Расея арганізавана выбрала чалавека, на якога ёй паказалі. Дзьмітры Мядзьведзеў перамог на выбарах з прадказальным вынікам: 70 % галасоў пры яўцы, што склала таксама пад 70 %. Некалькі псэўдаканкурэнтаў падзялілі астатак пірага. Малалікая дэмакратычная апазыцыя правяла кароткія шэсьці пратэсту ў Маскве і Пецярбургу.

Застаецца пытаньнем, што новага ў палітыку Расіі прыўнясе новы лідэра рэжыму, які абапіраецца на спэцслужбы і дзяржаўныя сыравінныя манаполіі, у параўнаньні з Уладзімірам Пуціным, і ці ўвогуле будзе што новае? У дзень пасьля выбараў другі прэзыдэнт працягваў перад тэлекамэрамі знарочыста раздаваць заданьні трэцяму.

Нават калі ў замежнай палітыцы і разьмеркаваньні датацый унутры краіны павароты магчымыя, наўрад ці можна чакаць прынцыповых зьменаў у палітыцы Расеі ў Беларусі, якая вызначаецца інтарэсамі “Газпрому” і набліжаных да Крамля нафтавых кампаній.

Паводле афіцыйных зьвестак, за Дзьмітрыя Мядзьведзева прагаласавалі 70,24 % выбарцаў, за старшыню камуністаў Генадзя Зюганава – 17,75 %, за Ўладзімера Жырыноўскага – 9,36 %, за кіраўніка створанай Крамлём фіктыўнае Дэмакратычнай партыі Андрэя Багданава – 1,30 %.

Назіральнікі ад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы назвалі выбары «крокам назад ад дэмакратыі», чым выклікалі гнеўную рэакцыю расейскай Ярмошынай — старшыні Цэнтравыбаркаму Ўладзіміра Чурава.

Перад выбарамі адсутнічала публічная дыскусія — Мядзьведзеў адмовіўся ад дэбатаў з канкурэнтамі, што стала ўжо традыцыяй постсавецкіх краінаў. Зрэшты, вялікіх дыскусій не было б і на дэбатах. Кандыдатам ад дэмакратычнай апазыцыі — Каспараву, Букоўскаму — наўпрост адмовілі ў праве балятавацца. «Канкурэнцыю» пераемніку Пуціна склалі тры прыдворныя кандыдаты, якіх толькі вялікі фантазёр можа лічыць сапраўды апазыцыйнымі.

Гэта лідэр камуністаў Генадзій Зюганаў, які выдае сябе за абаронцу інтарэсаў бедных і працоўных, але які зашыўся ў сваіх маскоўскіх кватэрах, калі пару гадоў таму ў Расеі ўзьнялася хваля пратэсту супраць адмены льготаў.

Гэта таксама Ўладзімір Вольфавіч Жырыноўскі, партыю якога стварыла КДБ у якасьці псэўдаапазыцыі яшчэ ў часы СССР. Гэты майстар палітіычнай сцэны на працягу ўсёй сваёй кар'еры трансьляваў ідэі Крамля. Вяршыняй ягонай дзейнасьці быў 1998 год, калі ён уратаваў Ельцына ад імпічмэнту за разьвязваньне вайны ў Чачэніі.

Да іх гэтым разам дадаўся яшчэ кандыдат-«дэмакрат» — былы паліттэхноляг крэмлёўскіх партый, пэўны Багданаў. Гэты тып з доўгімі патламі і непрыемнай фізіяноміяй выступаў у ролі «апазыцыі справа». Для поўнага праўдападабенства яго абралі яшчэ й вялікім магістрам масонскай лёжы...

Галасаваньне адбывалася спакойна, калі не лічыць шэрагу тэрарыстычных актаў у Дагестане. Найпершым клопатам выбарчых камісіяў было забясьпечэньне хоць якой яўкі, каб прэзыдэнцтва Мядзьведзева выглядала легітымна. Таму на ўчастках налівалі алькаголь і нават ладзілі лятэрэі. Карацей, «выбары прайшлі арганізавана».

Нешматлікая дэмакратычная апазыцыя правяла ў панядзелак шэсьці пратэсту ў Маскве і Пецярбургу, што скончыліся затрыманьнямі двух дзясяткаў чалавек.

Расчараваньне і дэзарыентацыю недабітае расейскае лібэральнае інтэлігенцыі выказаў праваабаронца Сяргей Кавалёў, што сядзеў за свае палітычныя погляды яшчэ пры Брэжневе: «Пайсьці і прагаласаваць азначае ўзяць удзел у агідным спэктаклі хлусьні. Але застацца ўдома можа азначаць ухіліцца ад усякай спробы пратэсту супраць Крамля». Кавалёў урэшце вырашыў пайсьці на ўчастак, але зьнесьці бюлетэнь з сабой на знак пратэсту.

Людзі кавалёўскага гарту наракаюць, што Расея мала зьмянілася ад часоў Мікалая І, калі краінай кіравалі агенты ІІІ аддзяленьня і Лермантаў горка пісаў: «Бывай, нямытая Расія, Край панства і сагнутых сьпін, І вы, астрогаў вартавыя, І ты, народ адданы ім».

Тым ня менш, ураджэнец Горадні Сяргей Кавалёў захоўвае спадзеў: «Я да дэмакратыі напэўна не дажыву [С. Кавалёву ў дзень выбараў споўнілася 78]. Але ня трэба занадта пэсымізму. Андрэй Сахараў у 1979 годзе гаварыў, што не прадбачыць зьменаў у Савецкім Саюзе ў агляднай будучыні. Між тым зьмены пачаліся ўжо за пяць гадоў, а ў 1991 годзе сама дзяржава СССР распалася. Цяпер сьвет разьвіваецца хутчэй, чым тады, дык хто ведае... Хоць сёньня здаецца, што расейская дэмакратыя — гэта справа хіба што 10-20 гадоў, можа нам ня прыйдзецца чакаць аж так доўга», — сказаў ён у інтэрвію польскай «Газэце выборчай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?