Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 18 жніўня ў Мінску каля ЦУМа правёў пікет «Без свабоды слова няма сумленных выбараў!».

«Што мы бачым на афіцыйных тэлеканалах? Мы бачым дваццаць гадоў: адзін твар, адны вусы, адна пазіцыя. Там няма альтэрнатывы, там няма прамога эфіру, нібыта дзевяць з паловай мільёнаў грамадзян Беларусі — гэта аднадумцы, якія думаюць абсалютна аднолькава з Аляксандрам Лукашэнкам», — заявіў Лябедзька на пікеце.

На думку палітыка, беларускае тэлебачанне стала сінонімам такіх слоў, як «хлусня», «падман» і «паклёп».

На пікеце ў падтрымку незалежнай прэсы выкінулі ў сметніцу тэлевізар ФОТЫ

«Свабода слова абавязковы спадарожнік свабодных і сумленных выбараў, — кажа Анатоль Лябедзька. — Гэта тое, што спрэс адсутнічае ў Беларусі. Ужо аднаго гэтага дастаткова, каб не прызнаваць гэтыя выбары сумленнымі і справядлівымі».

«Больш за тое, у нас няма не толькі свабоды слова. У нас на радыё, тэлебачанні, дзяржгазетах суцэльны агітпром. У нас пераследуюць тых людзей, якія з'яўляюцца праваднікамі альтэрнатыўнай інфармацыі, журналістаў. Таму мы сёння зрабілі правільнае і патрэбную справу, нагадалі выбаршчыкам пра тое, што ў нас няма свабодных і сумленных выбараў. І мы выказалі нашу салідарнасць з тымі, хто дапамагае людзям атрымліваць дакладную і альтэрнатыўную інфармацыю», — цытуе палітыка сайт АГП.

Акрамя таго, Лябедзька выказаў салідарнасць з журналістамі незалежных выданняў, у прыватнасці з журналістамі-фрылансерамі, «якія і сёння праследуюцца, у дачыненні да іх фальсіфікуюцца адміністрацыйныя пратаколы».

Палітык прапанаваў прахожым падпісацца пад зваротам Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) у дзяржорганы адносна працы фрылансераў, якія праследуюцца за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Паводле слоў старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, гэта той зварот, які арганізацыя падрыхтавала больш за месяц таму. «Наш зварот ужо накіроўваўся ў шэраг дзяржаўных устаноў, і пакуль па яго сутнасці ніхто не адказаў. Суд накіроўвае ў пракуратуру, пракуратура — у міліцыю, міліцыя — у Мінінфарм», — сказаў Бастунец журналістам.

Як адзначыў кіраўнік БАЖ, з пачатку 2015 года арганізацыя зафіксавала 29 выпадкаў вынясення штрафаў журналістам-фрылансерам у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?