Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 11 жніўня пабываў у Жлобіне, Буда-Кашалёве і Гомелі, дзе ўдзельнічаў у пікетах па зборы подпісаў у падтрымку свайго вылучэння.

Анатоль Лябедзька, фота Сяргея Гудзіліна

Анатоль Лябедзька, фота Сяргея Гудзіліна

Паводле слоў палітыка, у яго падтрымку сабрана больш за 50 тыс. подпісаў, але лічбы для АГП не галоўнае.

«Збярэм 100 тыс. ці не, істотна гэта не паўплывае на тое, што мы будзем рабіць. Для нас галоўнае ў гэтай кампаніі — камунікацыя з людзьмі, нам важна данесці наша пасланне да як мага большай колькасці людзей, гэта тыя дзверы, якія прыадчыніліся, у якія мы ўвайшлі. Я думаю, што 12 кастрычніка гэтыя дзверы зачыняцца, і, пакуль час ідзе, мы гэты час выкарыстоўваем», — растлумачыў журналістам у Гомелі Лябедзька.

Ён падкрэсліў, што АГП у гэтай палітычнай кампаніі будзе абсалютна сумленнай і не будзе сабе штосьці прыпісваць — «атрымаецца як атрымаецца». Мінулыя палітычныя кампаніі, на думку палітыка, былі «вельмі камерцыялізаваныя». «Мы ўпершыню спрабуем правесці кампанію, абапіраючыся выключна на тых людзей, у якіх ёсць перакананні, якія не французскі легіён — прыйшоў, папрацаваў і табе заплацілі. Мы будзем выкарыстоўваць усе напрацоўкі і на парламенцкую кампанію надалей», — адзначыў патэнцыяльны кандыдат.

Лябедзька таксама паведаміў, што пры ўмове рэгістрацыі на апошнім этапе выбараў будзе здымаць сваю кандыдатуру.

Ад наведвання Жлобіна ў палітыка, паводле яго слоў, засталіся пазітыўныя ўражанні. Ён пагутарыў з прадпрымальнікамі на мясцовым рынку. За паўтары гадзіны на гандлёвым аб'екце члены яго ініцыятыўнай групы сабралі 36 подпісаў. У Буда-Кашалёве подпісаў сабралі менш. «Пад наш прыезд там паставілі пікет імя Аляксандра Рыгоравіча, які стаяў роўна столькі, колькі і мы там былі», — заўважыў палітык. Паводле слоў намесніка старшыні АГП Васіля Палякова, у райцэнтры адчувалася нейкая запужанасць і страх: «Людзі падыходзілі, ставілі подпісы, але баяліся, каб ніхто гэтага не бачыў.

Журналісты ў Гомелі пацікавіліся стаўленнем старшыні АГП да дворнікаў — у матэрыяле «Еўрарадыё» была інфармацыя, што палітык не вітаецца з дворнікамі ў сваім двары. «У мяне адна дворнічыха, дастаткова маладая асоба. Улічваючы маю спецыфіку, гэтая жанчына, як бы сказаць дыпламатычна, дапамагае сілавым структурам рознай інфармацыяй — калі я прыйшоў і пайшоў. Хаця на мяне гэта ніяк не ўплывае, я разумею, што многіх сёння могуць прымусіць штосьці рабіць, але канфліктаў у мяне з дворнікам або з кім-небудзь у пад'ездзе не было», — падкрэсліў Лябедзька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?