Беларуская дэлегацыя на Армейскіх гульнях.

Беларуская дэлегацыя на Армейскіх гульнях.

Армейскія міжнародныя гульні — своеасаблівая алімпіяда для вайскоўцаў, якую хоча «раскруціць» Расія. Каманды краін-удзельніц выконваюць вайсковыя задачы розных відаў. Усяго тых відаў было чатырнаццаць, а самым вядомым і папулярным конкурсам з’яўляецца «Танкавы біятлон», расейскае вынаходніцтва. Уласна з яго і пачалася гісторыя Армейскіх гульняў.

Такі біятлон

У 2013 годзе расійскія вайскоўцы правялі першыя спаборніцтвы па ім. Спаборніцтва нагадвае звычайны біятлон — толькі замест людзей танкі. Яны павінны пераадолець трасу ў 21 км з разнастайнымі перашкодамі, а таксама выканаць розныя віды стрэльбаў па мішэнях. Выйграе той, хто будзе першым на фінішы.

Відовішчнае спаборніцтва танкаў зрабілася папулярным у Расіі — яго транслююць па тэлебачанні, а каментуе спаборніцтвы знакаміты спартовы каментатар Дзмітрый Губерніеў. Сёлета ў расейцаў з’явілася ідэя правесці поўнамаштабныя вайсковыя гульні, якія прыцягнулі б не толькі танкістаў з розных краін, але і вайсковых спецыялістаў з іншых галін.

НАТА адмовілася

На Армейскіх гульнях спаборнічалі экіпажы баявых машын пяхоты (БМП-2) (іх праграма называлася, дарэчы, «Сувораўскі націск»), а таксама пілоты, марская пяхота, экіпажы караблёў, сапёры, дэсантнікі, разведчыкі, вайсковыя хімікі, аўтамабілісты, артылерысты, вайсковыя інжынеры і нават вайсковыя кухары.

Гульні праходзілі на 11 палігонах у трох расійскіх вайсковых акругах — Заходняй, Паўднёвай і Цэнтральнай. 57 камандаў прадстаўлялі 17 дзяржаў, сярод якіх, апроч гаспадароў, былі Беларусь, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Ангола, Венесуэла, Кувейт, Азербайджан, Сербія, Арменія, Нікарагуа, Індыя, Таджыкістан, Егіпет, Пакістан і Манголія.

Запрашэнні на турнір былі адпраўленыя 32 дзяржавам, сярод якіх былі і члены НАТА, але яны адмовіліся. Хаця Германія прысутнічала на спаборніцтвах у якасці назіральніка.

Расійская Федэрацыя выставіла свае каманды ва ўсіх чатырнаццаці відах спаборніцтваў, Кітай — у дванаццаці, а Беларусь — у дзевяці. Дарэчы, беларусы не ўдзельнічалі ў танкавым біятлоне. Як паведаміла крыніца «НН», беларускае вайсковае кіраўніцтва засталося незадаволеным папярэднімі выступамі танкавай каманды, таму вырашыла прапусціць гэты сезон, каб лепей падрыхтавацца да наступных, а таксама падрыхтаваць свае танкі для спаборніцтваў.

Кувейтцы перакулілі танк

«Танкавы біятлон» сабраў найбольш камандаў-удзельніц — трынаццаць. Яго фіналам, як самай відовішчнай і арганізаванай часткай, закрываліся спаборніцтвы.

Але і тут не абышлося без кур’ёзаў: падчас падрыхтоўчай часткі спаборніцтваў экіпаж з Кувейта перакуліўся ў танку, а літаральна за хвіліну да гэтага машына армянскага экіпажа стала ў час пераадольвання воднай перашкоды — рухавік сапсаваўся, атрымаўшы гідраўдар. Відэа гэтых «касякоў» хутка абляцела сеціва.

Кітайцы прывезлі сваю тэхніку

Сёлета амаль усе ўдзельнікі танкавага біятлона выступалі на аднолькавых танках — расійскіх Т-72Б3. Толькі кітайская каманда прывезла сваю тэхніку — танкі ZTZ-96A. Дарэчы, кітайцы выступалі на сваіх машынах і ў іншых спаборніцтвах, дзеля чаго прывезлі свае БМП WZ501, а таксама самалёты, бронетранспарцёры, самаходныя колавыя мінамёты-гаўбіцы, цягачы, інжынерную гусенічную бранятэхніку, разведвальныя хімічныя машыны, зенітна-ракетныя комплексы. Кітайцы былі жорстка скіраваныя на перамогу і звысок глядзелі на іншых удзельнікаў, кажуць сведкі. Што цікава, менавіта з-за кітайцаў быў зменены рэгламент конкурсу «Бяспечнае асяроддзе», бо іх машына хімічнай разведкі FZC02B папросту не адпавядала патрабаванням спаборніцтваў.

Трэцяе месца з трох

Беларуская каманда на Армейскіх міжнародных гульнях таксама выкарыстала тэхніку айчыннай вытворчасці. Напрыклад, цягачы «Волат» МЗКТ-500200 ад Мінскага завода колавых цягачоў, якімі карысталіся артылерысты. Паводле водгукаў, машыны паказалі сябе добра ў нязвыклых умовах. Беларускія лётчыкі таксама выступалі на сваіх самалётах.

Але нельга сказаць, што добрае знаёмства з тэхнікай, на якой праводзіліся спаборніцтвы, і адносная блізкасць Беларусі да палігонаў дамаглі нашым вайскоўцам. Канечне, трэцяе каманднае месца (пасля Расіі і Кітая) сярод 17 краін-удзельніц — вынік неблагі. Аднак толькі ў чатырох з дзевяці конкурсаў, у якіх удзельнічалі нашыя вайскоўцы, ім супрацьстаяла больш за два супернікі. Так, у спаборніцтвах артылерыстаў «Майстры супрацьпаветранага бою» нашыя байцы сталі другімі сярод шасці краін, у «Майстрах артылерыйскага агню» — трэцімі з пяці, а сапёры ў «Бяспечным маршруце» — трэцімі з чатырох. У спаборніцтве лётчыкаў-штурмавікоў нашым дасталося трэцяе месца з наяўных трох.

У астатніх конкурсах сітуацыя яшчэ горшая. На спаборніцтвы аўтамабілістаў, дэсантнікаў, разведчыкаў былі заяўленыя ўсяго па тры краіны-ўдзельніцы. І ні разу беларусы не здолелі падняцца вышэй за трэцюю пазіцыю. Толькі што нашы хімікі падзялілі другое месца з кітайцамі.Дык мо ўяўленне пра беларускае войска як пра адно з наймацнейшых — нацяжка?

Тролінг ад Шайгу

Падчас цырымоніі закрыцця гульняў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу падкрэсліў іх выключна мірны характар: «Мы чакаем у госці ўсіх. Усіх, хто прыйдзе да нас з мірам, усіх, хто прыйдзе да нас на такія спаборніцтвы. Мы вельмі хацелі б бачыць вас усіх менавіта тут, на гэтых палях спартыўных змаганняў, і ні на якіх іншых». Пасля Крыма і Данбаса гэтыя словы гучаць ці то як тонкая іронія, ці то як тлусты тролінг.

Дарэчы, па выніках турніра было абвешчана, што яго агульная аўдыторыя склала больш за 250 тысяч чалавек. Неблагі паказчык для першага раза. Але не ўражвае, калі параўнаць з затратамі Расіі на арганізацыю спаборніцтваў: гэта вельмі затратная цацка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?