Мінскае «Дынама» правяло першы матч раўнда плэй-оф футбольнай Лігі Еўропы. У Брэсце дружына Вука Рашавіча прымала аўстрыйскі «Рэд Бул».

Зрэшты, так госці называюцца толькі на ўнутранай арэне, а ў еўракубках ім даводзіцца выступаць пад назвай ФК «Зальцбург», каб не было рэкламы. Калі «Дынама» абыдзе аўстрыйцаў, то другі год запар зможа гуляць у групавым этапе Лігі Еўропы.

У Брэсце душэўна. Мабыць, гэта сапраўды аптымальнае месца для правядзення дынамаўскіх еўракубкавых матчаў. Дабрадушная публіка зладзіла на трыбунах сапраўдны біток. Такога б дакладна не было ў Барысаве, дзе распешчаная публіка не надта шануе прысутнасцю нават матчы зборнай, а што тады казаць пра канкурэнтаў з «Дынама». Пра дэпрэсіўную атмасферу мінскага «Трактара» ўжо столькі гаворана, што няма сэнсу паўтарацца. А ў Берасці публіка не распешчаная футбольнымі відовішчамі і цёплыя сяброўскія адносіны паміж клубамі шмат на што ўплываюць.

Плюс да ўсяго карціну выдатнага футбольнага вечара дапаўняла лагоднае летняе надвор’е. Не было спякотна, але і не холадна ў майцы і шортах. З трыбун стадыёна бачны і царква, і касцёл. Нават міліцыя падалася больш ветлівай, чым у Мінску ці Барысаве.

Людзі, што запоўнілі стадыён заўзелі самааддана і прыгожа. І гэта пры тым, што зноў не было фанацкага сектара, які працягвае байкатаваць гульні.

Адметна, што афішы да гульні дынамаўцы аформілі па-беларуску – «Застаўся апошні рывок». У гэтым плане ў мінчукоў ёсць чаму павучыцца.

Што тычыцца суперніка, то «Рэд Бул» – гэта дзейны чэмпіён Аўстрыі. Каманда яшчэ нядаўна гуляла ў Лізе чэмпіёнаў. І пачатак быў вельмі абнадзейваючы – перамога ў хатняй гульні над шведскім «Мальмё» з лікам 2:0. Аднак у гасцях аўстрыйцы былі бітыя 0:3. Увогуле каманда з Зальцбурга не вельмі ўпэўнена пачала сезон не толькі на еўраарэне, але і ва ўнутраным першынстве.

Усё гэта стварала спрыяльныя ўмовы для мінчукоў. Тым больш, «Дынама» цяпер набрала цудоўную хаду ў чэмпіянаце Беларусі, да БАТЭ застаецца ўсяго тры пункты. З іншага боку, паводле футбольных селекцыянераў, сумарная цана «Дынама» больш чым у чатыры разы ніжэйшая за «Рэд Бул».

Скажам шчыра, што ў першым тайме гледачы назіралі дастаткова панылы футбол. Каманды гулялі без варот, гэта значыць зусім не турбавалі галкіпераў. Было шмат барацьбы, але да ўдараў справа так і не даходзіла. Толькі напрыканцы тайма Фатас Бечырай мог адкрываць лік, аднак не паверыў свайму шчасцю, што мяч прыляцеў да яго паводле ўсіх правілаў і ніякім афсайдам там не пахла.

А ў пачатку другога тайма «Дынама» ўсё ж змагло забіць. Гэта серб Ненад Адамавіч, які літаральна перад гэтым з’явіўся на полі, прайшоў па левым фланзе ды навесіў у штрафную. Фатас Бечырай праскочыў міма мяча. Затое на месцы аказаўся Глеб Расадкін, малады форвард галавой накіраваў мяч у вароты «Рэд Була».

У Расадкіна ўваходзіць за правіла забіваць важныя для «Дынама» галы. Дзесяць дзён таму менавіта ён прынёс перамогу свайму клубу ў гульні з БАТЭ.

Пасля гэтага «Рэд Бул» быў вымушаны ісці наперад. У «Дынама» ж з’яўлялася магчымасць дзейнічаць на контратаках. У цэлым канцоўку гульні вастрэй правялі госці. Некалькі разоў гледачы з захапленнем гукалі прозвішча беларускага брамніка Гутара. Але сказаць, што аўстрыйцы былі вельмі блізкія да гола нельга.

А ў кампенсаваны арбітрам час Ненад Адамавіч падвоіў перавагу – 2:0.

Калі падводзіць рысу да гульні, то мінскае «Дынама» змагло выціснуць практычна ўсё з гэтага матча. Сухая перамога пакідае перад камандай выдатныя шанцы на працяг барацьбы. Па першай гульні цяжка сказаць за кошт чаго «Рэд Бул» збіраецца праходзіць далей.

Матч у адказ пройдзе 27 жніўня ў Зальцбургу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?