Напярэдадні Дня міліцыі, які адзначаецца 4 сакавіка, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў адказаў на пытаньні журналістаў.

Навумаў адзначыў, што Дзень міліцыі — гэта сьвята, якое адзначаецца ў кожнай сям’і і таксама дадаў, што ўзровень злачыннасьці ў краіне ў параўнаньні з 2006 годам зьнізіўся амаль на 100 выпадкаў на 100 тысяч чалавек.

Міністар паведаміў, што ў краіне рыхтуецца чарговая амністыя. У сувязі з гэтым амаль адразу прагучала пытаньне, ці зможа пад гэтую амністыю трапіць экс‑кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін.

«Прымяненьне амністыі прадугледжвае, што асуджаны поўнасьцю выконвае свае абавязкі. Асуджаны Казулін на сёньняшні момант мае чатыры папярэджаньні, таму падставаў на падачу амністыі няма. Вы ведаеце, я выконваю закон, а ня ўношу нейкія прапановы. То бок, у нас падставаў для амністыі няма, калі ж будуць прапановы і яны будуць некім падтрымлівацца, то мы іх выканаем».

Сп. Навумаў расказаў, што летась беларуская міліцыя раскрыла «адно з найбольш гучных забойстваў мінулых 10‑15 гадоў». Справа перададзеная для сьледзтва ў Генэральную пракуратуру. Навумаў не захацеў пакуль называць імёнаў, кажа, што гэта могуць зрабіць толькі прадстаўнікі пракуратуры. Запэўніў міністар, што ня будзе ніякіх праблем расьсьледаваньня нядаўняй страляніны ў бары гасьцініцы «Плянэта». Паводле ягоных словаў, праблемаў з вышукам Ганчарыка, які страляў, ня будзе, бо міліцыя ведае прыкладныя ягоныя каардынаты.

Што да сьпісу невыязных, то міністар адзначыў, што гэты сьпіс зьмяняецца літаральна штодня.

«Лепш папярэдне пазваніць і пацікавіцца, ці ёсьць вы сярод невыязных, чым быць завернутым на мяжы», — кажа чыноўнік.

Праз тое, што гэтая сыстэма новая, то магчымыя і памылкі. Так, ужо былі зафіксаваныя два памылковыя выпадкі, калі людзі не маглі выехаць за межы краіны.

«Я ніколі ня быў супраць, каб дэпартамэнт выкананьня пакараньня перайшоў у юрысдыкцыю нейкага іншага ведамства, бо зь мяне зьнікла б нейкая дадатковая нагрузка. У той жа час я добра сабе ўяўляю, і ведаю меркаваньні супрацоўнікаў гэтага дэпартамэнту, наколькі цяжка будзе стварыць нейкую новую структуру па выкананьні пакараньняў, і якія матэрыяльныя рэсурсы нам давядзецца страчваць. З улікам таго, што некаторыя краіны, у тым ліку Эўразьвязу, вяртаюць турмы і калёніі зноў Міністэрству ўнутраных справаў, то, думаю, у агляднай будучыні нам ня варта мяняць сёньняшнюю сытуацыю», — так пракамэнтаваў У.Навумаў магчымасьць пераводу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў ад МУС да Міністэрства юстыцыі.

Міністар рашуча выказаўся супраць увядзеньня ў Беларусі інстытута двайнога грамадзянства.

«Пакуль гэтае пытаньне не абмяркоўваецца, але нават калі і атрымае гучаньне, то, мяркую, што наша насельніцтва будзе супраць новаўвядзеньня. Вы самі разумееце, хто ў такім выпадку прыедзе ў нашу краіну. Скажу шчыра, мне б не хацелася ўвядзеньне двайнога грамадзянства», — кажа кіраўнік МУС.

Журналіст радыё «Свабода» пацікавіўся ў сп.Навумава умовамі ў рэгіянальных ізалятар часова ўтрыманьня. У прыватнасьці, быў прыведзены прыклад ІЧУ у Вузьдзе, дзе нядаўна адбываў пакараньне прадпрымальнік Віктар Крываль.

«Можаце самі на месцы вывучыць сытуацыю, — прапанаваў міністар. — Я дам адпаведную пастанову. Думаю, што ізалятары ня трэба даводзіць да такога стану, каб туды хацелася».

Галоўным дасягненьнем мінулага году Ў.Навумаў назваў тое, што многія супрацоўнікі міліцыі былі ўзнагароджаныя дзяржаўнымі мэдалямі. Падзея са знакам мінус — крымінальная справа супраць ДАІшнікаў у Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах, якія інсьпіравалі дарожна‑транспартныя здарэньні. Дарэчы, сёлета ўжо пачнецца патруляваньне на верталётах найбольш небясьпечных дарог, у прыватнасьці, Мар’іна Горка — Бабруйск і Слуцкай шашы.

Адказваў сп.Навумаў на пытаньні ня толькі, як міністар, але і, як старшыня фэдэрацыі хакею. Ён прызнаўся, што найбольшая ягоная мара сёньня, каб «Манрэаль Канадзіянс» выйграў і прывёз на тыдзень у Менск Кубак Стэнлі.

Напрыканцы прэс‑канфэрэнцыі Ўладзімер Навумаў запрасіў усіх журналістаў далучыцца да яго падчас прабегу вакол Нарачы, якое міністар заплянаваў на 4 траўня. За дзень чыноўнік хоча пераадолець пешшу каля ста кілямэтраў.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0