Ну вось, сябры мае, няма і больш ня будзе крамак duty free, якія гэтак любіў наш беларускі народ. Хаця прадаўшчыцам, бадай, было ўсё роўна ўжо. Гэткая ж некалі казырная праца была — у рэжымнай зоне, амаль што за мяжой. На ежджаным міжнародным шляху з савецкай зоны ў цяперашнюю шэнгенскую. Усё, фініта.

Сусед езьдзіў у нашую суседку паўночную якраз першага сакавіка, да якога яшчэ хай пуставалі, але з адчыненымі дзьвярыма замежнабутэлечныя крамкі. Кажа, да Новага году езьдзіў, цэлую гадзіну на фры‑шоп змарнавалі, поўны аўтобус быў. Цяпер жа ні чаргі, ні фры‑шопу, аўтобус напаўпусты, а стаялі амаль столькі ж на мяжы. Чаму? Ведаеш, кажа, нашаму прапаршчыку адным пальцам увагнаць у службовы кампутар усе пашпартныя дадзеныя — усё роўна, што дзялку з канём узараць.

Ну, а ў лабасаў, то, напэўна, як у палякаў — ручныя цуд‑машынкі —«падарунак Эўразьвязу», як напісана, усё хуценька? Ды ў іх тое ж самае, хоць прапаршчыкаў нашых няма. А гэта чаму? Чаму? Мабыць, праз гаў‑ць, адказвае. Гэта як? Ну што як? Я, канешне, пытаньня не задаваў, але ня першы раз назіраю. З аднаго боку заслужылі, згаджаецца сусед. Пагарду за напаўсвабоднае існаваньне… З другога, крадуць да сёньня гісторыю, карыстаючыся, што нас бальшавікі захапілі. Міцкевіч у іх літовец, Дастаеўскі, Сапега, Скарына, фантасмагорыя! Ня кажучы пра астатняе: закапаць дрэнь сваю ядзерную на мяжы нашай хацелі…

Мы нечакана адхіліліся ад тэмы, але я мусіў яго падтрымаць: а зараз ім «наш адказ Чамбэрлену!» — АЭС ў «Астравеччыну — край дарагі». Давялося суседа крыху супакоіць: я ў пашпарце таксама «Астравецас» быў, як Ленінас ці Сталінас. Галоўнае не ленавацца — «с» адсякаць і ўсё ў парадку будзе, спакойная галава. Думаецца, калі «Вітаўтас» чуе гэтае «‑ас», у труне торгаецца, непрывычна, мабыць, чалавеку. А Міцкевіч небарака затузаны ўвесь конча.

Але вернемся да нашай любімай мяжы, якая, традыцыйна, «на крэпкім замку». «Фры‑шопаў» больш няма, засталася толькі «бульба фры». Хоць нешта… Мядзьведзь у пушчы памёр, скасавалі штамп у пашпарце выязны! Але ніколі нічога бадай ня робіцца, каб стала лягчэй. І чую: міністар міліцэйскі тлумачыць, што некаторым на мяжы ад варот паварот, бо не пасьпелі з базы кумпатурнай выкасаваць, а павінны былі. А вы кажаце прапаршчыкі адным пальцам! Таму, гаворыць генэрал, у нас самаабслуга: перад выездам, трэба самому спраўджваць, ці няма цябе ў чорных сьпісах, паколькі, як у старой міліцэйскай песьні, некаторыя «не совсем в ладах с какими‑то моментами внутри страны».

Нагадаю зараз пра лебядзіны сьпеў памежных крамак: у ліпені ўказ быў —апячатаць на няпэўны час. Народ толькі аблізваўся, памятаецца, пазіраючы на паскі паперы зь ліловымі пячаткамі «для пакетаў». Зь 1 сьнежня іх нарэшце адчынілі на тры месяцы, але ў народу неўзабаве візы скончыліся. І зусім сьмешна выглядала нядаўна «урачыстасьць» на польскай мяжы: начальства сьвяткавала павелічэньне прапускной магчымасьці ажно ў пяць разоў. Ня супраць было мітынг наладзіць з прамовамі «мы доўга мучаліся», але не было каму пляскаць і больш ня будзе. І прапускаць застаецца хіба што вецер. Ура, таварышы!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?