Сяджу я кагадзе, п’ю дайкіры без цукру, як запавёў Хэмінгуэй, нікога не чапаю. Адпачынак. Бачна, напекла ў галаву сонейка, бо вырашыў першы раз за тыдзень адчыніць планшэт — глянуць навіны. А там сярод рознага бла-бла-бла аб правале Трампа на дэбатах, пра перамогу Пуціна над сырам і пра старт футбольнага сезону, хвігась — Беларусь адна з 7 краін, якім свеціць банкруцтва!… Я ледзь тую саломінку і не праглынуў. Вось тут спачатку надрукавалі ў мінулы чацвер, апасля дэфолту Пуэрта-Рыка, а потым гэта па фінансавых стужках ды вітрынах разнеслі.

  Вайна, сацыялізм, папулізм і гусарства.

Вайна, сацыялізм, папулізм і гусарства.

Удакладненне: рэйтынг «Caa» азначае спекулятыўны характар пазыкавых папер, з верагодным дэфолтам (невыкананнем абавязкаў па выплатах) іх эмітэнта. «Сaa1» — гэта імавернасць 90—95% для пакупнікоў папер вярнуць кошт пазыкі, «Сaa2» — адпаведна 80—90%, «Сaa3» — 65%—80%. Ніжэй рэйтынгі «Ca» ды «C» — гэта ўжо дэфолтны стан, адпаведна часткі ці ўсяго выпуску.

Ром

Логіка спіса простая — цяпер у свеце 7 краін са спекулятыўным рэйтынгам. Пуэрта-Рыка — не краіна, таму там размова асобная.

Вы, напэўна заўважылі, што сярод спісу ў нас найменшая за іншых пазыка. Ну, яшчэ баліварыянская Венеcуэла. Але ж чаму мы? Чэргаў па ежу ў нас няма. Гісторыі рэгулярных дэфолтаў, як у галоўнага расчаравання ХХ стагоддзя — Аргенціны — таксама. І вайны няма, чым мы й ганарымся як галоўным палітычным дасягненнем за 25 гадоў. Мо экзотыка? Беларусь — апошняя дыктатура Еўропы… Гучыць як рэклама экзатычнага адпачынку, нібыта сафары ў Танзаніі ці падарожжа па джунглях інданезійскай часткі выспы Барнэа. Таму я вырашыў усё ж крыху разглядзець гіпотэзу, што ўсё сур’ёзна…

  Замежныя дзяржаўныя пазыкі, у %% ад ВУП.

Замежныя дзяржаўныя пазыкі, у %% ад ВУП.

Раней Беларусь не была заўважаная ў нявыплатах, але ж апошнія гады стала агрэсіўна расціць пазыкі. Не ад вялікага шчасця, вядома. Падаецца, у 2014 годзе доўг быў стабілізаваны, але зараз ён зноў пачаў расці. Да таго ў нас прыпаў наш любімы экспарт! А што наогул у нас за экспарт? Як выглядае мадэль нашае эканомікі. 

 

Асноўнае на малюнку — замежны гандаль. Беларусь, як малы рынак, жыве ім. Пры гэтым застаецца адносна закрытаю эканомікаю з вельмі ўжо сваімі адміністратыўнымі і юрыдычнымі асаблівасцямі. Людзі працуюць на экспарт-імпарт, але жывуць і спажываюць адносна ізалявана ад знешняга рынку, ну, калі ў Вільню ці Беласток не ездзяць. Гэта традыцыйная мадэль (асабліва паміж сусветнымі войнамі) ХХ стагоддзя. Прамысловы патэрналізм, дырыжызм і бла-бла-бла… Па сутнасці, эканоміка мае два вялікія колы:

А) сыравіны і базавых матэрыялаў — гэта калій, нафтаперапрацоўка і хімія. Гэта даляравыя галіны, бо падлік вядуць па законах сусветнага рынку. Былі і ёсць асаблівасці саюзных зносін, але хто там не працуе, гэтага не адчуў. Сярод экспарту прадуктаў хіміі і нафтаперапрацоўкі каля 60% ідзе па-за СНД. А з краін СНД, вядома, Украіна.

Б) прамысловага і аграпрамысловага прыдатку да расійскай сыравіннай эканомікі. Тут складаней — бо сыравіна і энергія купляецца за жывую валюту, а прадукцыя ідзе за расійскі рубель. Тут працуюць па паняццях нашых постсавецкіх дзяржаваў, а канкурэнты — такія ж прадпрыемствы Расіі і Украіны, а таксама вялікі і непераможны ў лакальных бойках, за кошт сваёй эканоміі на памерах, Кітай. Бо еўрапейскай якасці ў нас няма, анягож. Калі пагартаеце аграпрамысловы экспарт — доля Расіі там 95-97% па большасці буйных таварных групаў.

Адбіваецца гэткая бізнэс-мадэль на ўнутраным рынку. Ён, у адрозненне ад замежнага, рэгулюецца нярынкавымі інструментамі. Беларускі сярэдні тэмп інфляцыі большы за 2% за месяц (!!!) — і гэты жах ў нас завецца стабільнасцю. Наогул няма лепшае дэманстрацыі абсалютнае эпічнае бяздарнасці эканамічнага блока адміністрацыі. Калі параўнаць, цяпер хіба Нацбанк стаў падобны да Нацбанка, хоць яшчэ 10—12 гадоў таму там было важней браць на баланс калгасы! Але вынікі тыя ж, панове:

Інфляцыя, у %% месяц-да-месяца.

Інфляцыя, у %% месяц-да-месяца.

Вы разумееце, з такой інфляцыяй тут ніколі не будзе «высокіх» сярэдніх заробкаў. Гэта немагчыма матэматычна. Заробкі заўжды будуць «індэксіравацца» з-за такой мадэлі эканомікі. Дарэчы, гэта таксама нярынкавая з’ява, бо заробкі таксама нярынкавая. Заробкі не індэксуюцца, а зарабляюцца — расце створаная дабаўленая вартасць, растуць і заробкі. Як і пенсіі — фонды зарабляюць на інвестыцыях, пенсія расце. А ў нас дадайце архаічную сістэму пенсійнага і сацыяльнага забеспячэння ў плечы. Нашыя дзеткі будуць гараваць за дваіх-траіх, каб забяспечыць мінімальныя пенсіі нам і смешныя заробкі сабе… А ім гэта трэба, вы пыталі? Але.

Сок лайма ды грэйпфрута

Кожны бізнэс-план, кожная фінансавая мадэль маюць такі артыкул, як стрэс-тэст, альбо ацэнка адчувальнасці. Гэта калі вы ацэньваеце, як зменяцца вынікі працы пры змене асноўных параметраў — тэмпаў продажаў, кошту сыравіны, інфляцыі і г.д. Тое, што адбываецца, ёсць вынікам таго, што рызыкі беларускае мадэлі ніхто не лічыў патрэбным ацэньваць і страхаваць.

Як вядома, апошнія 20 год мы будуем саюз з Расіяй ці то ў трох, ці то ў чатырох розных арганізацыйных формах. Гэта канчаткова прывязала нашую бізнэс-мадэль карпаратыўна-казарменнае дзяржавы да расійскага рынку, адпаведна:

А) Беларусь залежыць ад палітыкі Масквы, якая да 2008 году была тыповай для краіны-экспарцёркі сыравіны — рэнтная мадэль, не вельмі выгадная Беларусі. Але пакуль нафта і расійскі рубель раслі, ніхто не заўважаў перакосу і рызыкі. Асабліва тыя, хто атрымаў тут лакальную манаполію на экспарт-імпарт (тая ж рэнтная мадэль). Але з 2008 з першым цэнавым шокам мы адчулі «рускі фактар»: са скокамі курса рубля ад бягучае плацежнае кан’юнктуры, з бегствам капіталу, з войнамі з суседзямі і г.д. І ўжо стала відаць няўзброеным вокам, куды ўсё патроху сунецца.

Б) Беларусь падтрымлівае сваю канкурэнтаздольнасць адносна іншых вытворцаў краін СНД і Кітаю метадам канкурэнцыі цэн, г.зн. прадаючы па ніжніх цэнавых узроўнях. Таму, калі расійскі рубель перастаў расці, прыйшлося рэгулярна дэвальваваць свой рубель і адносна расійскага.

Хе-хе — кажа нам расійскі рубель.

Хе-хе — кажа нам расійскі рубель.

Купляем за даляры нафту, метал і газ, вырабляем прадукцыю, прадаём за расійскія рублі танней за канкурэнтаў, мяняем рублі на даляры, каб купіць нафту, метал і газ… Кан’юнктурныя цыклы цэн на сыравіну, прадукты ды прымасловыя тавары паміж сабою не супадаюць. Таму бац, у нас касавы разрыў, даляраў бракуе, бярэм крэдыт — і па новай. І вы яшчэ дзівуецеся, чаму ў Беларусі тыя ж самыя прадукты даражэйшыя, чым у Расіі? Наогул, калі раскідаць нашую харчовую прамысловасць па ўсім ланцужку стварэння кошту — ад загатоўкі кармоў да экспарту прадукцыі ў Расію — выйдуць мільярдныя страты. Але ніхто гэтак не хацеў лічыць. Валавы памер важнейшы! Прыбыткі ў нас прыватызуюцца, а страты нацыяналізуюцца. Пра гэта як-небудзь асобна.

Па сутнасці, за цягам саюзных зносін Беларусь падтрымлівае — даціруе сваёй і без таго не вельмі эфектыўнаю працаю — расійскі рубель і расійскую фінансавую сістэму, якая была накіравана на максімізацыю сыравіннае рэнты і казала нам «вялікі дзякуй, лохі!».

«Газпром» апасля таго, як набыў «нікому непатрэбную трубу», ад шчасця пачаў прымаць і расійскія рублі, але зноў жа толькі пад канвертацыю кошту ў далярах! Пры гэтым і зямлю ў Беларусі пачаў атрымліваць задарма пад свае пражэкты. І вы яшчэ здзіўляецеся, чаму тутэйшыя банкі належаць рускім?

Але нашыя мегаэканамісты ды супергаспадары працягваюць гуляць у глабальных карпаратыўных босаў — ва ўсіх праблемах, маўляў, сусветны крызіс вінаваты: Кітай гальмуе, попыт на сыравіну падае, у Бразіліі каву пажраў жук, у Шры-Ланцы чай не ўрадзіў ад засухі. А вы тут да чаго? Усё гэта мне нагадвае Тэўе, які пытаецца ў Бога, чаму ён небагаты, а потым бачыць, куды ён сваім ботам патрапіў.

Спачатку трэ' было навучыцца рабіць добра сваю справу. Таму, канечне, непрыемна аўтарам беларускае мадэлі атрымаць шок у выглядзе зніжэння цэн экспарту ў Расію ў гэтым годзе. Выпаў мільярд пад пасяўную, і пад жніво гэткая ж дзірка. Як гэта было непрадказальна! Ніхто не мог падумаць нават! Ніхто не рабіў стрэс-тэсту сваіх геніяльных планаў. Вось ён сам зараз прыйшоў.

Увесну мінулага года я браў крэдыты ў расійскіх рублях. Няшмат, але каб было. І ўсім раіў! Асабліва дзяўчатам, якія мараць аб Парыжы. Бярэш на 3 гады, канверціш у даляры — і плаці потым з кожным месяцам усё меней. Калі гэтак робяць усе вядомыя банкі і банкіры, калі гэтак робяць нават простыя гарадскія абібокі, як я, чаму ж, ёлкі-палкі, гэтага не маглі зрабіць беларускія гандлёвыя дамы ды экспарцёры? Вы ведаеце памеры гадавога экспарту, тэмпы продажаў, вы ведаеце, што будзе… Хеджуйцеся! Так робяць нават хлопцы ў Афрыцы, бо дыпломы, бач, не ўсе за буйваліныя плечы купляюць. А цяпер саюзнік грошай не дае, заціскае абяцаныя тры мільярды.

У нас занадта простая (правільна сказаць — «прымітыўная», бо састарэлая) эканоміка. А гэта залежыць ад стану грамадства. Панове, чым менш сувязей паміж удзельнікамі працэсу і чым менш жыхароў з’яўляюцца паўнавартымі ўдзельнікамі, тым прасцейшая эканоміка.

Можа, камусьці простая вертыкальна-інтэграваная сістэма падаецца больш геаметрычна прыгожаю, больш зручнаю для асэнсавання, ёй можна кіраваць нават у ручным рэжыме! Адзін з ідэолагаў сучаснае сітуацыі расейскі акадэмік Глазьеў, напрыклад, любіць яе, бо яна змяшчаецца ў сімплекс-таблічку (задача лінейнага праграмавання). 100 тысяч пар ботаў і 50 тысяч пар чаравікоў выпусцілі, план выканалі — насі сабе, народзец! Сёння любы студэнт накідае вам ў эксэлі.

Але ж такая эканоміка значна слабейшая за больш складаныя.

Калі вы займаліся бізнэсам ці працавалі ў кампаніі большай за 5—10 чалавек, то заўважалі, што на пэўным этапе трэба пачынаць дэлегаваць працу іншым людзям, бо сам усё не паспееш. А там і яны пачынаюць, бізнэс расце, сістэма становіцца больш складанаю. Так і тут.

Эканоміка — гэта тое, што адбываецца. Усё людское грамадства не можа служыць альбо ахвяраваць сабою пад нейкія звышідэі невялікай сваёй часткі. Гэта ідэі сваёй сукупнасцю служаць паляпшэнню жыцця грамадства, няхай сабе ад адной з іх будзе багацець толькі невялікая група людзей. Але чым больш ідэй… Ну, вы ж зразумелі ўжо.

Крышачку лікёру Мараскін

У мяне ёсць любімы гістарычны анекдот, які я распавядаю заўжды, калі тлумачу людзям фінансавыя тэмы. З маіх вуснаў за гады яго пачула некалькі соцень чалавек, але ж паўтараюся і паўтараюся, бо лічу яго хрэстаматыйным.

У 1912 годзе камісія кангрэса ЗША пад кіраўніцтвам Арсэна Пужо разглядала справу так званага «грашовага трэста», г.зн. манапалізацыі амерыканскай эканомікі некалькімі фінансавымі групамі, што былі створаны буйнымі банкірамі і прамыслоўцамі пад ідэалагічным кіраўніцтвам вялікага фінансіста, калекцыянера і глабаліста Дж.П. Моргана. Вынікі працы камісіі, дарэчы, спрыялі стварэнню таго, што зараз завецца банкаўскай этыкай і антыманапольным заканадаўствам. Дык вось, усе гэтыя Ракфелеры, Варбургі і Шыфы публічна выступалі перад кангрэсмэнамі. Даваў паказанні і сам 75-гадовы патрыярх Дж.П. Морган (неўзабаве ён памёр, і партнёры вінавацілі камісію). Была там адна цікавасць…

Пытанне: Ці не базуецца камерцыйны крэдыт на грошах і маёмасці?

Адказ Моргана: Не, сэр. Галоўнае — гэта характар.

— Перш за грошы і маёмасць?

— Перш за грошы і ўсё іншае…

Кангрэсмэн перапытвае, ці не лепей мець аблігацыі добрай кампаніі альбо дзяржавы як ЗША, ці будуць добрыя вынікі ў бухгалтарскіх кнігах важнейшымі за характар чалавека. Морган настойліва кажа, што не:

— Бо чалавек, якому я не давяраю, не атрымае ад мяне грошай нават пад усе аблігацыі хрысціянскага свету!

— І ці гэта правіла ёсць агульным?

— Я лічу, што гэта фундаментальная аснова бізнэсу.

І я лічу прыкладна гэтаксама. Давер стварае пазітыўную адваротную сувязь паміж удзельнікамі эканомікі. Адпаведна, падазронасць — негатыўную. Я цябе ведаю, ты мяне ведаеш. Давяраем адзін адному — робім бізнэс. А вось яго мы не ведаем — «…мы на него плюем!» (с — Жванецкі «Дэфіцыт»). І задача грамадства, каб ствараць магчымасці для ўсіх, не толькі Морганаў ці Голдманаў. А для гэтага трэба каб і правілы былі для ўсіх, і інфармацыя гэтаксама. Каб абыход правіл не даваў звышвыгаднага становішча, а наадварот. Тады давер будзе, як тая лаза, расці і заплятацца паміж людзьмі. Чым складанейшыя сувязі ў грамадстве — тым лепей. Чым лягчэйшы доступ да інфармацыі — тым лепей. І каб сярод нас ніхто, ані адзін Іван Іваныч, нават калі яму мроіцца прамая лінія з Богам, не мог раптам валюнтарысцкі мяняць ці пазбягаць правіл. На самой справе для гэтага нам і трэба тая дзяржава як інстытут, бо ўсе астатнія бытавыя пытанні можна вырашаць самім, без яе. Нам не трэба агульная нацыянальная ідэя, нам трэба агульныя нацыянальныя правілы (гы, па-лацінску «канстытуцыя»)! No taxation without representation, ёлкі-палкі. Менавіта таму, напрыклад, дзяржава друкуе грошы, а не якое прыватнае прадпрыемства! Як найвышэйшы гарант правіл. Таму той жа даляр бывае амерыканскі і зімбабвійскі.

І вось таму мы, як дзяржава, як грамадства, мала прыемныя для інвестараў…. Бо не падабаецца наш калектыўны характар. Паасобку мы збольшага людзі добрыя, шмат хто яшчэ і ветлівы, некаторыя нават усміхаюцца. Але сукупна дамініруе нейкая апалітычная пракрастынацыя — лепш не варушыцца, лепш нічога не мяняць, абы толькі мне горш не было. У выніку тая лаза даверу і не расце, ні паміж намі, ні да нас.

А некаторыя альтэрнатыўна адукаваныя яшчэ мусяць пад чарговую гадавіну таварышча Цурупы абрываць ды падразаць той давер, што ёсць. І ставіць грыфы «сакрэтна» на кожную партыю туалетнай паперы. Беларусь не гуляе па правілах, таму і не давяраюць. І мы не давяраем адзін аднаму, бо правілы ў нас паміж сабою розныя. Хто мусіць круціцца на дзвюх працах, а хто атрымліваць самую дарагую ў краіне зямлю без конкурсу і аплаты ці мільённыя крэдыты з негатыўнаю рэальнаю стаўкаю. «Все ходим скучные, бледные, зеваем».

Толькі і застаецца калі-нікалі пад каву ці піва летуценна зайздросціць Сінгапуру, Даніі, Фінляндыі ці Швейцарыі (якія яшчэ ролевыя мадэлі прыгадаеце?) ды шукаць якіх пабочных праяваў самарэалізацыі. Гэта і ёсць наш кактэйль стабільнасці. Беларускі саўэр. Самі намяшалі, самі і працягваем піць. І куды гарчэй ён ад таго, што пакідаем рэцэпт дзеткам. Лехаім!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?