19 жніўня Мінскі абласны суд вынес прыгавор па справе аб трайным забойстве ў Мачулішчах (Мінскі раён). 

Раней неаднаразова судзімы 30-гадовы жыхар Мінскага раёна прыгавораны да пажыццёвага зняволення з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі асобага рэжыму. Абвінавачванаму прызначаны меры прымусовай бяспекі і лячэння ад алкагалізму ў месцы адбывання пакарання. 

Дзяржабвінавачанне запытвала ў суда пакаранне ў выглядзе смяротнай кары. Магчыма, змякчэнне пакарання тлумачыцца ў прыватнай пастанове суда.

У ім звяртаецца ўвага начальнікаў УСК па Мінскай вобласці і Мінскага РУУС на парушэнні пры правядзенні расследавання крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. 

Паводле даных следства, абвінавачваны вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі ў канцы снежня 2013 года. 1 лістапада 2014 года зайшоў у дом да суседа 1965 года нараджэння, дзе сумесна з ім і яго сужыцелькай распіваў спіртныя напоі.

Падчас раптоўнай сваркі нанёс гаспадару дома і яго сужыцельцы шматлікія ўдары нажом у вобласць твару і шыі, прычыніўшы ім цялесныя пашкоджанні, якія пацягнулі смерць. Каб замесці сляды забойства, падпаліў дом.

У выніку пажару быў знішчаны і пашкоджаны будынак і яго маёмасць агульным коштам больш як 90 млн. рублёў. 

Пакідаючы месца злачынства, абвінавачваны ў двары дома пацярпелых сустрэў 57-гадовага аднавяскоўца. Каб пазбавіцца ад сведкі, спіхнуў яго ў бетонную яму глыбінёй больш як два метры.

У выніку падзення пацярпеламу былі нанесеныя шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх праз некалькі тыдняў ён памёр у бальніцы. 

За наўмыснае забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю, а таксама за наўмыснае забойства чалавека з мэтай утаіць іншае злачынства, учыненае асобай, якая раней учыніла забойства, судом магло быць прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 25 гадоў, ці пажыццёвае зняволенне, ці смяротная кара. Дзейным крымінальным заканадаўствам за наўмыснае знішчэнне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры, прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 10 гадоў. 

Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы праводзіла ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці. 

Дзяржабвінавачанне не выключае апратэставання прыгавору. Абвінавачваны можа абскардзіць рашэнне Мінскага абласнога суда ў Вярхоўным судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?