Даследчыкі Кембрыджскага ўніверсітэта (ЗША) і Швейцарскай вышэйшай тэхналагічнай школы Цюрыха стварылі робата, што можа ствараць іншых робатаў, паляпшаць іх ды вучыцца на сваіх памылках. Тэхналогія апісваецца на сайце Кембрыджа.

«Робат-матуля» (пакуль што?) не распрацоўвае іншых робатаў з нуля, а збірае «дзетак» з модуляў, затым абірае самае прыстасаванае «дзіцятка» — і робіць наступнае пакаленне з улікам «памылак».

«Матуля» пакуль не можа скапіяваць сябе ці стварыць нешта больш эфектыўнае за сябе.

Модулі «дзетак» маюць «генетычны код» — апісанне формы робата і каманд для яго матора. Наступныя пакаленні ствараюцца з выпадковымі зменамі ў гэтым кодзе — часам карыснымі, часам шкоднымі. Такім жа чынам адбываўся і натуральны адбор у прыродзе. Крытэрам карыснасці ёсць хуткасць перамяшчэння «дзетак» — у «матулі» атрымалася павялічыць хуткасць праз некалькі пакаленняў.

На сёння «робат-матуля» траціць на адно «дзіцятка» гадзіну і не можа працаваць долей за 24 гадзіны. Але аўтары робата плануюць палепшыць тэхналогію, каб укараніць яе ў прамысловасці. Яны спадзяюцца, што машына стане вынаходнікам і дапаможа прыстасоўваць робатаў для складаных умоў.

Робаты, што ствараюць іншых робатаў, нярэдка апісваюцца ў навуковай фантастыцы. Ёсць і даволі нефантастычны прагноз: хутка нас чакае тэхналагічная сінгулярнасць, калі мы самі перастанем разумець, як развіваюцца тэхналогіі.

У навуковай фантастыцы робаты, што робяць робатаў, рэдка прыводзяць да аптымістычнага сцэнара. Папулярны сюжэт — «шэрая слізь», калі нанаробаты ў намаганнях зрабіць сабе падобных ператвораць усё даступнае рэчыва ў сябе. Як складзецца ў жыцці, а не мастацкай літаратуры, прадказаць цяжка.

Прынамсі цяпер «робат-матуля» не ўмее рабіць іншых «робатаў-матуль». Тым не меней, нават «матуля», што ўмее рабіць толькі «дзетак», а не «матуль», можа прывесці да таго, што «дзеткі» стануць занадта складанымі для разумення чалавека.

Выява з сайта abc.net.au

Выява з сайта abc.net.au

Адна справа, калі вы не разумееце, як працуе ваш iPhone, а зусім іншая — калі ніхто ў Apple не разумее, як працуе іх iPhone і якой будзе наступная мадэль. Такі сцэнар, што атрымаў назву «тэхналагічная сінгулярнасць», прадказваўся яшчэ з XIX стагоддзя, стаў папулярным у сярэдзіне XX-га. Нехта казаў пра надыход сінгулярнасці ў 2030-2045 годзе, нехта нават да 2020-га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?