У Мінску на сайт «Наш горад» можна будзе прысылаць фотаздымкі аб недахопах у працы гарадскіх службаў. Аб гэтым паведаміў 12 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. 

Паводле яго слоў, плануецца, што сайт запрацуе да канца гэтага года. «Мы ствараем сайт для таго, каб максімальна аператыўна рэагаваць на нейкія нязручнасці, якія ствараюцца для жыхароў горада. Камунальным службам немагчыма трымаць пад кантролем кожны метр у горадзе. Таму нам гэтую інфармацыю хацелася б атрымліваць як можна больш аператыўна», — сказаў Кухараў. 

Ён адзначыў, што любы чалавек можа з мабільнага тэлефона прыслаць фотаздымкі недахопаў.

«Напрыклад, праваліўся люк. Ён сфатаграфаваў і скінуў на гэты сайт з інфармацыяй аб месцы. Тады інфармацыя аператыўна апрацоўваецца і прыходзіць да выканаўцы, які павінен устараніць недахоп у максімальна сціслыя тэрміны, зрабіць фатаграфію і выставіць побач з папярэднім здымкам», — адзначыў першы намеснік кіраўніка Мінгарвыканкама. 

На яго думку, гэта дапаможа скараціць колькасць папяровых зваротаў і адказаў на іх. «Каб абазначыць праблему, многія мінчане пачынаюць тэлефанаваць або пісьмова звяртацца. Пакуль ліст прыйшоў, прайшоў па інстанцыях, пакуль разгледзелі, адказалі. На гэта патрабуецца даволі шмат часу і вялікая колькасць паперы. Цяпер не будзе неабходнасці весці папяровую працу, а чалавек у максімальна кароткі час дасць сігнал і атрымае адказ на яго без лішніх затрат», — лічыць Кухараў. 

Ён таксама адзначыў, што будуць укараняцца камп'ютарныя тэхналогіі і ў атрыманні заявак на аказанне камунальных паслуг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?