Жанр: баявік, камедыя, прыгоды
Рэжысёр: Гай Рычы
У ролях: Генры Кавіл, Армі Хамер, Алісія Вікандэр, Элізабет Дэбікі, Х'ю Грант, Лука Кальвані, Сільвестр Грот
ЗША, 116 хв.
Адзнака: 8

Пачатак 1960-х гадоў, разгар халоднай вайны. Напалеон Сола (Генры Кавіл) — агент ЦРУ, на рахунку якога велізарная колькасць паспяхова праведзеных аперацый. З ім можа параўнацца толькі адзін чалавек — самы малады і перспектыўны агент КДБ Ілля Куракін (Армі Хамер). Вымушана адклаўшы ў бок варожасць, яны аб'ядноўваюцца для супольнай місіі — спыніць міжнародную злачынную арганізацыю, якая імкнецца дэстабілізаваць далікатны баланс сіл, распаўсюджваючы ядзерную зброю. Адзіная зачэпка — дачка зніклага нямецкага навукоўца-ядзершчыка Габі (Алісія Вікандэр), які з'яўляецца ключом для пранікнення ў злачынную арганізацыю.

Новы фільм Гая Рычы («Карты, грошы, два ствалы» (1998), «Шэрлак Холмс» (2009)) заснаваны на аднайменным серыяле, які выходзіў у 1964—1968 гадах. Падзеі фільма адбываюцца праз год ці два пасля кубінскага ракетнага крызісу. Гэта арыгінальная гісторыя, якая не расказвалася ў серыяле.

Стужка адрозніваецца тонкім і дасціпным гумарам. «Самае лепшае ў гэтым фільме тое, што гэта не тыповая камедыя, дзе мы стараемся быць смешнымі. Проста ёсць сітуацыі, якія ў пэўным кантэксце здаюцца смешнымі», — расказаў Генры Кавіл пра сваю працу. Адначасова гэта і добрая камедыя, і захапляльны дэтэктыў, і выдатна стылізаваны шпіёнскі баявік.

Здымкі праходзілі ў Вялікабрытаніі і Італіі. Стужка старанна ўзнаўляе антураж 60-х: некаторыя касцюмы, выкарыстаныя ў фільме, на самай справе з'яўляюцца вінтажным адзеннем. Большасць трукаў Генры Кавіл і Армі Хамер выканалі самастойна.

***

The Man from U.N.C.L.E. — арыгінальная назва стужкі. «U.N.C.L.E.» абазначае «United Network Command for Law and Enforcement».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0