія, за выняткам «Spinning Like A Ghost», якая напісаная на словы амэрыканскага паэта Рычарда Брацігана. На дыску прысутнічаюць дзьве інструмэнтальныя кампазыцыі. Адна зь іх і дала назву самому гурту.

 «Мы вельмі доўга думалі над назвай каманды і спынілся на гэтым слове. «Тэлепорт» – паняцьце, якое мяжуе з магіяй, гэта тое, што можна паспрабаваць толькі ў марах і тое, што робіць нашы магчымасьці бязьмежнымі», – тлумачыць Яўген Цярэнцьеў.

Асаблівую ўвагу музыкі надзялілі і вокладцы альбому. Яе аўтарам стаў удзельнік гурта Максім Мацэвіч, які акрамя музыкі займацца жывапісам і дызайнам.

Акром удзельнікаў гурта ў запісе альбому ўзялі таксама ўдзел сэсійныя музыкі: Flash (сола на лэп-стыл гітары ў «I Know a Place»), Мікалай Рудэня (барабаныя лупы ў «By Your House»), Аляксандар Бабуз (бас у «By Your House»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?