Сёння усё больш папулярнай робіцца дастаўка ежы. У інтэрнэце з'явілася дастаўка дранікаў і іншай беларускай кухні — edraniki.by.

Сайт зроблены даволі эрганамічна і на беларускай мове. Можна замовіць ежу як на сайце, так і па тэлефоне. 

У меню ёсць як дранікі, так і іншыя прысмакі. Тут ёсць і дранікі са свінінай, вегетарыянскія з гароднінай і сырам фета, грудзінкай і грыбамі. У астатнім гэта салаты, бульба рознага смажання і напоі. Прычым акрамя сусветных Сoca-Cola, Fanta, ёсць і бярозавік. Ну што ж, пратэсціруем.

Служба дастаўкі працуе з 11:00 па 22:30 штодзённа. Для таго каб вам ператэлефанавалі, на сайце трэба пакінуць імя і кантактны мабільны нумар. Трэба падкрэсліць, што пры гэтым не абавязкова рэгістравацца на сайце. Пасля таго, як пакінулі нумар, на сайце напішуць, што запыт зарэгістраваны і чакаць тэлефанавання трэба на працягу 15 хвілін.

Ператэлефанавалі ўжо праз хвіліну. Дзяўчына размаўляла па-руску, але цалкам разумела, што ад яе хочуць па-беларуску. Мы замовілі:

  • Дранікі з грудзінкай ды грыбамі (93 000 б.р.)
  • Бульба па-вясковаму (22 000 б.р.)
  • Соус Heinz сырны (7 000 б.р.)
  • Салата з агародніны па-вясковаму (35 000 б.р.)
  • Бярозавік з чарніцамі (15 000 б.р.)

Карацей, стандартны набор беларускай ежы, акрамя соусу, канечне. Усё гэта разам каштавала 172 000 б.р. Дастаўка ежы ў eDranik бясплатная, але мінімальная сума замовы складае 160 000 б.р. Таму хочаш не хочаш, а на 160 тысяч прыйдзецца чагосьці набіраць. Таму лепей замаўляць у гасцях ці з сябрамі: там і менш зможаце ўзяць, і танней вам абыдзецца.

Прывезці абяцалі максімум праз 1 гадзіну 10 хвілін. Пакуль гатуецца і едзе ежа, можна пачытаць артыкул Змітра Дашкевіча пра беларускую мову ў кавярнях.

Ад тэлефанавання да дастаўкі ежы прайшло ўсяго 38 хвілін, як ужо кур’ер грукае ў дзверы. Прыемны хлопец усходняга выгляду прывёз два пакеты, з якіх ішоў дужа смачны пах. Хлопец быў у вышымайцы ад symbal.by. Разлічыўшыся, ён пажадаў «пріятного аппетіта» і пабег.

І тут першая праблема: у замове адсутнічаў бярозавік, за які грошы былі аддадзеныя, не было чэку, а замест сырнага соусу Heinz паклалі дзве смятаны.

Мы патэлефанавалі ў call-цэнтр, дзяўчына выбачылася і паабяцала вярнуць кур'ера ў вышымайцы. Праз 20 хвілін кур’ер вярнуўся, папрасіў прабачэнні за нязручнасці, аддаў бярозавік і чэк. Час затэсціць ежу.

Салата

Салата аказалася свежай. Складалася ўражанне, што бабуля вось толькі нарвала гародніны з агароду і змяшала гэта ўсё ў адну талерку. Такі лёгкі, летні кактэйль з гародніны. У складзе памідоры, агуркі, кроп ды радыска. Добрае выйсце для тых, хто на дыеце. Але радысу было зашмат, што рабіла страву гаркавай.

Дранікі з грудзінкай ды грыбамі

Дранікі заліковыя. Але зусім нязручны посуд прыдумалі да іх. Скажыце, ну хто кладзе дранікі ў скрыню для кітайскай локшыны? Калі ясі, там з дранікаў каша робіцца.

А так, калі не заўважаць гэты факт, то смак вельмі прыстойны. Усё прасмажана, як быццам гатавалася ў вясковай печы. Гарніру было дастаткова. Спалучэнне грыбоў, шынкі, цыбулі і нейкага соусу давала цудоўны пах і смак.

Бульба па-вясковаму

7 кавалкаў бульбы ў невялічкай пушцы. Па сутнасці, нічым не розніцца ад бульбы ў мінскіх фаст-фудах. Сырнага соусу так і не далі, таму будзем есці са смятанай. Зразумела, што лепей недасаліць, чым перасаліць, але гэтыя кухары дакладна ніколі не закахаюцца. Солі не было ні грама. Хаця мо каму і падабаецца. Карацей, на аматара.

Пасля трэцяга кавалка бульбы становіцца суха ў горле, нават са смятанай. Таму абавязкова трэба, каб у вас было нешта пад рукой папіць. Але калі есці разам з салатай, то магчыма будзе не так уж і кепска.

Бярозавік з чарніцамі

Пасля такой ежы са стоадсоткавай верагоднасцю вам захочацца піць. EDranik прапаноўвае тры віды бярозавіку: звычайны, з чарніцамі і з шыпшынай. Што з сябе ўяўляе бярозавік з чарніцамі? На пах і смак не адчуць гэтых чарніц, але адчуць сапраўдны смак бярозавага соку. Карацей, на запіць вам хопіць.

Вердыкт

Намаганні eDraniki вельмі крэатыўныя, але ім ёсць над чым працаваць.

Калі вам моцна захочацца дранікаў у офісе — замаўляйце. Смачна есці!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?