Фрагмэнт вокладкі кнігі Архана Памука «Kafamda Bir Tuhaflik»

Фрагмэнт вокладкі кнігі Архана Памука «Kafamda Bir Tuhaflik»

Харвацка-басьнійскі пісьменьнік Міленка Ергавіч дзеліцца ўражаньнямі ад прачытаньня першага ў сьвеце перакладу новага раману Архана Памука.

Бываюць кнігі — яны выключна рэдкія, звычайна гэта тоўстыя вялікія раманы, якія прачытваюцца за некалькі дзён, часам і тыдняў — што калі мы набліжаемся да іх канца, мы адчуваем патрэбу нешта зрабіць. Надзець чыстую белую кашулю, перш чым выйсьці з кнігай у горад, зайсьці ў маленькую кавярню насупраць працы і дачытаць некалькі апошніх старонак. Белая кашуля — праява павагі і шкадаваньня. Павагі да кнігі і шкадаваньня да жыцьця. Гэта была кніга, якую толькі аднойчы можна прачытаць першы раз. І кніга, пасьля якой чытачу здасца, што такіх больш няма і ніколі ня будзе.

Раман пад назвай «Kafamda Bir Tuhaflik» выйшаў у Стамбуле 9 лістапада 2014 году. Паралельна з падрыхтоўкай да друку рукапіс на сэрбскую мову перакладала Мір’яна Марынкавіч на замову Бялградзкай «Геапаэтыкі», сталага выдаўца Памукавых кніг. У канцы траўня пераклад выйшаў пад назвай «Čudan osećaj u meni» («Дзіўнае адчуваньне ўва мне»). Гэта першы ў сьвеце пераклад новай кнігі Архана Памука. Перакладчыца сваю працу выканала бездакорна. Яе сказы прыгожыя і дакладныя, уважліва стылізаваныя ў духу нашых моваў, а пры гэтым верныя Памукаву стылю. Лексыка выразна абзаходненая, пазьбегнуты турцызмы, нават і тыя, якія ўжо зжыліся і зьліліся з сэрбскай (і харвацкай) мовай, так што эфэндзі (збольшага) зрабіўся спадаром, а джэназа (пасьлядоўна) пахаваньнем. Але дзеля таго, што і гэта зроблена зь веданьнем, мераю і перакладчыцкім літаратурным талентам, гэтаму чытачу гэта не зашкодзіла, хоць яму й бліжэйшы падыход двух вялікіх харвацкіх перакладчыкаў Памука — Экрэма Чаўшэвіча і Марты Андрыч — якія да турцызмаў падыходзяць з пэўнай басьнійскай меркай і з усьведамленьнем шматвяковай інтэграцыі ісламу і турэцкай мовы ўнутры харвацкай культуры. (Дарэчы, малаверагодна, што неўзабаве — у найбліжэйшы год ці два — зьявіцца харвацкі пераклад Памукавага раману. Прычыны тут дзьве: ніхто ў Харватыі, апрача «Фрактуры», ня ў стане падрыхтаваць і выдаць такую запатрабаваную кнігу; ранейшы Памукаў харвацкі выдавец некарэктна абышоўся з Экрэмам Чаўшэвічам і Мартай Андрыч, таму нельга спадзявацца, што нехта зь іх дваіх узяўся б за гэтую працу.)

Мэўлут Караташ — вулічны прадавец бозы. Раней ён прадаваў кіслае малако, але з разьвіцьцём харчовай індустрыі людзі пачалі купляць кіслае малако ў крамах і супэрмаркетах. У Стамбул ён перасяліўся з бацькам. Было гэта ў 1969 годзе, калі ён пайшоў у гімназію. На пустой дзялянцы ў адным зь бедных прадмесьцяў яны абгарадзілі кавалак зямлі і збудавалі ўбогую хатку. Дакумэнты аформілі праз знаёмствы.

Мэўлутава жыцьцё працякае дзьвюма плынямі: удзень ён жыве, ходзіць у школу, вучыцца, бавіць час зь сябрамі і робіць тое, што і ўсе іншыя людзі^; увечары і ўначы ён абыходзіць старыя стамбульскія кварталы і прадае бозу. Насамрэч дзённая і начная плынь — гэта два розныя жыцьці, два Мэўлутавы чалавечыя вобразы.

З аднаго-адзінага позірку ён закахаўся ў прыгожую Сэміху. Месяцамі і гадамі ён піша ёй лісты і шле праз пасярэдніка. Калі справа дасьпявае і яму прыходзіць пара ажаніцца — што, вядома ж, ня можа адбыцца паводле традыцыйных прынцыпаў: з прашэньнем рукі, пасагам і ўсім астатнім, бо Мэўлут проста горкі бядняк — адбываецца памылка, або можа й падман. Што менавіта — Мэўлут дакладна даведаецца толькі калі пражыве паўжыцьця. Дык вось, замест прыгожай Сэміхі, якой ён слаў закаханыя лісты, яму ў абдымкі і ў шлюбны ложак трапляе крыху менш прыгожая Раіха.

У першы момант ён расчараваны, раздумвае пра скандал, але баіцца — што скажуць людзі. Ня пройдзе шмат часу — дзень, два, дзесяць або можа нейкі месяц — і Мэўлут адкрые ў Раісе тую, якой бы ён ніколі не адрокся i ніколі б не пасаромеўся. Але ўсё роўна ў галаве ў яго застаецца пытаньне: што ж насамрэч здарылася, як так, што замест адной ён ажаніўся з другой сястрою. І што яшчэ важней: што было б, калі б усё адбылося іначай? Ці быў бы ён шчасьлівейшы, чым цяпер?

Гэта першы, самы просты пласт Памукавага раману, які, як і кожная сапраўдная гісторыя каханьня, пачынаецца вельмі звычайна, нібы чалавечае жыцьцё — не адзіна магчымае, а тысячу разоў пражытая імітацыя жыцьця, але з часам ён разьвіваецца ў велічную і, вядома ж, вельмі сумную гісторыю каханьня, якую гэты чытач ня мае права пераказваць, так што яму ня трэба, або й нельга, верыць на слова, што ён мала такіх дагэтуль прачытаў або пачуў у сваім жыцьці.

Наступны, больш складаны пласт характарызуе кнігу «Дзіўнае пачуцьцё ўва мне» як грамадзкі або грамадзка-палітычны раман пра сучасную Турцыю. «Гісторыя пра жыцьцё бозьніка Мэўлута Карташа, яго прыгоды, мары і сяброў», як напісана ў першай частцы падзагалоўка, гэта адначасова і «Карціна стамбульскага жыцьця паміж 1969 і 2012 гадамі, бачаная вачмі розных людзей», як зазначаецца ў другой палове падзагалоўка. У часе, пра які піша Памук, Турцыя ператварылася з Атацюркавай рэспублікі, у якой панавалі вайсковы сэкулярызм, жорсткі нацыяналізм і доўгае гараваньне ў пераддэмакратычным стане, у нешта накшталт асьвечанай ісламісцкай дэмакратуры, пазначанай моцным эканамічным ростам, заходніцкім спажывальніцтвам, адухоўленым звужэньнем асноўных правоў чалавека, верай як палітычнай праграмай і палітыкай як верай. З эпохі, у якой прапаноўвалася шмат рашэньняў і ўсё кішэла энтузіястамі ашчасьліўленьня народу — ад правых экстрэмістаў да левых радыкалаў, за чым усім назірала войска, арганізуючы сілавыя ўдары як толькі ўзьнікала пагроза Атацюркаваму нацыяналістычнаму і праэўрапейскаму ідэалу, Турцыя ўступіла ў эпоху, дзе адзінае рашэньне застаецца ў веры і ў аўтарытарным прэзыдэнце як зямным пасярэдніку нябесных ісьцін. Памук дзіўнаватым чынам здолеў апісаць гэтую перамену, апавядаючы пра жыцьцё аднаго чалавека і мноства людзей вакол яго.

Архан Памук

Архан Памук

Трэці пласт — гістарычна-ідэнтычнасны. Час нейкім небясьпечным чынам ператварае Стамбул. Некалі неаднародны, складаны і шматзначны горад робіцца ўсё больш простым і адназначным. Бліскучыя і вельмі зразумелыя заходняму чытачу тыя старонкі, на якіх ён апісвае хвалі этнічных чыстак сярод некалі моцнай і магутнай грэцкай супольнасьці. «Бальшыня грэкаў уцякла ў Грэцыю пасьля рабункаў і разбурэньня цэркваў і майстэрняў, выгнаньня сьвятароў і гвалтаваньня жанчын натоўпамі з кіямі і сьцягамі ў руках 6 і 7 верасьня 1955 году падчас канфлікту паміж Грэцыяй і Кіпрам. І тыя, хто тады ня ўцёк, былі змушаныя пастановай улады 1964 году за дваццаць чатыры гадзіны пакінуць свае дамы і свой край». І гэта, зрэшты, быў канец. Іхныя ўчорашнія суседзі і сябры, абароненыя велікароднай прыналежнасьцю да пануючай нацыі, рабілі выгляд, што нічога ня бачаць. Але ўсё, кажа Памук, пачалося раней, калі ў Эўропе яшчэ йшла вайна: «Першы ўдар з боку мусульманаў з Бэяглу пасьля абвяшчэньня Рэспублікі быў нанесены падаткам на маёмасьць 1942 году. Улада, якая падчас Другой сусьветнай вайны была пад заўважным нямецкім уплывам, абклала бальшыню хрысьціянскага насельніцтва Тарлабашы занадта высокімі падаткамі, а мужчынаў армянаў, грэкаў, асірыйцаў і габрэяў, якія не пасьпелі іх заплаціць, арыштавала і выслала ў працоўныя лягеры ў Ашкале».

Жыцьцё Мэўлутавага пакаленьня праходзіць паміж успамінамі і запраграмаваным забыцьцём, у крамках, якія некалі былі грэцкімі, на зямлі, на якую яшчэ й сёньня нейкі грэк мае задакумэнтаваныя правы, у дамах і кватэрах, якія належалі грэкам. Новыя ўлады ўвесь час разбураюць старыя дамы, бо іх будавалі нейкія грэкі, армяне, габрэі. Зямлю, зь якой выганяюцца людзі, іх некалі багатыя кварталы засяляюць бядотай з Анатоліі, у тым ліку курдамі і алевітамі — прадстаўнікамі шматлікай раскольніцкай рэлігійнай супольнасьці, уцісканай усімі рэжымамі Рэспублікі, у тым ліку і цяперашнімі ісламістамі — чые жыцьці і лёсы пазначаюць сабою завяршэньне этнічных чыстак і дасягненьне ідэалу турэцкага нацыяналізму, але ў наступнай фазе і яны, хоць таксама ў пэўным сэнсе мусульмане, адчуюць на сабе ўдар прававерных.

Гістарычна-ідэнтычнасны пласт Памукавага раману з усіх гледзішчаў мае разбуральны і палітычна падрыўны характар. Гэтай кнігай — значна больш, чым палітычна разрэклямаваным раманам «Сьнег» — пісьменьнік ударыў у сэрца турэцкага гонару, рэлігійнага і нацыянальнага. «Дзіўнае адчуваньне ўва мне» мае горкую, але лячэбную функцыю грамадзкага, цывілізацыйнага і нацыянальнага самапазнаньня. Гэта кніга, якая будзе ўплываць ня толькі на тых, хто яе прачытае. Убудаваная ў велізарны будынак жывой турэцкай культуры рукою і душою аднаго з найвялікшых яе будаўнікоў, яна ня толькі перастварае турэцкую ідэнтычнасьць, але і дапамагае гэтай ідэнтычнасьці абысьці стараною і Эрдагана, і ягоны рух, які вядзе да ісламізацыі і султанізацыі Рэспублікі.

Чацьверты пласт раману — інтымна-гарадзкі. Ён мае дачыненьне як з уяўленьнем аднаго вулічнага прадаўца бозы, гэтак і з Стамбулам, у чыіх вуліцах ягонае ўяўленьне расьце і разьвіваецца. Недзе пад канец раману, у адным схаваным сказе (які няма патрэбы цытаваць), Стамбул перастае быць рэальным горадам і ператвараецца ў Мэўлутаву разумовую мапу, у кровазварот ягонага мозгу і душы, у сетку ягоных думак. Горад як уяўленьне. Гэта тое месца ў рамане, калі гэтаму чытачу займае дух, сярод іншага яшчэ й таму, што ён, гэты чытач, некалькімі днямі раней закончыў першую кнігу свайго раману-мапы гораду, які адзін іншы, вельмі непадобны да Стамбулу горад, спрабуе паказаць як свой уласны разумовы вобраз. Ідэя гораду як чалавечага мозгу, ягонай сьвядомасьці, падсьвядомасьці і надсьвядомасьці — гэта тое, што чытач падзяляе з Арханам Памукам. Абодва мы супраць сваёй волі ўжо разьвіталіся зь зямной праекцыяй сваіх гарадоў і змушаныя ствараць іх нанова або праецыраваць у нейкім іншым вобразе. Тут параўнаньне пачынаецца і канчаецца.

Пяты пласт раману — гэта разважаньне аб дачыненьнях традыцыі і мадэрнасьці, якое Памук уводзіць і ў іншыя свае кнігі — «Я завуся чырвонай», «Стамбул», «Музэй нявіннасьці» — якое гэтым разам цалкам стылізаванае і ўбудаванае ў сюжэт і дзеяньне апавяданьня. Мэўлут ходзіць па горадзе, выгукаючы «бо-за! бо-за!» Людзі выглядаюць з вокнаў і бальконаў, запрашаюць бозьніка падняцца да іх, пытаюцца ці боза кіслая або салодкая, і, купляючы шклянку, куфаль або бутэльку шэра-жоўтага напою, вырабленага з кукурузнай мукі, закваскі і цукру (ці можа мёду), насамрэч купляюць нейкія свае дародавыя ўспаміны, старую імпэрскую славу, сямейную гісторыю… Купляюць традыцыю ў яе найбольш канкрэтнай і лёгка вытлумачальнай форме. Яны туркі і стамбульцы таму, што купляюць бозу і ведаюць, што азначае боза ў іх існаваньні ў часе і ў гісторыі.

Пры гэтым боза — гэта ня так ужо й нявінная і чыстая мэтафара. Яна мусіць адстаяцца і забрадзіць, каб набыць тую асьвяжальную рэзкасьць, дзеля якой людзі яе і п’юць. Менавіта ў той рэзкасьці і ёсьць алькаголь. У Асманскай Турцыі, у якой кіраваліся неартадаксальна зразуметымі, прыстасаванымі да жыцьця, але й надалей вельмі суворымі і жыцьцятворнымі ісламскімі прынцыпамі, боза была дазволеным, легальным і прыхаваным алькаголем. Ракію асманцы пілі патаемна, пад сталом і за дзьвярыма, прыблізна так, як сёньняшнія эмансіпаваныя людзі кураць гашыш і марыхуану, пілі яны яе шмат, столькі, што і ў нашыя мовы занесьлі слова, якім мы называем гэты напой. (Ракія — турцызм, калі вы не зразумелі.) Але на людзях і перад Богам пілася боза.

У постмадэрнай Турцыі, якая, будучы адсунутай, выгнанай з Эўропы пастановамі сэкулярызаваных брусэльскіх крыжакоў, нанова рэісламізуецца, і боза раптам робіцца патэнцыйнай праблемай. А менавіта, рэісламізацыя Турцыі будзе праводзіцца не ў адпаведнасьці з асманскімі традыцыямі, падобна таму як любая рэтрадыцыяналізацыя і рэкансэрватызацыя азначаюць не вяртаньне да таго, што было, а прыняцьце міту аб мінуўшчыне і яе штучнага вобразу. Рэісламізацыя Рэспублікі, хацелі б таго Эрдаганавы прыхільнікі або не, больш блізкая саудаўскаму, чым султанскаму погляду на сьвет. А ў Саудаўскай Арабіі за бозу можна было б страціць і галаву.

Памукавы героі не вядуць пра гэта навуковыя дыспуты. Але адчуваюць, што нешта адбываецца і з бозай, і з Турцыяй. Стамбул расьце ў неба, мадэрнізуецца і ператвараецца ў мадэрны мэгаполіс, але адначасна вяртаецца ў глыбокую і змрочную мінуўшчыну, патанае ва ўласнай падсьвядомасьці і страчвае свой касмапалітычны характар. Мадэрнізацыя парадаксальным чынам супрацьпастаўляецца касмапалітызму. Ён — частка нейкай пакінутай, забытай і заглушанай традыцыі.

«Дзіўнае адчуваньне ўва мне» — гэта бясспрэчная вяршыня апавядальнага мастацтва Архана Памука. Найлепшы і найвялікшы ягоны раман. Нячасты выпадак — насамрэч гэта яшчэ ніколі або амаль ніколі ня здарылася — каб пісьменьнік пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі пісаў свае найлепшыя раманы. Звычайна гэта ўзнагарода за канец, за магілу, славу і прыстойную пэнсію. Каго ўзнагародзяць, той перастае пісаць або піша мэмуары, нарэшце бярэцца за ўпарадкаваньне хаты, упарадкаваньне магілы. З Памукам здарылася нешта іншае: ён набраўся самаўпэўненасьці — якой яму, праўда, і раней не бракавала — і напісаў «Дзіўнае адчуваньне ўва мне», сваю найпрыгажэйшую кнігу пра Стамбул.

Ягоная апавядальная манера — спалучэньне традыцыйнай, лінейнай плыні зь пераменай апавядальніцкіх пэрспэктываў. Асноўная гісторыя — пра Мэўлута Караташа — вядзецца ў трэцяй асобе з пазыцыі так званага ўсёведнага апавядальніка, якому гісторыя ўжо расказаная і які ад пачатку ведае, які ў яе канец, што ён і не хавае ад чытача. Але гэтая гісторыя перапыняецца спавядальнымі фрагмэнтамі іншых пэрсанажаў, Мэўлутавых сяброў і знаёмых, ягонай жонкі, ягоных швагерак і сваякоў. Гэтыя фрагмэнты — сымуляцыя тэлевізійных або кінэматаграфічных інтэрвію, але ў галоўную плынь раману яны ўбудаваныя абсалютна натуральна і само сабой зразумела. Памук віртуозна мяняе і варыюе розныя галасы і пэрспэктывы, але так, што не абцяжарвае чытачова падарожжа па кнізе. Гэта не эфэкты дзеля эфэктаў, ён не выхваляецца перад намі тым, што і як ён умее апавядаць — як мы гэта бачылі ў «Я завуся чырвоная», кнізе, якая яго праславіла і чыя цырыманіяльнасьць і мастацкасьць часам можа замінаць нават некаторым добрым чытачам і пры гэтым ўражваць некаторых дрэнных. У гэтым рамане усё якраз падпарадкавана канчатковай мэце — каб у адной сьветлай кропцы, у фокусе раману сышліся адзін прадавец бозы, ягоны час і горад.

«Дзіўнае адчуваньне ўва мне» — гэта культурная, а ў нейкім сэнсе і жыцьцёвая падзея лета 2015 году. Вядома, для гэтага чытача. Калі б у ім, гэтым чытачы, знайшлося дастаткова дабрыні, ён бы зараз жа, у гэтай сьпёцы, паехаў у Бялград, напоўніў бы багажнік асобнікамі Памукавага раману і вярнуўся ў Заграб, каб раздаваць і дарыць кнігу тым, хто ўмее яе прачытаць. Але няма ў ім столькі дабрыні, няма й веры ў пісьменнасьць людзей, сярод якіх ён жыве. Не набярэцца такіх, на жаль, нават на поўны багажнік кніг. А тыя, хто пісьменны, і самі зьезьдзяць у Бялград па кнігу. У Бялград або ў «Супэркніжару», куды «Дзіўнае адчуваньне ўва мне» абавязкова завязуць.

Месца прачытанага раману — недзе паміж раманамі Андрыча і Кадарэ. Гэта сапраўдная кампанія для Памука, ягоная сапраўдная літаратурная бацькаўшчына. Побач з басьнійскім (сэрбскім і югаслаўскім) і альбанскім пісьменьнікамі знаходзіць сваю прастору, шырокае поле разуменьня і прыналежнасьці і гэты велічны турак. Супольнасьць не ствараецца славай або прэміямі. Не стварае яе і мова. Нават і не жыцьцё ў адным часе. Супольнасьць — у расказанай гісторыі, якая можа быць такой, што ў шклянку з бозай зьмесьціцца ўсё чалавецтва.

26.07.2015

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?