Перад Украінай стаіць задача выпускаць ваенную тэхніку і зброю, якія адпавядаюць лепшым сусветным аналагам. Пра гэта сказаў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў журналістам на Кіеўскім бранятанкавым заводзе, паведамляе прэс-служба СНБА Украіны.

Аляксандр Турчынаў адзначыў, што цяпер Украіна можа разлічваць толькі на свае сілы і патэнцыял, бо за час ваеннай агрэсіі супраць Украіны не ўдалося пераканаць партнёраў адносна разблакавання ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва — і пастаўкі лятальнай зброі і сучасных тэхналогій ва Украіну да гэтага часу заблакаваныя.

Развіццё абаронпрама — гэта той прыярытэт, які вырашае як пытанні абароны, так і ўмацавання падмурка ўкраінскай эканомікі, падкрэсліў Турчынаў.

Сакратар СНБА адзначыў, што ў часы рэжыму Януковіча на Кіеўскім бранятанкавым заводзе планавалі зрэзаць ўсё абсталяванне, разабраць памяшканні і пабудаваць катэджны гарадок для чыноўнікаў.

«Сёння, літаральна за год, мы ператварылі зруйнаваны напалову завод у магутную вытворчасць, адно з лепшых прадпрыемстваў абаронна-прамысловага комплексу, якое выпускае зброю, якая адпавядае лепшым сусветным аналагам», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Турчынаў пасля агляду БТР-3Е распавёў, што гэты варыянт баявой машыны значна лепшы за выпушчаныя расійскім абаронпрамам аналагі, нават апошніх мадыфікацый.

«Выпускаць лепшую тэхніку, чым у ватнікаў, гэтага для нас мала. Мы ставім больш амбіцыйныя задачы — выпускаць ваенную тэхніку і зброю, якія маюць быць аднімі з лепшых у свеце!» — сказаў ён.

Паводле яго слоў, калі параўноўваць якасць і цану, то ўкраінская тэхніка ўжо з'яўляецца адной з самых канкурэнтных на сусветных рынках. «Сведчаннем гэтага з'яўляецца пастаяннае павелічэнне попыту на тэхніку вытворчасці ўкраінскага абаронпрама, у прыватнасці на гэтыя канкрэтныя машыны», — адзначыў ён, дадаўшы, што цяпер Украіна не можа задаволіць попыт на іх за мяжой, бо ў прыярытэце патрэбы Узброеных Сіл Украіны і Нацыянальнай гвардыі.

Як адзначыў Сакратар СНБА, у пачатку вытворчасці бронетранспарцёра машына была ўкамплектаваная дэталямі і рухавікамі расійскай вытворчасці.

«Сёння, калі мы разарвалі ваенную кааперацыю з агрэсарам, у гэтай машыне няма ні адной дэталі расійскай вытворчасці. Усё вырабляецца ва Украіне, пачынаючы ад корпуса, які зварваецца тут жа на бранятанкавым заводзе, завяршаючы дробнымі дэталямі», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Турчынаў дадаў, што адзіная імпартная дэталь — рухавік Deutz або Mercedes: «Таму сёння ва Украіне на рухавіках Mercedes ездзяць не толькі алігархі, але і нашы ваенныя».

Па словах Аляксандра Турчынава, баявы модуль машыны мае на ўзбраенні 30-міліметровую хуткастрэльную гармату, кулямёт, АГС і дзве супрацьтанкавыя ракеты «Гэта значна лепш за баявое забеспячэнне адпаведнай тэхнікі расійскай вытворчасці. Гэты модуль выключна зроблены ад пачатку і да канца нашымі вытворцамі. Уся зброя ў ім — гэта ўкраінская зброя».

Акрамя таго, Сакратар СНБА адзначыў, што перавага машын, якія выпускае Украбаронпрам, у тым, што яны прайшлі выпрабаванні ва ўмовах баявых дзеянняў.

«Не шмат ваеннай тэхнікі сёння ў свеце, якая прайшла рэальныя баявыя выпрабаванні. Пасля выкарыстання гэтай тэхнікі ў баі канструктарамі завода былі улічаны ўсе прапановы нашых вайскоўцаў. За год — 740 канструктыўных змяненняў зроблена ў гэтай машыне, каб палепшыць яе баявыя, хадавыя і абаронныя якасці», — адзначыў ён.

«Мы павінны рабіць стаўку на нацыянальнага вытворцу і ў краіне, і ў свеце павінна ўспрымацца, што ўкраінскае — значыць лепшае. Перакананы, што прыйдзе час, і тыя вядучыя краіны, якія сёння баяцца пастаўляць ва Украіну зброю, будуць стаяць у чарзе, каб купляць нашу бронетэхніку, нашу ўкраінскую зброю», — заявіў Турчынаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0