У нядзелю закончыўся рабочы візіт міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ва Украіну. Візіт вельмі дзіўны, незвычайны, своеасаблівы.

Гэта выявілася, па-першае, у тым, што ён працягваўся беспрэцэдэнтна доўга для падобнага роду мерапрыемстваў, аж цэлых пяць дзён з 12 да 16 жніўня. Такая працягласць у дыпламатычнай практыцы здараецца рэдка. Хіба толькі ў надзвычайных сітуацыях.

Другая незвычайнасць. Паездка Макея вельмі слаба асвятлялася беларускімі дзяржаўнымі медыя. Напрыклад, галоўная газета краіны «Советская Белоруссія» наогул нічога не паведаміла сваім чытачам аб гэтым візіце. Хоць міністр замежных спраў Беларусі сустракаўся ня толькі са сваім украінскім калегам, але і быў прыняты прэзідэнтам Украіны Парашэнкам. Акрамя таго, там адбылася трохбаковая сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі, Украіны і Літвы.

Трэцяе дзіва. Тры з пяці дзён візіту Макей правёў у Адэскай вобласці, сустракаўся там з кіраўніком гэтага ўкраінскага рэгіёну. Усё бы нічога, але пасаду старшыні Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі займае даволі вядомы Міхеіл Саакашвілі, былы прэзідэнт Грузіі.

Праблема ў тым, што гэты палітык з’яўляецца вострым раздражняльнікам для Расіі, ён для Масквы як чырвоная ануча для быка. І сустрэча з ім кіраўніка МЗС Беларусі — гэта відавочны тролінг Крамля.

Навошта гэта трэба Мінску ў момант, калі абмяркоўваецца пытанне аб выдзяленні Беларусі новага крэдыту Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, які кантралюецца РФ?

Выкажу сваю гіпотэзу, якая грунтуецца не на нейкай інсайдэрскай інфармацыі, а толькі на логіцы прыняцця знешнепалітычных рашэнняў афіцыйным Мінскам. На мой погляд, сэнс гэтага візіту палягае ў вырашэнні дзвюх звышзадач.

Па-першае, Мінск імкнецца рэанімаваць, абнавіць, надаць новы бляск міратворчай місіі Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Цяпер сітуацыя на ўсходзе Украіны напружаная, вось-вось можа зноў успыхнуць вайна. І ў гэты крытычны момант Беларусь выступае з новымі міратворчымі ініцыятывамі, якія зноў ставяць яе ў цэнтр сусветнай палітыкі. Зразумела, гэтыя ініцыятывы трэба ўзгадніць з Кіевам. Калі Парашэнка іх падтрымае, то хутка можна будзе сабраць саміт «Мінск-3».

І калі б перад выбарамі ў беларускую сталіцу зноў прыехалі Пуцін, Парашэнка, Меркель, Алянд (а можа, чым чорт не жартуе, і Абама), уяўляеце які быў бы піяр для Лукашэнкі.

Другая задача, якая тлумачыць доўгае знаходжанне Макея ў Адэсе. Гэтым годам аб’ём гандлю паміж Беларуссю і Украінай, асабліва беларускага экспарту, скараціўся ўдвая. З улікам эканамічнага крызісу гэта вельмі балюча. І Макей паехаў выпраўляць сітуацыю.

Галоўны экспартны тавар Беларусі ва Украіне — гэта нафтапрадукты. Іх продаж на ўкраінскім рынку шмат у чым залежыць ад прыхільнага стаўлення тамтэйшага ўраду, які пэўным чынам рэгулюе квоты.

І можна меркаваць, што Кіеў, у адказ на просьбу Мінска аб ільготах для продажу беларускіх нафтапрадуктаў, высунуў сустрэчную ўмову: Беларусь павінна выкарыстоўваць Адэскі порт для свайго замежнага гандлю. Вось Макею нічога не заставалася, як ехаць у Адэсу нібыта дамаўляцца аб гэтым з Саакашвілі. Менавіта такое было афіцыйнае тлумачэнне гэтай паездкі беларускім афіцыёзам.

Хоць, відавочна, што з такога праекту нічога не атрымаецца, бо Беларусі такі транзіт нявыгадны, ёсць больш блізкія балтыйскія парты, перш за ўсё, Клайпеда, Рыга, Вентспілс.

І з украінскіх партоў Беларусь раней больш выкарыстоўвала Нікалаеў, а не Адэсу. Найбольш вядомы прыклад выкарыстання Адэскага порту — гэта транспарціроўка венесуэльскай нафты.

Абмяркоўваць, будаваць планы адэскага транзіту можна доўга. А потым, калі беларускі бензін зноў зойме каля паловы ўкраінскага рынку, можна будзе сказаць, маўляў, прабачце, але з Адэсай нічога не атрымалася.

Узгадваецца адна падобная гісторыя. У 2005 годзе пасля вяртання з Завідава, дзе Лукашэнка сустракаўся з Пуціным, прэзідэнт Беларусі нечакана заявіў аб будаўніцтве ў Калінінградскай вобласці свайго порту і арыентацыі туды беларускага экспартнага транзіту. Расійскія газеты пісалі, што гэта зроблена быццам бы ў абмен за падтрымку Масквой Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 году. Гэтую ідэю пачало актыўна рэкламаваць БТ. Хутка ў Мінск прыехаў губернатар Калінінградскай вобласці Ягораў, які сустрэўся з Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам, міністрам транспарту. Пачалі ездзіць дэлегацыі адзін да аднаго, весці перамовы, распрацоўваць бізнэс-планы, быў моцны піяр у СМІ.

Ці трэба казаць, што з гэтага ўсяго атрымаўся вялікі і гучны пшык, пасля выбараў усё спусцілі на тармазах. Трэба аддаць належнае, падобныя інсцэніроўкі беларускі бок ставіць досыць таленавіта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?