Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да арганізатараў трох інтэрнэт-магазінаў, якія ўваходзілі ў склад рэгіянальнага падраздзялення міжнароднай злачыннай арганізацыі.
Нагадаем, пра затрыманне арганізатараў інтэрнэт-гандлю і закладчыкаў следчыя органы аб'явілі ў лютым гэтага года. Кіраўніком і ідэйным натхняльнікам стварэння на тэрыторыі Беларусі рэгіянальнага падраздзялення з'яўляўся Юрый Зайцаў 1991 года нараджэння, які зараз знаходзіцца ў міжнародным вышуку.
Паводле інфармацыі следчых органаў, маладыя людзі, якія з'яўляліся кіраўнікамі Tobaccoshop, Zakупон.by, Go Daddy, займаліся распаўсюджваннем псіхатропаў праз інтэрнэт з 2013-га па 2014 год. У лютым 2014 года ў выніку атручэння псіхатропнымі рэчывамі, набытымі ў адным з названых магазінаў, у Мінску памёр падлетак 1998 года нараджэння.
Следчымі выяўленыя шматлікія эпізоды злачыннай дзейнасці інтэрнэт-магазінаў, прадухіленае распаўсюджванне больш як 36 кг псіхаактыўных рэчываў, 200 тысяч марак, частка з якіх ужо была апрацаваная спецыяльнымі рэагентамі і падрыхтаваная для продажу.
Устаноўлены канал пастаўкі псіхаактыўных рэчываў для гэтых інтэрнэт-магазінаў на тэрыторыю Беларусі, а таксама атрыманыя звесткі аб дзеянні злачыннай арганізацыі ў Казахстане, ва Украіне і ў Расіі.
Абвінавачанне выстаўленае пяці арганізатарам і чатыром закладчыкам. Дзеянні сямі фігурантаў кваліфікаваныя следчымі на падставе ч. 4 арт. 328 КК (незаконны абарот наркотыкаў), дзеянні яшчэ двух — на падставе ч. 4 арт. 328 і ч. 1 арт. 144 КК (прычыненне смерці па неасцярожнасці). Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Зайцава працягваецца.