Чытаючы ў кавярні «Нашу Ніву»,
Ты думаеш, што ты ўжо дэмакрат.
І ты ад думкі, як віна, шчаслівы,
І каву п’еш, і душыш вінаград.
А за акном марозная завея,
Як ледзяшы, бялеюць ліхтары.
І кажаш, што ніхто не разумее
Цябе, і асабліва змагары.
Прагрукацеў трамвай, ізноўку ціша,
Нібыта прад сусветнаю зімой.
І поўня — неба зноў прагрызлі мышы —
Халодная, далёка прад табой.
І да сярэдзіны не дачытаўшы,
Кладзеш газету ў торбу, як крадзеш,
І за абслугу дзякуй не сказаўшы,
Зноў у зіму, як у Сібір, ідзеш,
Шкадуючы сябе, як пяць капеек,
Якія ты ў дзяцінстве дзесь згубіў.
І ніткі срэбныя трамвайных рэек
Праз снег іскрацца, каб ты іх любіў,
Што ёсць яны і ты па іх дадому
Вярнуцца можаш і зайсці ў свой свет,
І стрэсці снег з плячэй, нібы салому,
Прынёсшы «Ніву» з пахам цыгарэт…
17.08.2015