Рэжысэр Валер Мазынскі завяршыў здымкі фільма пра Кастуся Каліноўскага. Наперадзе — мантаж, бадай, самая складаная праца.

Мяркуецца, што цалкам праца над фільмам «Каліноўскі: апошнія дні. Спроба рэканструкцыі» будзе завершана да Новага году.

Валер Мазынскі для Радыё Свабода пагадзіўся распавесці пра некаторыя акалічнасці працы над фільмам.

— Сцэнар пісаў гісторык Зміцер Кузьменка, даволі малады чалавек, стваральнік адмысловага сайту «Свіслацкія аркушы» з разнастайнымі тэкстамі, прысвечанымі Кастусю Каліноўскаму. У яго ёсць праблема — ня можа размаўляць, толькі піша. Зміцер — чалавек непублічны, кніжнік. Але вельмі дасведчаны і таленавіты — скончыў універсітэт, выдаў кнігу паэзіі. Паколькі ён сур’ёзна займаецца Каліноўскім, я падбухторыў, як кажуць, яго на гэты сцэнар.

Ну, а назва… Было шмат варыянтаў, але пакуль спыніліся на такой: «Каліноўскі: апошнія дні. Спроба рэканструкцыі»

Каліноўскі зрабіўся ўжо іконай, бронзай — прынамсі, я так адчуваю. І не хацелася проста паўтарыць яшчэ раз тое, што даўно вядома, паказаць старыя дакументы (а новага асабліва нічога і не знаходзіцца). Праўда, некаторыя фотаздымкі будуць ўпершыню паказаныя.

Да прыкладу, знайшоўся здымак здрадніка, які выдаў месцазнаходжанне Каліноўскага — ягонага былога паплечніка Вітольда Парфіяновіча.

Цяжка акрэсьліць жанр фільму. Ён ня цалкам дакумэнтальны, хаця заснаваны на дакументальным матэрыяле, з элементамі рэканструкцыі.

Вяртаючыся да Каліноўскага — ужо было вядома, што параза. Чым кіраваўся гэты чалавек, які да апошняга хаваўся, хадзіў, праводзіў на Лукішкі сваіх сяброў, якіх вялі на павешанне, на расстрэл? За ім сачылі, ён ведаў пра тое, што яго ня сёння, дык заўтра зловяць. Але нікуды не з’язджаў, не эміграваў, як некаторыя… Чым кіраваўся гэты чалавек? Што за адказнасць была на ім? Вось мы і паспрабавалі паразважаць…

Прызнаюся, што праца над карцінай ішла цяжка. Пасля кожнай рэканструкцыі мы на тэатральнай сцэне працягвалі размовы, у нас узнікалі нейкія пытанні, перапісвалі сцэнар, бо імправізаваць можна было вечна…

Актораў задзейнічана шмат — каля 20 чалавек, бо там і салдат трэба было іграць, і ахоўнікаў, абслугу.

А ролю Кастуся Каліноўскага ў рэканструкцыях выконвае актор Раман Падаляка з Купалаўскага тэатру.

Мы не дамагаліся абсалютнага падабенства. Чаргуем размовы, развагі, як гэта было, нашы погляды і меркаванні з рэканструкцыямі.

Фільм толькі пра апошнія дні Кастуся Каліноўскага, пачынаючы з яго арышту, і ўвесь час ён знаходзіцца, так бы мовіць, побач з расейскай уладай. Сваіх там нікога няма. Ніхто з ім не сустракаецца.

Здымалі шмат дзе — і ў Мінску, і ў Івянцы, і ў Гальшанах, і ў Барунах.

Дзея адбываецца ў Вільні, у кляштары дамініканцаў, які падчас задушэння паўстання 1863 году быў перароблены пад турму, і дзе Кастусь Каліноўскі ўтрымліваўся перад выкананнем смяротнага прысуду. Але сёння Дамініканскі кляштар мае ўжо ня той выгляд. Так што ў Вільні не здымалі. Нам давялося шукаць па Беларусі падобныя месцы.

І асноўныя здымкі адбываліся ў Барунах, гэта таксама святое месца, знакаміты кляштар, які зараз знаходзіцца ў страшэнным заняпадзе. Толькі крыху прыбралі там і здымалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0