Старшыня Салігорскага райвыканкама прапанаваў жыхарам аплаціць выдаткі, якія панясе ўлада пасля скасавання кантракту на будаўніцтва камерцыйнага жылля. Тыдзень таму кіраўнік мясцовай вертыкалі і яго падначаленыя наогул збеглі з сустрэчы з гараджанамі. У канфлікце разбіраўся карэспандэнт «Нашай Нівы».

Салігорск мае самую вялікую шчыльнасць насельніцтва ў Беларусі. І не толькі. У Еўропе больш жыхароў на квадратны кіламетр толькі ў карлікавым Манака. На сёння ў шахцёрскім горадзе пражывае 11 тысяч чалавек на адзін квадратны кіламетр. І гэтая лічба будзе толькі расці.

Ужо колькі гадоў улады забудоўваюць існуючыя раёны, практычна не развіваючы новыя. Дамы з’яўляюцца замест сквераў, лесапаркавай зоны і нават школьных стадыёнаў. Грамадскія актывісты яшчэ ў 2011 годзе сабралі некалькі тысяч подпісаў супраць высечкі лесу, але ў выніку самі атрымалі штрафы за несанкцыянаванае пікетаванне. На думку гарадскіх уладаў, іншага выйсця ў іх няма — з аднаго боку горад мае прамысловыя тэрыторыі «Беларуськалія», з іншага боку гэта вадасховішча і лес, а таксама сельскагаспадарчыя землі, якія паводле загаду кіраўніка дзяржавы нельга выкарыстоўваць пад будаўніцтва.

Уладзімір Шыла, ініцыятар кампаніі супраць ушчыльнення, які сам працуе інжынерам, разважае інакш.

На яго думку, у дзеяннях уладаў прысутнічае карупцыйны фактар — будаваць жыллё танней і прасцей у раёнах, дзе ўжо ёсць гатовая інфраструктура. Шыла звяртае ўвагу і на тое, што ў самім горадзе ўлады будуюць пераважна камерцыйнае жыллё. 

На 2016 год у цэнтры Салігорска запланавана будаўніцтва новага дзесяціпавярховага дома. Каб збудаваць камерцыйнае жыллё ўлады гатовыя знішчыць сквер і вырубіць каля 130 дрэваў.

Праект зацверджаны, прайшоў усё экспертызы, але аказалася, што грамадскія слуханні ў мінулым годзе былі імітацыяй — жыхары суседніх дамоў на іх не былі запрошаныя. Абвестка была змешчана на сайце выканаўчага камітэта, а вось «клеіць абветскі ў скверы і двары не лічыцца абавязковай практыкай». Нават калі гаворка ідзе пра дзясяткі дрэваў, якія прыйдзецца высякаць. Так выказалася сп. Круглова, якая займае пасаду галоўнага архітэктара. Ды і сам пратакол слуханняў на той момант не ўтрымліваў ніякай дэталёвай інфармацыі аб будаўніцтве, шкодзе для экалогіі і планаваных інфраструктурных зменах. І калі рабочыя пачалі капаць ямы для ўсталёўкі плотаў, жыхары абурыліся. Па-першае, ямы былі закапаныя ўначы, а ўдзень найбольш ініцыятыўныя салігарчане збіралі подпісы і рыхтавалі скаргі.

Улады пагадзіліся на сустрэчу, яны павінна была адбыцца ў мінулы чацвер, 6 жніўня. Дарэчы, інфармацыя аб яе правядзенні з’явілася толькі за чатыры гадзіны да пачатку, а час сустрэчы, 17:00, абраны не зусім зручна.

Сам старшыня выканкама першапачаткова не быў настроены на дыялог. Ён не даваў выказацца прысутным, шукаў фармальную нагоду не ладзіць сустрэчу — быццам, у залі прысутнічаюць не тыя людзі, якія падпісвалі зварот. Таму заўважыўшы, што яго здымаюць на мабільны тэлефон, Аляксандр Рымашэўскі пакінуў залю. За ім разгублена пацягнуліся і астатнія чыноўнікі.

Міліцыя запатрабавала ад прысутных вызваліць памяшканне выканкаму, на што атрымала адмоўны адказ. Людзі хацелі выказацца, але рабілі гэта самі для сябе. Праз паўгадзіны нават такая тактыка займела плён – на апошніх шэрагах з’явіўся намеснік Рымашэўскага, Мікалай Маскевіч. Спачатку ён прадставіўся жыхаром горада, але пазней прапанаваў кампраміс — новая сустрэча праз тыдзень, у 19:00.

Міліцыя спрабавала выгнаць людзей з выканкама

Праз тыдзень у залі сабраліся каля сотні чалавек. Прычым, былі ўсе — і пенсіянеры, і шахцёры з жонкамі, і маці з немаўляткамі, і канешне, міліцыя без формы. Яшчэ два міліцэйскія аўтамабілі на ўсялякі выпадак чакалі ў двары.

Чыноўнікаў ніхто не слухаў. Людзі прыйшлі пачуць толькі адно — улады пойдуць насустрач жыхарам і перанясуць будоўлю ў іншы раён. І не пачулі.

Затое больш за дзясятак выступоўцаў жорстка крытыкаваў чыноўнікаў за мэтанакіраванае ўшчыльненне. З залі перыядычна проста крычалі. Цяжка сказаць, калі мясцовым уладам даводзілася апошні раз сутыкацца з такой абструкцыяй з боку грамадзянаў.

Пазіцыя выканкама палягала на тым, што ніякія нормы не парушаны і гараджане могуць звярнуцца ў суд. Пасля яна трасфармавалася ў тое, што скасаваць рашэнне магчыма, але тады ўлады вымушаныя будуць кампенсаваць шкоду прыватнаму забудоўшчыку, якая можа скласці 2 млрд. рублёў. Аляксандр Рымашэўскі прапанаваў жыхарам горада … сабраць грошы і дапамагчы выканкаму з гэтым пытаннем.

Пасля старшыня выканкама даволі доўга пералічваў уласныя дасягненні, але прамога адказу на пытанне, ці будзе рашэнне адменена, прысутныя не пачулі — Рымашэўскі ўсклаў адказнасць на пасяджэнні выканкама, дзе не толькі ён мае голас.

Але і ці будзе склікана такое пасяджэнне, жыхарам не паведамілі. Затое парэкамендавалі звяртацца ў суд.

Раззлаваная жыхарка задае пытанне мэру

Дарэчы, такіх судовых пазоваў можа быць некалькі – ужо на наступны дзень улады зноў сутыкнуліся з крытыкай жыхароў. У іншым раёне на месцы школьнага стадыёна запланавана будоўля дому на 98 кватэраў.

Людзі выказаліся супраць, рашэнне выканкама крытыкавалася, але наўрад на этапе грамадскіх слуханняў кіраўніцтва горада пойдзе насустрач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?