Мінас-Тырыт у фільме «Уладар Пярсцёнкаў»

Мінас-Тырыт у фільме «Уладар Пярсцёнкаў»

Група брытанскіх архітэктараў пачала на Indiegogo збор сродкаў на будаўніцтва горада-замка Мінас-Тырыт з «Уладара Пярсцёнкаў» Толкіена. Для рэалізацыі праекту трэба 1,85 млрд фунтаў стэрлінгаў — блізу 2,9 млрд даляраў.

Мінімальны ўнёсак — тры фунты, за гэта ахвяравальніка зафаловяць у твітары. За 15 фунтаў імя выб’юць на мануменце ў горадзе, за 500 фунтаў падораць ноч у гатэлі Мінас-Тырыта. За 100 тысяч фунтаў ахвяравальніка прызнаюць лордам ці лэдзі горада.

На момант публікацыі сабрана толькі 52 тысячы фунтаў, да завяршэння кампаніі засталося 47 дзён.

З сумы каля 15 млн пойдзе на набыццё зямлі на поўдні Англіі, 188 млн на працу і 1,4 млрд на будматэрыялы. У выпадку, калі грошы будуць сабраныя, будаўніцтва пачнецца ў канцы 2016 года, завершыцца да канца 2023-га. Што застанецца — пусцяць на падтрымку комплексу.

На Зямлі будаваліся і даражэйшыя шалёныя праекты, ды брытанцы абралі ненадзейны шлях збору грошай на Мінас-Тырыт.

Тры мільярды даляраў — далёка не рэкордная сума на шалёную будоўлю. Напрыклад, Арабскія эміраты патрацілі 12,3 млрд даляраў на штучны востраў Пальма Джумейра, а комплекс хмарачосаў Абрадж аль-Бэйт каштаваў 15 млрд.

Ды краўдфандынгам такія сумы наўрад ці атрымаецца сабраць. Па-першае, для ахвяраванняў не прапануецца сума, большая за 100 тысяч, а значыць, вельмі шмат ахвяравальнікаў. Па-другое, сусветны рэкорд краўдфандынгу — 20 млн (не млрд!) даляраў на гадзіннік Peeble Time

***

Мінас-Тырыт — высечаны ў скале горад, сталіца людскай дзяржавы Гондар у свеце «Уладара Пярсцёнкаў» Джона Толкіена. Назва перакладаецца з мовы сіндарын як «Крэпасць варты». Збудаваны прыблізна ў 3320 Другой эпохі, за тры з лішнім тысячы год да падзей «Уладара Пярсцёнкаў». Праз шматузроўневую структуру вытрывала штурм легіёнамі Мордара. Магчымым правобразам Мінас-Тырыта называецца французская крэпасць Мон-Сэн-Мішэль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?