Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты беспрацоўны жыхар Светлагорска за хуліганства (арт. 339 КК). Жыхар райцэнтра шакіраваў землякоў, калі з'явіўся ў магазін за выпіўкай голым, паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама.
Грамадзянін, як інфармуе УУС, «знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы яўную непавагу да грамадства, дэманструючы вельмі пагардлівае стаўленне да маральных каштоўнасцяў грамадства і добрапрыстойных паводзін, выйшаў голым з уласнай кватэры, размешчанай у мікрараёне Палессе на вуліцу, зайшоў у магазін «Асарці» і купіў спіртныя напоі, пасля чаго быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі».
Паводле інфармацыі УУС, мужчына на судзе поўнасцю прызнаў віну, чыстасардэчна раскаяўся, публічна папрасіў прабачэння і расказаў, што сапраўды напярэдадні такіх падзей ужываў спіртныя напоі.
«На наступны дзень вырашыў пахмяліцца, а адсутнасць на ім адзення яго не збянтэжыла. У дзённы час ён выйшаў голым са сваёй кватэры на вуліцу, пасля чаго ў тым жа выглядзе (гэта значыць голы) зайшоў у магазін, дзе ў прысутнасці грамадзян (у тым ліку і непаўналетніх) купіў спіртныя напоі. Пры гэтым на людзей вакол сябе ўвагі не звяртаў, палавыя органы нічым не прыкрываў і нікога не саромеўся. Пасля таго, як ён пакінуў магазін, быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі», — гаворыцца ў паведамленні.
«За ўчыненае злачынства абвінавачваны аштрафаваны на 100 базавых велічынь, што ў грашовым выражэнні складае 18 мільёнаў рублёў, а таксама падлягае прымусоваму лячэнню ад хранічнага алкагалізму», — удакладняе УУС Гомельскага аблвыканкама.