Пяць выпускнікоў бакалаўрыяту Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) атрымалі прэстыжную Дзяржаўную стыпендыю на навучанне ў магістратуры. Пра гэта паведаміла Міністэрства асветы і навукі Літвы ў жніўні.

Міністэрства штогод прапануе грамадзянам краін Усходняга партнёрства і Цэнтральнай Азіі паўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне фінансавай падтрымкі для навучання ў магістратуры.

«Стыпендыя ад Літоўскага ўрада, якую я атрымала, вырашае абсалютна ўсе фінансавыя пытанні, звязаныя з магістратурай: грант пакрывае кошт навучання, выплачваецца штомесячная стыпендыя. Я вельмі радая, што існуюць падобныя праграмы, якія дапамагаюць матываваным студэнтам з Беларусі дасягаць сваіх мэтаў. Мне вельмі прыемна, што сярод стыпендыятаў Літоўскага ўрада, акрамя мяне, ёсць яшчэ і іншыя студэнты ЕГУ: на маю думку, гэта сведчыць пра добры ўзровень адукацыі нашых выпускнікоў», – цешыцца Яна Ляшковіч, студэнтка магістарскай праграмы ЕГУ «Гістарычная і культурная спадчына».

Конкурс па прадастаўленні Дзяржаўных стыпендый мае на мэце прыцягненне грамадзян краін Усходняга партнёрства і Цэнтральнай Азіі для навучання на магістарскіх праграмах ва ўніверсітэтах Літвы. Заяўкі адбіраюцца паводле крытэрыяў акадэмічнай паспяховасці, навуковых і творчых дасягненняў, валодання англійскай мовай, а таксама матывацыі будучых магістрантаў.

«Атрыманне гранта са стыпендыяй – гэта вялікі гонар, таму што такі конкурс дазваляе па-сапраўднаму, аб'ектыўна ацаніць свае здольнасці і добрыя якасці, зразумець, чаго ты насамрэч варты. Для мяне гэтая стыпендыя таксама вырашыла сур'ёзнае пытанне пра сумяшчэнне навучання і працы. Як мне здаецца, які б таленавіты і працаздольны ты ні быў, можна альбо выдатна вучыцца, альбо добра зарабляць. Спадзяюся, што магістратура ў ЕГУ дапаможа мне аб'яднаць мае ранейшыя навыкі і інтарэсы, і зараз дзякуючы стыпендыі я змагу засяродзіцца на паглыбленні сваіх акадэмічных ведаў, на творчасці, змагу нават дазволіць сабе нечуваную раскошу для нядаўняга выпускніка: абіраць тую працу, якая мне цікавая», – кажа Ксенія Шталенкова, студэнтка магістарскай праграмы ЕГУ «Культурныя даследаванні».

Сёлета лаўрэатамі Дзяржаўнай стыпендыі, якая цалкам пакрывае кошт навучання ў магістратуры, а таксама дае штомесячную стыпендыю на час навучання, сталі 5 выпускнікоў бакалаўрскіх праграм ЕГУ 2015:

  • Андрэй Вайтовіч, студэнт магістарскай праграмы ЕГУ «Публічная палітыка»;
  • Яна Ляшковіч, студэнтка магістарскай праграмы ЕГУ «Гістарычная і культурная спадчына»;
  • Лізавета Новікава, студэнтка праграмы ЕГУ «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза»;
  • Ксенія Шталенкова, студэнтка праграмы ЕГУ «Культурныя даследаванні»;
  • Аляксей Масцяпанаў, студэнт Юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?