Яшчэ напачатку сямідзясятых на беларускіх вуліцах даволі часта гучаў ідыш. На той час яўрэі складалі больш за тры адсоткі насельніцтва нашай краіны. Але хвалі эміграцыі сямідзесятых і дзевяностых практычна павымывалі яўрэяў з Беларусі. Разам з яўрэямі, якія спрадвеку жылі ў нашай краіне, Беларусь страчвае і яўрэйскую культуру, і старонкі яўрэйскай гісторыі, і шмат цікавых асобаў…
Што мы ведаем пра побыт яўрэйскага мястэчка ў Беларусі? Якія прывілеі мелі яўрэі за часамі Вялікага Княства Літоўскага? Якія дакументы менскага гестапа, датычныя ўзаемаадносінаў беларусаў і тутэйшых яўрэяў, знайшлі амерыканцы ў Рэйсканцэлярыі ў 1945 годзе? Пра гэта нашаму карэспандэнту Марціну Войну расказвае Хаім Левіт – былы мянчук, сяржант Нацыянальнай гвардзіі ЗША і даследчык гісторыі беларуска-яўрэйскіх узаемаадносінаў.
— Cпадар Хаім, колькі вы ўжо жывяцё ў ЗША?
— Больш за 22 гады.
— І чым вы займаецеся, як не сакрэт?
— Я жаўнёр Нацыянальнай гвардзіі Нью-Йорка, сяржант. Між іншым, пад 60% з амерыканскіх вайскоўцаў, якія бяруць удзел ва ўзброеных канфлікатах, акурат з Нацыянальнай гвардзіі розных штатаў.
— Калі ласка, раскажыце пра сябе…
— Нарадзіўся я ў Менску. Скончыў звычайную рускамоўную школу. Таксама скончыў прафесійную школу. Адслужыў у войску. У дзяцінстве і ў юнацтве я быў абсалютна стоадсоткавы савецкі грамадзянін. Памятаю, калі мне было гадоў шэсць, у мяне на сцяне была карта, дзе я сцяжкамі адзначаў тыя краіны, якія ўжо будуюць камунізм, і тыя, якія толькі збіраюцца яго будаваць.
Потым, напрыканцы васьмідзесятых, я пачаў цікавіцца гісторыяй. Пачаў чытаць навейшыя гістарычныя даследаванні… Тады я дазнаўся, што Статут Вялікага Княства Літоўскага напісаны беларускай мовай. Я знайшоў тэкст і адшукаў там артыкул «аб галаўшчынах і навесках жыдоўскіх», потым «ад нашэнні жыдоўскім», якія мяне вельмі ўразілі. Там было напісана, што «жыды на мячах і шаблях срэбра насіць не маюць».
— Але ж проста зброю насіць могуць!
— Атрымліваецца, так!
— То давайце тады прыгадаем тыя часы. 1588 год. Ці было нешта падобнае ў той час у Заходняй Еўропе? Ці мелі еўрапейскія жыды такія ж правы, як нашыя? У той жа Гішпаніі, у Нямеччыне, у Італіі… Нічога падобнага не было.
— Так.
— Вы – стваральнік надзіва карыснай старонкі ў Сеціве «Жыды на Беларусі». Інфармацыя там проста ўнікальная. Як стваралася гэтая старонка? Вам хто дапамагаў?
— Ніхто не дапамагаў, ствараў яе цалкам сам.
— Калі жыды ўпершыню з’явіліся ў Беларусі?
— Гісторыя жыдоўства ў Беларусі – гэта, практычна, гісторыя маёй сям’і. Бабуля мая паходзіла з вельмі заможная сям’і са Слоніму. Род наш перабраўся ў Беларусь з Гішпаніі гадоў 500 таму, ратуючыся ад інквізіцыі… Але ж большасць беларускіх жыдоў – гэта ўцекачы з Нямеччыны. Вялікае Княства Літоўскае было абсалютна ўнікальнай дзяржавай. Гэта адзіная дзяржава ў свеце, у якой не было адзінай дзяржаўнай царквы, адзінай дзяржаўнай рэлігіі. Другая такая дзяржава – Злучаныя Штаты Амерыкі…
— Расейскія гісторыкі сцвярджаюць, што жыдоўскія ліхвяры, у тым ліку і ў Беларусі, душылі мясцовы бізнэс…
— Так сталася менавіта пад Расейскай Імперыяй. «Рыса аседласці», якую яны стварылі, была тэрыторыяй надзвычай высокіх падаткаў. Справа не ў тым, што жыдоўскія ліхвяры душылі бізнэс. Яны былі змушаныя «рэзаць» кошты, бо ў тых падаткавых умовах, якія былі нам накінутыя Масквой, не было ніякага іншага выйсця. Каб неяк выжыць, даводзілася зніжаць кошты…
— То бок рабіць дэмпінг, кажучы сучаснай мовай?
— Так! Жыды сплачвалі падаткі незалежна ад таго, былі ў іх грошы ці іх не было. Маскоўскія падаткі душылі не толькі жыдоўскі бізнэс у нашым Краі.
— Давайце згадаем, як выглядала традыцыйнае беларускае мястэчка яшчэ напачатку ХХ стагоддзя. На галоўнай плошчы – касцёл, царква, сінагога, а здаралася яшчэ, і мячэць. Выпадкаў нейкай рэлігійнай варожасці асабліва не было, хіба што нейкія побытавыя кпіны…
— У 1945 годзе амерыканцы знайшлі ў Рэйсканцэлярыі цікавы дакумент з менскага гестапа. Там пісалася, што беларусаў немагчыма схіліць да варожасці супраць жыдоў, бо мясцовае насельніцтва ім спачувае…
— Але ж на пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі выбухнулі жыдоўскія пагромы. Гомельскі, Рэчыцкі…
— Самы вядомы пагром – гэта ў Беластоку. З аднаго боку, пагромнікам трэба было даводзіць сваю вернасць расейскаму ўраду. З другога – расейская «ахранка», каб пазбегнуць рэвалюцыі, імкнулася нацкаваць народ на жыдоў.
— Наколькі маральна, на ваш погляд, падзяляць усіх, хто жыве ў Беларусі, на «беларусаў» і «небеларусаў» паводле нейкага «складу беларускай крыві»?
— «Паводле крыві» ніхто нацыянальнасць не вызначае. Акрамя, хіба што, нацыянал-сацыялістаў. Нацыянальнасць вызначаецца па культуры. Ва ўсіх цывілізаваных краінах, ва ўсялякім выпадку!.. Сярод вядомых беларускіх яўрэяў – мастак Марк Шагал, пісьменнік-фантаст Айзік Азімаў, вынаходнік Дэвід Сарноў, стваральнік галівудскай кінастудыі «Метро Голдвін Маер» Лазар Меер, знакаміты гангстар часоў «сухога закона» Меер Ланскі, а таксама пяць прэзідэнтаў і прэм’ераў Ізраіля.