У Беларусі адмяняецца кватаванне імпарту алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту. Такая норма ўстаноўлена дэкрэтам прэзідэнта нумар 3 «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці, абароту і рэкламы піва, алкагольнай прадукцыі і тытунёвых вырабаў», паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.

У сувязі са зняццем гэтых абмежаванняў, а таксама ў мэтах абароны эканамічных інтарэсаў краіны, захавання кантролю за імпартнымі патокамі алкагольнай прадукцыі яе імпарт будзе ажыццяўляцца шляхам правядзення конкурсаў на вызначэнне юрыдычных асоб, што забяспечваюць увоз прадукцыі на найбольш выгадных умовах. Арганізацыяй конкурсаў і вызначэннем пераможцаў будзе займацца пастаянна дзеючая міжведамасная камісія.

Дэкрэтам устаноўлена, што права на вытворчасць каньяку, брэндзі, каньячных напіткаў у Беларусі маюць толькі дзяржаўныя юрыдычныя асобы або недзяржаўныя юрыдычныя асобы з доляй дзяржавы ў статутным фондзе больш за 30 працэнтаў. Пры гэтым спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на вытворчасць каньякоў, брэндзі і каньяных напіткаў, раней выдадзеныя юрыдычным асобам, будуць сапраўдныя да 1 верасня 2008 года.

Дэкрэтам таксама замацаваны найбольш аптымальны падыход да рэкламы. Так, дазволена выкарыстоўваць вобразы людзей або жывёл у зарэгістраваных таварных знаках, што прымяняюцца для абазначэння алкагольных напіткаў і (або) піва. Дазволена таксама любая рэклама піва, якая змяшчае выключна інфармацыю аб вытворцах піва, у тым ліку іх назве і таварных знаках (г.зн. рэклама піва ў выглядзе выявы толькі самога брэнда), за выключэннем размяшчэння такой рэкламы ў будынках арганізацый адукацыі і аховы здароўя.

Для стымулявання экспарту алкагольных напіткаў адмяняецца маркіроўка суправаджальных дакументаў пры вывазе (экспарце) гэтых напіткаў. Таксама не падлягаюць маркіроўцы акцызнымі маркамі спіртазмяшчальныя прадукты, што ўвозяцца ў якасці ўзораў для папярэдніх сертыфікацыйных выпрабаванняў, у колькасці не больш за 5000 куб. сантыметраў адносна кожнага ўзору.

Зыходзячы з існуючай практыкі, удакладняюцца падыходы да зацвярджэння ўзораў акцызных і спецыяльных марак, а таксама парадак іх вырабу, рэалізацыі, уліку, захоўвання, кантролю за выкарыстаннем гэтых марак, якія падраздзяляюцца ў залежнасці ад іх прызначэння. Гэтыя функцыі ўскладзены на ўрад.

Палажэнні дэкрэта прыводзяць заканадаўства краіны ў адпаведнасць з яе міжнароднымі абавязацельствамі і адначасова захоўваюць належны дзяржаўны кантроль за вытворчасцю і абаротам спіртазмяшчальнай прадукцыі, уключаючы яе ўвоз у рэспубліку.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0