Свежыя скандальныя выказванні Таццяны Караткевіч па пытаннях мовы і сімволікі выклікалі дастаткова гарачае абмеркаванне. Не кранаючы пытання мовы (думаю, яго трэба разглядаць зусім асобна), выкажу толькі сваю думку пра сімволіку.

Мне падаецца, што пазіцыя Караткевіч і тых, хто падтрымаў яе (сярод апошніх былі і нечаканыя для мяне людзі), абумоўленая перадусім няправільнай базавай перадумовай, якая пакладзена ў аснову разважанняў.

Паводле яе, у сённяшняй Беларусі адносна поглядаў на нацыянальную/дзяржаўную сімволіку існуюць цяжкапераадольныя супярэчнасці паміж рознымі групамі грамадзян. Для адной групы безумоўнай каштоўнасцю з'яўляюцца бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня, другая ж ледзь не моліцца на цяперашнюю афіцыйную сімволіку. Замена цяперашняй дзяржаўнай сімволікі на нацыянальную нібыта нанясе прыхільнікам першай вялікую незагойную рану, і такога прыніжэння яны ніколі перажыць ды дараваць не змогуць. У выніку атрымаецца глыбокі раскол грамадства. Варта адзначыць, што разважанні, абапертыя на падобныя прыпушчэнні, часам з'яўляліся і раней, Караткевіч тут Амерыкі не адкрыла.

На маю думку, тут мае месца звычайнае тэарэтызаванне, мадэляванне нейкай ідэальнай сітуацыі, якой на самай справе няма ані блізка.

Мне асабіста за 20 гадоў, якія праляцелі з часоў рэферэндуму 1995 г., неяк не давялося на свае вочы пабачыць хоць аднаго чалавека, які ўспрымаў бы сучасную дзяржаўную сімволіку як святыню. Такіх, якія не мелі нічога супраць яе, бачыў безліч (бо гэта, відаць, большасць нашага сучаснага грамадства), але каб казалі пра яе з надрывам, са слязамі на вачах, з рукой каля сэрца? Ну, не ведаю.

Аргументы на карысць гэтай сімволікі звычайна не ідэйныя, а больш «пафігісцкія» — маўляў, мне ўсё адно, што яны там павесілі, на мой заробак гэта не ўплывае, ды і навошта ўвогуле нешта мяняць — толькі грошы траціць. Карацей, людзі хутчэй не ЗА гэтую сімволіку, а НЕ СУПРАЦЬ яе, што розныя рэчы. Мяняць герб і сцяг большасць людзей, калі іх запытаць, мабыць, не захоча, але калі ўсё ж памяняюць, то каб дзеля гэтага нейкія пратэсты арганізоўваліся, грамадзянскі канфлікт правакаваўся? Не веру я абсалютна ў такую магчымасць. Падобныя канфлікты могуць узнікаць толькі ў выпадку, калі замахнуліся сапраўды на святое, а не на тое, што «хай сабе вісіць, якая розніца».

І ў падобнай сітуацыі навошта самім штучна ствараць праблему, якой не існуе, публічна гаворачы пра нейкія будучыя гіпатэтычныя рэферэндумы, якія толькі адныя і могуць вырашыць пытанне сімволікі?

Кампрамісы трэба шукаць па сапраўды прынцыповых для грамадства і таму патэнцыйна выбухованебяспечных пытаннях (як моўнае), а тое, што большасці грамадства паралельна, належыць вырашаць у звычайным працоўным парадку, ды не трацячы часу на пустыя дыскусіі. Калі, натуральна, некалі будзе магчымасць нешта вырашаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?