За апошнія 10 гадоў школьнікі сталі часцей хварэць. Рост першасных захворванняў з 2005 года склаў 5,2%. Часцей дзеці да 14 гадоў сталі пакутаваць ад цукровага дыябету, атлусцення, хвароб вачэй, вуха і органаў дыхання. Пра гэта распавяла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава.

фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

— Нас радуе тое, што даюць вынікі меры прафілактыкі па паставе і зроку. Сітуацыя палепшылася, хоць па-ранейшаму нас турбуе. Напрыклад, па паказчыках мінулага года парушэнне вастрыні зроку назіраецца ў 9,6% дзяцей да 17 гадоў, а парушэнне паставы — у 5,6% вучняў.

Пры гэтым школьнікі сталі менш пакутаваць ад хвароб кроватворных органаў, нервовай сістэмы і сістэмы кровазвароту, расстройстваў паводзін, а таксама ад парушэнняў, звязаных з імунным механізмам.

Ала Малахава канстатуе: вучэбная нагрузка апярэджвае псіхолага-фізіялагічныя асаблівасці дзіцяці прыкладна на год-паўтара. Адна з прычын у тым, што цяпер усё больш дзяцей ідзе ў школу з шасці гадоў, а навучаюць іх па праграмах для сямігодак. Адыграў сваю ролю і пераход на пяцідзёнку, лічыць спецыяліст.

— Пры гэтым у шматлікіх падручніках матэрыял выкладзены вельмі складана, дзецям даводзіцца вучыцца з дапамогай бацькоў. Гэтую праблему трэба вырашаць, — лічыць Ала Малахава. — Таксама хацелася б, каб Міністэрства адукацыі ішло да таго, што дзецям не задавалі б хатніх заданняў.

Ала Малахава прывяла ў прыклад старшакласнікаў, якія займаюцца да 3-4 гадзін дня. А потым яшчэ робяць хатняе заданне. Па нарматывах гэта займае каля 2,5 гадзіны.

— Гэта шмат. У дзіцяці недастаткова часу, каб заняцца спортам, сваімі інтарэсамі, — упэўненая Ала Малахава. — Трэба павышаць эфектыўнасць адукацыі. Вы можаце сказаць, што гэта не зусім наша пытанне. Але мы лічым, што дзіця павінна максімальна атрымліваць усе на ўроку і было больш свабодным дома. Ёсць мноства методык для паляпшэння якасці адукацыі, якія дадуць магчымасць да гэтага прыйсці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?